Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 ліпеня 2020, 16:36

Вытворчасць, дарогі і жыллё - Сергяенка правёў прыём грамадзян у Шаркаўшчыне

8 ліпеня, Шаркаўшчына /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. З пытаннямі стварэння вытворчасці, рамонту дарог і дапамогі ў рэканструкцыі жылля звярталіся сёння жыхары Шаркаўшчынскага раёна да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі ў час прыёму грамадзян у райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першымі на прыём звярнуліся два інвестары. У Шаркаўшчыне яны хочуць адкрыць домабудаўнічы камбінат. Ужо куплена пляцоўка і будынак пад вытворчасць. Праект амаль гатовы. На заводзе плануюць працаўладкаваць 50-60 чалавек. "Тэхналогія вытворчасці каркасных дамоў, па якой будзем працаваць, у краіне яшчэ не выкарыстоўваецца. Гэта першы этап у развіцці бізнесу. У планах у нас тут інжынірынгавы цэнтр, вытворчасць будзе пашырацца пасля навучання для прадпрыемства спецыялістаў", - расказалі бізнесмены.

У іх гатовы бізнес-план, створаны праекты дамоў, прапрацаваны рынкі за мяжой. Інвестары просяць дапамогі ў дадатковым фінансаванні і выдзяленні сродкаў з інвестфонду аблвыканкама. Але праблема ў тым, што з гэтай крыніцы грошы можна атрымаць на куплю абсталявання, а яны патрэбны на будаўніча-мантажныя работы. Усе пазыкі пасля запуску вытворчасці інвестары абяцаюць паступова вярнуць. Ігар Сергяенка адзначыў, што пытанне разгледзяць з прыцягненнем спецыялістаў і дадуць адказ. "Тэма важная. Ствараюцца рабочыя месцы, таму ў рамках закона дапаможам вам", - сказаў ён.

Жыхарка аграгарадка Лужкі звярнулася з асабістым пытаннем. Жанчына раней атрымлівала крэдыт на рэканструкцыю дома, цяпер ёй зноў патрэбны грошы на гэтыя ж мэты. Але згодна з законам двойчы выдаваць такі крэдыт нельга. "Разбяромся з вашай справай. Для гэтага і існуюць прыёмы, каб у такой нестандартнай сітуацыі знаходзіць рашэнні", - заўважыў Ігар Сергяенка.

Звярталіся людзі і з просьбай адрамантаваць дарогі. Жыхар вёскі Сталіца ад імя вяскоўцаў прасіў заасфальтаваць гравійную дарогу Германавічы - Прамяны даўжынёй 2,5 км. Узнімалася пытанне рамонту дарогі да могілак у аграгарадку Вялікае Сяло. Гэта палявая дарога, у непагоду па ёй ні прайсці ні праехаць. У бліжэйшы час яе прывядуць у парадак. У першым выпадку работы спатрэбяцца больш маштабныя, таму ў наступным годзе маюць намер пачаць распрацоўку неабходнай дакументацыі.

На прыём да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуліся больш за дзесяць чалавек. Прасілі ў тым ліку дапамагчы вярнуць пазычаныя нядобрасумленнаму знаёмаму грошы і прыцягнуць яго да адказнасці, урэгуляваць зямельную спрэчку. Закраналіся пытанні павелічэння магутнасці мясцовых электрасетак для ацяплення і гарачага водазабеспячэння з дапамогай электрычнасці ў прыватных дамах, выданні кнігі. Усе пытанні ўзяты на кантроль.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Ігар Сергяенка адзначыў, што Адміністрацыя Прэзідэнта прадаўжае праводзіць прыёмы грамадзян. У бягучым годзе прадстаўнікі маюць намер наведаць усе раёны Беларусі. "Прыём у Шаркаўшчыне паказаў, што райвыканкам прымае меры па вырашэнні надзённых жыццёвых праблем жыхароў. Сёння прыём атрымаўся разнапланавым, агучваліся тэмы развіцця бізнесу, асфальтавання вуліц, выдзялення крэдытаў для рамонту жылля, энергазабеспячэння. Частка пытанняў вырашалася на месцы, іншыя яшчэ будуць вывучацца", - расказаў Ігар Сергяенка.

Ён нагадаў, што нядаўна кіраўнік дзяржавы падпісаў распараджэнне аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. Сённяшні прыём у Шаркаўшчыне паказаў своечасовасць такога дакумента, паколькі ў зваротах людзей гучалі прапісаныя ў ім тэмы.

Сёння Ігар Сергяенка наведае таксама Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, дзе азнаёміцца з работай прадпрыемства і планамі яго развіцця.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі