Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 студзеня 2023, 17:53

Выстаўка "Беларусь інтэлектуальная" за два месяцы аб'едзе ўсе абласныя цэнтры

30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Беларусь інтэлектуальная" за два месяцы аб'едзе ўсе абласныя цэнтры. Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык у прэс-цэнтры БЕЛТА.

Напярэдадні Дня беларускай навукі па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў Мінску была арганізавана маштабная выстаўка "Беларусь інтэлектуальная". Там былі прадэманстраваны найноўшыя распрацоўкі і дасягненні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, арганізацый іншых ведамстваў, у тым ліку міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, прамысловасці, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

"Прынята рашэнне прадаўжаць, каб з дасягненнямі навукі маглі азнаёміцца і рэгіёны. Згодна з планам мы павінны за два месяцы аб'ехаць усе нашы абласныя цэнтры. Мы ўжо правялі папярэднюю нараду з уладамі абласцей, вывучаем сітуацыю, наяўнасць памяшканняў. Хачу адзначыць, што на выстаўцы ў рэгіёнах будуць прадстаўлены асобным сектарам дасягненні канкрэтнай вобласці. Думаю, гэта будзе выдатным дапаўненнем", - сказаў Сяргей Чыжык.

Першая кропка - Гомель, далейшы маршрут пакуль не вызначаны. "Думаю, усё будзе праходзіць 3-4 дні ўключаючы выхадныя, гэта значыць чацвер-нядзеля або пятніца-нядзеля, у залежнасці ад сітуацыі, магчымасцей і пажаданняў абласцей. 13 лютага пачынаем завозіць экспазіцыю ў Гомель", - адзначыў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН.

Экспазіцыя арганізавана па розных кластарах. У іх ліку - штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты; абараназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора маладзёжных ініцыятыў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі