Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 снежня 2020, 14:36

Вытворчасць расійскай вакцыны ў Беларусі плануюць пачаць у другім квартале 2021 года

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворчасць расійскай вакцыны ў Беларусі плануюць пачаць у другім квартале 2021 года. Аб гэтым расказаў сёння журналістам генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Кіруючая кампанія холдынга "Белфармпрам" Сяргей Казакевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца лакалізацыі вытворчасці (замежнай вакцыны ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), гэты этап сёння знаходзіцца ў даволі сур'ёзнай ступені прапрацоўкі. Мы плануем, што вытворчасць будзе арганізавана ўжо ў 2021 годзе на некалькіх пляцоўках і працэс вакцынацыі будзе весціся ў тым ліку з выкарыстаннем вакцыны, вырабленай у Беларусі", - расказаў Сяргей Казакевіч.

Паводле яго слоў, для вытворчасці вакцыны (хутчэй за ўсё, гэта будзе расійская "Спадарожнік V") будуць задзейнічаны дзве пляцоўкі "Белмедпрэпаратаў" у Мінску і магутнасці віцебскага прадпрыемства "БелВітуніфарм". "Гэтыя тры пляцоўкі пачнуць работу адна за адной. Я планую, што адна пачне працаваць недзе ў другім квартале, наступная павінна пачаць працаваць па выніках трэцяга квартала, трэцяя - да канца года", - растлумачыў дырэктар холдынга.

Сяргей Казакевіч адзначыў, што беларускія фармацэўтычныя прадпрыемствы раней не займаліся прамысловай вытворчасцю вакцын, таму іх давядзецца аснашчаць новым абсталяваннем. "Мы ўдзячны нашым расійскім партнёрам за тое, што яны разам з намі ўступяць у гэтыя праекты. Мы атрымаем вопыт, тэхналогіі і ў далейшым зможам рэалізоўваць больш маштабныя праекты ў гэтай сферы", - дадаў ён.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння правёў нараду па пытаннях распрацоўкі і вытворчасці ў краіне вакцын ад каранавіруса. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вытворчасць імуналагічных прэпаратаў такога ўзроўню - абсалютна новая для Беларусі задача, але патэнцыял у айчынных вучоных ёсць. "Ёсць вучоныя, ёсць напрацоўкі, ёсць школа - трэба гэтым займацца", - падкрэсліў ён.

"Аднак незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала: краіна будзе забяспечана вакцынай і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у першую чаргу будуць прышчэплены пажылыя людзі, медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю. "Для гэтага мы заўсёды знойдзем сродкі, і абавязаны гэта зрабіць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі