Сцяг Панядзелак, 20 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 студзеня 2025, 16:50

Вытворчасць сыроў з белай цвіллю наладзілі ў Вілейцы

20 студзеня, Вілейка /Кар. БЕЛТА/. Унікальны для рэспублікі праект па вытворчасці сыроў з белай цвіллю ў рамках праграмы "Адзін раён - адзін праект" рэалізавалі ў Вілейцы, на вытворчым участку ААТ "Мінскі малочны завод нумар 1", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У адкрыцці новай вытворчасці прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын, перарэзаўшы сімвалічную чырвоную стужку.

"Мы прайшлі складаны шлях і спадзяёмся, што нашы любімыя спажыўцы па заслугах ацэняць наш новы прадукт і ён зойме сваё пачэснае месца на стале кожнага беларуса. Магутнасць вытворчасці - 3 т за суткі, 90 т - за месяц. Цяпер мы плануем адпрацаваць тэхналогію сыру камамбер, у далейшым у нас у планах выпуск сыру бры і, магчыма, яшчэ нейкіх іншых варыянтаў, якія прыдумваюць нашы тэхнолагі", - адзначыла генеральны дырэктар Мінскага малочнага завода нумар 1  Тамара Чычыра.
 
Кіраўнік холдынга адзначыла, што на вытворчы ўчастак будзе паступаць малако з малочна-таварнага комплексу, які быў пабудаваны ў Любані ў мінулым годзе. Патрэбнасць у малацэ за суткі на вытворчасць сыру з белай цвіллю складае 24 т.
 
Для ганаровых гасцей прадпрыемства Тамара Чычыра правяла экскурсію па вытворчасці і азнаёміла са стадыямі складанага працэсу.
 
Вілейскі ўчастак спецыялізаваўся на выпуску масла, сыраквашы, смятаны, тварагу, сырковай масы. З 2022 года пасля далучэння да ААТ "Мінскі малочны завод нумар 1" з'яўляецца вытворчым участкам.

Сёння тут выпускаюць фасаванае і вагавое масла (у тым ліку безлактознае), вагавы тварог і тэхнічны казеін. Інвестыцыйны праект па вытворчасці сыру Camembert з белай цвіллю з'яўляецца ўнікальным для Беларусі, паколькі да гэтага часу ў рэспубліцы вытворчасць сыру з белай цвіллю ў прамысловых аб'ёмах адсутнічала. Рэалізацыя праекта дазволіць развіць айчыннае сыраробства і вырабляць запатрабаваны імпартазамяшчальны і экспартна арыентаваны прадукт.

Праект рэалізоўваўся з 2022 па 2024 год. Вытворчая магутнасць участка па сырах - 90 т за месяц, магутнасць участка па перапрацоўцы малака за суткі з улікам рэалізацыі праекта - 170 т за суткі. Да 90 працэнтаў прадукцыі плануецца  пастаўляць на экспарт - у РФ, Казахстан, Грузію, Азербайджан, Арменію, Узбекістан, Туркменістан і інш. На прадпрыемстве створана больш за 40 новых рабочых месцаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі