Сцяг Чацвер, 11 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 верасня 2025, 12:40

Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана прадставілі ў Віцебску

3 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Адзенне, абутак, прадукцыя мясной і малочнай прамысловасці і іншыя тавары прадставілі на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, якая праходзіць у рамках III Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На прэзентацыйных пляцоўках вядучыя прадпрыемствы дзвюх краін прадэманстравалі сваю прадукцыю: абутак, адзенне, тэкстыль, малочную прадукцыю, уключаючы сыры, разнастайныя мясныя далікатэсы, кадытарскія вырабы, хлеб, у тым ліку знакаміты віцебскі "Каравай Прыдзівіння", якім сустракаюць урадавыя дэлегацыі. Таксама наведвальнікі выстаўкі азнаёміліся з асартыментам бытавой тэхнікі, матацыклаў і веласіпедаў, медыцынскага абсталявання, ювелірных вырабаў.
Працавалі тут і пляцоўкі прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ). Паводле слоў старшыні ДКНТ Таццяны Сталяровай, у экспазіцыі прадстаўлены 55 распрацовак арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ. Напрыклад, нізкалактозныя і безлактозныя малочныя прадукты, мікробны прэпарат для комплекснай ачысткі сцёкавых вод для птушкаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
Шырока была прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў Узбекістана: фрукты, ягады, сухафрукты, арэхі, сокі, фармацэўтычныя тавары, адзенне і тэкстыльныя вырабы, абутак, галаўныя ўборы, посуд, дываны і сувеніры з нацыянальнай сімволікай, бытавая тэхніка. Акрамя таго, для гасцей прэзентацыйнай пляцоўкі арганізавалі дэгустацыйную зону, дзе частавалі смачным узбекскім пловам і праснакамі.
Наведвальнікам выстаўкі прэзентавалі часовую экспазіцыю "Сыны Узбекістана ў баях за Беларусь". Яе сабралі з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пры ўдзеле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", Нацархіва Беларусі, Беларускага дзяржархіва кінафотафонадакументаў, Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны больш за тысячу воінаў, прызваных з Узбекістана, загінулі на тэрыторыі нашай краіны. Сярод 1,6 тыс. вызваліцеляў Беларусі, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, былі і 32 ураджэнцы Узбекістана. Перамога ў той кровапралітнай вайне стала вынікам неймаверных намаганняў прадстаўнікоў 15 нацыянальнасцей, і ў Сінявокай пра гэта помняць і перадаюць гэту памяць маладому пакаленню.-0-
Фота Віталя Піваварчыка, Аляксандра Хітрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі