Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 красавіка 2024, 16:31

Вывучэнне прыродных і тэхнагенных з'яў. Вучоныя БДУ аб навуковым эксперыменце беларускага касманаўта

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі касманаўт Марына Васілеўская правяла на Міжнароднай касмічнай станцыі навуковы эксперымент, распрацаваны вучонымі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.

Распрацоўкай эксперымента займаліся вучоныя НДІ прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі БДУ.

"Размова ідзе пра касмічную місію першай жанчыны-касманаўта ў гісторыі суверэннай Беларусі Марыны Васілеўскай, якая прыбыла 25 сакавіка на МКС. Усяго праграма дванаццацідзённага палёту беларускі ўключала два грамадска-адукацыйныя і пяць навукова-даследчых эксперыментаў. Адзін з іх - касмічны эксперымент па даследаванні зямной паверхні, вывучэнні працэсаў і наступстваў прыродных і тэхнагенных з'яў і катастроф. У лік асноўных этапаў эксперымента ўваходзілі маніторынг сельскагаспадарчых і лясных  угоддзяў беларускага Палесся, ацэнкі іх стану і ступені забруджанасці", - расказалі ў прэс-службе.

Пры выкананні эксперымента выкарыстоўвалася навуковая апаратура таксама распрацоўкі супрацоўнікаў НДІ ПФП імя А.Н. Сеўчанкі.

"Гэты комплекс складаецца з відэаспектральнай сістэмы (ВСС) і платформы яе навядзення "СОВА". ВСС уяўляе сабой здымачнае абсталяванне для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу шляхам атрымання каляровых лічбавых фотавыяў аб'ектаў зямной паверхні і іншай спектральнай інфармацыі. Работа гэтага апарата дае магчымасць сачыць за экалагічнай сітуацыяй на назіраемых тэрыторыях і стан атмасферы над імі, выяўляць тэхнагенныя выкіды прамысловых прадпрыемстваў, сачыць за змяненнямі расліннага покрыва ў наваколлі гарадоў і зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, у задачы ВСС уваходзіць выяўленне неспрыяльнага антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і фіксаванне ачагоў узгарання ў лясных масівах. Апаратура размешчана на ілюмінатарах МКС з мэтай назірання за зямной паверхняй і правядзення здымкі. Менавіта для аўтаматызацыі гэтага працэсу быў распрацаваны комплекс "СОВА", прызначаны для дыстанцыйнага кіравання здымачнымі ўстройствамі ВСС без удзелу аператара. Так, касманаўт атрымлівае з Зямлі файл са спісам задач і загружае яго ў праграму кіравання сістэмы "СОВА", якая сама разлічвае траекторыю МКС, час здымкі і вуглы навядзення на аб'екты, паварочвае здымачную апаратуру, дае каманду на здымку і ўтрымлівае аб'ект у полі зроку", - праінфармавалі ў ВНУ.

У ходзе эксперымента былі атрыманы даныя па стане і экалагічнай сітуацыі ў беларускіх рэгіёнах, што дасць магчымасць у бліжэйшым будучым пабудаваць тэматычныя карты знятых тэрыторый, абнавіць базы даных, спрагназаваць наступствы прыроднага, антрапагеннага і тэхнагеннага ўплываў, выпрацаваць меры па іх устараненні і прадухіленні.

"Таксама ў рамках эксперымента Марына Васілеўская пратэсціравала навуковае абсталяванне для далейшай карэкціроўкі параметраў здымачнай апаратуры і методык яе навядзення з дапамогай комплексу "СОВА". Вынікі касмічнага эксперымента будуць выкарыстаны профільнымі міністэрствамі Беларусі", - дадалі ў прэс-службе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі