Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 снежня 2019, 15:48

Выручка здраўніц Беларусі расце не на шкоду сацпраграмам - Балбатоўскі

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2019 годзе прагназуецца павелічэнне ў параўнанні з мінулым годам асноўных паказчыкаў дзейнасці санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый Беларусі, пры гэтым выконваюцца ўсе дзяржаўныя сацыяльныя праграмы. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ужо цяпер рэспубліканскі цэнтр праводзіць папярэднія вынікі года. "Сістэма ў 2019 годзе адпрацавала стабільна. Быў устойлівы попыт на аздараўленчыя паслугі як сярод насельніцтва нашай краіны, так і замежных гасцей. Паводле папярэдніх даных, па выніках года пройдуць аздараўленне і лячэнне больш як 1360 тыс. чалавек. З іх больш за 790 тыс. - за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Амаль 580 тыс. пуцёвак будзе рэалізавана ў свабодным продажы юрыдычным і фізічным асобам, - сказаў Генадзь Балбатоўскі. - Прыкладна 60 працэнтаў у свабодным продажы выкупляецца нашымі грамадзянамі".

Пры гэтым з бюджэту на выкананне сацыяльных праграм было выдзелена больш за Br200 млн, што дало магчымасць закупіць неабходную колькасць пуцёвак з улікам канкурэнтных таргоў (дарэчы, на 2020 год сума яшчэ вышэйшая - Br225 млн). У прыярытэце, вядома, дзеці: усяго аздаровіцца каля 720 тыс. чалавек (з улікам зімовых канікулаў), на гэтыя мэты пойдзе 80 працэнтаў выдзеленых грашовых сродкаў. Яшчэ прыкладна па 25 тыс. пуцёвак выдзяляецца працуючым і непрацуючым грамадзянам. Астатняя частка пуцёвак прадастаўляецца на аздараўленне дзяцей-інвалідаў і маці з дзецьмі.

Чарга чакання пуцёвак для пенсіянераў у ранейшыя гады складала каля 10 гадоў, але сёння забяспечваецца стандарт: інваліды першай і другой груп атрымліваюць пуцёўкі раз у два гады, людзі з больш лёгкай паталогіяй і непрацуючыя пенсіянеры - раз у тры-чатыры гады. Поўнасцю закрываецца патрэбнасць у санаторна-курортным лячэнні (па заяўках усіх камісій па аздараўленні), падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. На наступны год, каб зняць чарговасць для непрацуючых грамадзян, цэнтр закупіў на 1,5 тыс. пуцёвак больш.

Для працуючых грамадзян, інвалідаў трэцяй групы і пенсіянераў працэнт аплаты пуцёўкі залежыць ад велічыні іх даходаў у параўнанні з сярэднямесячнай зарплатай па рэспубліцы за папярэдні месяц. Дзеці, у тым ліку пацярпелыя ад наступстваў аварыі на ЧАЭС, і інваліды першай і другой груп аздараўляюцца бясплатна.

У мінулым годзе ў свабоднай рэалізацыі прадастаўлялася 578 тыс. пуцёвак "Выручка ад рэалізацыі, мы плануем, будзе павялічана больш як на 12 працэнтаў і перасягне Br456 млн", - дадаў Генадзь Балбатоўскі. У цэлым усе эканамічныя паказчыкі будуць палепшаны, гэта датычыцца таксама экспарту і дадатковых платных паслуг.

Цана пуцёўкі, набытай Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па конкурсе, заставалася нязменнай на працягу года і складала каля Br36 - гэта кошт аднаго ложка-дня ў стандартным двухмесным нумары. Рост цаны пуцёўкі ў свабоднай рэалізацыі аказаўся таксама нязначным: у 2017 годзе цана складала амаль Br51, у 2018-м - Br54,94, бягучым - Br57,6.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі