Сцяг Аўторак, 24 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 мая 2025, 10:05

"Вырашыў напісаць асабіста Прэзідэнту". Як невідушчы 20-гадовы артыст папоўніў рады Узброеных Сіл

Фота "Ваяр"
Фота "Ваяр"
У пачатку мінулага года Данііл Савеня стаў знакамітым, перамогшы ў трэцім сезоне тэлешоу "Фактар.BY". А ўжо ў верасні 2024-га здзейснілася яго вялікая мара, у якую мала хто верыў: невідушчага артыста прынялі на службу па кантракце ў армію - у Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. Магчыма, камусьці здаецца, што 20-гадоваму Даніілу ўсё даецца лёгка, але толькі ён сам ведае, колькі штодзённай карпатлівай працы ў гэта ўкладзена. Мы пагаварылі са спеваком пра галоўныя урокі "Фактара.BY", сапраўдны матыў стаць ваенным і адзіноту на сцэне.

"Маці настройвала, што я павінен займацца чымсьці значным"

Данііл з'явіўся на свет у пасёлку Чырвоная Слабада Салігорскага раёна ў 2004 годзе, і ўжо праз тры месяцы бацькам паведамілі: сын сур'ёзна хворы. Ракавая пухліна - білатэральная рэцінабластома - пашкодзіла сятчатку абодвух вачэй. На жаль, нават два курсы хіміятэрапіі не змаглі іх выратаваць. Так Данііл страціў зрок.

- Мы пераехалі ў Слуцк. Там я трапіў у дзіцячы сад, дзе была эксперыментальная інклюзіўная група. Музычны кіраўнік, напэўна, заўважыла ў мяне нейкія здольнасці, таму пачала прыцягваць спачатку на ранішнікі, потым і на іншыя выступленні. У выніку ў пяць гадоў я ўжо трапіў на вялікую сцэну, але не як канкурсант - гэта быў рэспубліканскі фестываль "Вясёлкавы карагод". А ў вялікіх конкурсах пачаў удзельнічаць з класа шостага Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната. У мяне якраз у гэты час ішла мутацыя голасу, было вельмі некамфортна з-за шокавага стану звязак. Давялося змяніць не толькі тактыку вывучэння вакалу, але і педагога, - успамінае спявак.

Так ён трапіў да Алены Віктараўны Атрашкевіч, з якой супрацоўнічае да гэтага часу. Менавіта яна праз некалькі гадоў прапануе Даніілу паўдзельнічаць у праекце "Фактар.by", а ён нечакана для сябе пагодзіцца. Але перад тым як стаць пераможцам тэлешоу, пройдзе шлях даўжынёй некалькі гадоў.

- Да заканчэння школы я быў удзельнікам многіх конкурсаў і фестываляў, у тым ліку вядомых, накшталт "Белага кія", што арганізуе Дзіяна Гурцкая, і "Маладзечна-2023", дзе атрымаў Гран-пры. Таму пасля выпуску паўстала пытанне: а што далей? Алена Віктараўна прапанавала паступаць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць "мастацтва эстрады (спевы)". Да гэтага часу памятаю дату, калі даведаўся, што мяне туды прынялі, - 21 ліпеня 2020 года. Як жа я быў рады! - усміхаецца Данііл.

Пра каледж у яго засталося шмат цёплых успамінаў. Перш за ўсё - дзякуючы лаяльным настаўнікам і падтрымцы аднагрупніц, сярод якіх ён аказаўся адзіным мужчынам. Ды і з вучобай асаблівых праблем не ўзнікала.

- Дапамагала тое, што актыўна карыстаюся гаджэтамі. Ноты мне набіралі ў нотным рэдактары, я іх слухаў і спяваў. У цэлым гэта было лёгка, бо ў мяне абсалютны слых. Гэта значыць, што ўмею трымаць у галаве гук у абсалютным тоне і прайграваць яго голасам. Гэта дапамагала ў сальфеджыа: я лёгка вызначаю танальнасць на слых. Гэтым, дарэчы, аднагрупніцы часта карысталіся. А калі мы пачалі вывучаць вакальную аранжыроўку на чацвёртым курсе, наогул як рыба ў вадзе сябе адчуваў. Нават сам напісаў аранжыроўку на савецкую песню "Стары клён", - успамінае наш герой.

Ён запэўнівае, што плана стаць знакамітым не было. Проста займаўся тым, што лічыў важным для сябе.

- Маці заўсёды гаварыла мне: сынок, кожнаму трэба сябе рэалізоўваць. І я з ёю згодны. Таму і думкі не ўзнікала сядзець дома і жыць на пенсію, - расказвае Данііл.

"Ужо на першай здымцы "Фактар.by" зразумеў: гэта будзе вельмі складана"

Спявак адзначае, што далёка не адразу пагадзіўся ўдзельнічаць у шоу. Узяў час на роздум, таму што такі праект быў для яго чымсьці зусім новым. Да таго ж Данііл усё яшчэ вучыўся ў каледжы і сумняваўся, ці зможа сумяшчаць заняткі са здымкамі. Падумаўшы, вырашыў рызыкнуць. І ў першы ж здымачны дзень зразумеў: удзел у шоу стане сапраўдным іспытам.

- У прамых эфірах я выступаў і да "Фактар.by", таму тэлевізійную кухню крыху ведаў. Але вопыту пастаяннага здымачнага працэсу ў мяне не было. Гэта займае вельмі шмат часу: відэа візітак перад нумарамі, інтэрв'ю, момантаў з жыцця, пастановачнай работы. Помню, што першы эфір здымалі каля 12 гадзін. Усе вельмі стаміліся. Да кожнага эфіру былі рэпетыцыі - і вакальныя, і пастановачныя. Таму ўжо на першай здымцы "Фактар.by" стала зразумела: гэта будзе вельмі складана. Але ў выніку я жыў гэтым праектам і ніколькі не шкадую, што там апынуўся, - запэўнівае Данііл Савеня.

Адным з самых складаных момантаў ён называе сціслыя тэрміны на падрыхтоўку нумара. Напрыклад, даваўся ўсяго тыдзень на тое, каб вывучыць новую песню.

- Для мяне гэта вельмі мала. Каб якасна яе вывучыць, мне патрэбна хаця б паўтара тыдня. Тады ў час выступлення я не думаю пра тэкст, а магу засяродзіцца на тэхнічных вакальных момантах: калі трэба ўдыхнуць паветра, колькі, ці пара зрабіць "скід". А ў ідэале артыст у час выканання песні наогул ні пра што думаць не павінен. Ёсць нават такі тэрмін - "сцэнічная адзінота", калі адчуваеш, што ёсць толькі ты і сцэна, а больш - нічога. Тады можна пражыць песню. Хоць мой настаўнік на "Фактар.by" Сяргей Васільевіч Пархоменка (Сярога) раіў не ўключацца ў гэты працэс да пачатку выступлення, каб не згараць эмацыянальна. Магчыма, да 30-40 гадоў я навучуся гэта рабіць, але не цяпер. Пакуль некаторыя песні я вельмі востра перажываю, - прызнаецца артыст.

Адной з іх стала песня "Патрэбна", напісаная Сярогам. Яе дэмазапіс з некалькімі іншымі ён прыслаў Даніілу, каб той выбраў кампазіцыю для эфіру, дзе канкурсанты выконваюць песні настаўнікаў.

- Незадоўга да таго я ўпершыню паляцеў у Санкт-Пецярбург у госці да сваёй дзяўчыны. Гэта быў самы пачатак нашых адносін. Помню, сядзім мы з ёю ў самалёце, Сяргей Васільевіч прысылае песню "Патрэбна". Уключаю і разумею: я проста абавязаны яе выканаць! Таму што адразу пачалі падступаць слёзы - настолькі яна мяне кранула. Тут жа аб гэтым напісаў настаўніку, а ён адказаў: "Добра, робім". І праз тыдзень на песню была гатова аранжыроўка, - расказвае Данііл.

Тую прэм'еру зала сустрэла вельмі цёпла. І ў цэлым Данііл Савеня, на думку гледачоў, на шоу лічыўся ў фаварытах. Але для яго самога перамога на "Фактар. by" стала нечаканасцю.

- Шчыра кажучы, зведаў шок. Давайце будзем аб'ектыўныя: у фінальным выступленні я дапусціў шэраг памылак у вакале, і гэта было паказана ў прамым эфіры. Гледачы мне на іх, дарэчы, таксама ўказвалі, за што ім вялікі дзякуй. Таму перамогі я не чакаў. І ў цэлым у мяне такая філасофія, што важны не столькі вынік, колькі працэс, а ён быў запамінальным, - удакладняе артыст.

І запэўнівае, што перамога ў тэлепраекце дала яму больш, чым вядомасць. Людзі сапраўды сталі цікавіцца творчасцю Данііла.

- Я на самай справе проста жыву музыкай, - прызнаецца спявак. - Магу для душы іграць на фартэпіяна, напяваць нешта дома, па дарозе. Вялікіх творчых амбіцый у мяне няма. Калі ёсць магчымасць выступіць перад вялікай аўдыторыяй, я гэта раблю. Калі няма, праяўляюся ў рамках свайго блога, у тэкстах.

"Нашы рэпетыцыі - асобны від мастацтва"

Апошнія дзевяць месяцаў Данііл Савеня часцей за ўсё выступае перад ваеннаслужачымі. Ён жа і сам цяпер адзін з іх. Служба ў арміі была яго даўняй марай, прычым настолькі моцнай, што артыст вырашыў напісаць асабіста Прэзідэнту з просьбай залічыць у рады Узброеных Сіл.

- Я спадзяваўся на яго падтрымку. Проста ведаю, наколькі Аляксандр Рыгоравіч адгукаецца на шчырыя просьбы. Вельмі рады, што Галоўнакамандуючы адобрыў маю ініцыятыву, - адзначае спявак, які ў дзень нашага інтэрв'ю стаў сяржантам.

Ваенная тэма яго цікавіла з дзяцінства. Данііл праслухаў пра яе шмат аўдыякніг і паглядзеў фільмаў.

- Кіно я таксама "гляджу" на слых, - удакладняе спявак. - На самай справе лёгка зразумець, што адбываецца ў кадры: напрыклад, чалавек ідзе, і гэта зразумела па характэрных гуках. А ёсць яшчэ фільмы з тыфла-каментарыямі: проста другой дарожкай тлумачыцца тое, что адбываецца. Напрыклад, голас паведамляе: "Салдат у чорнай куртцы ідзе за жанчынай", а фантазія ўжо сама дастройвае карцінку.

Больш за ўсё Данііла Савеню даўным-даўно ўразіла "Аповесць пра сапраўднага чалавека". Уласна, з яе ў артыста і пачала зараджацца думка пра службу ў арміі. Паколькі галоўны герой гэтай аповесці - Аляксей Мярэсьеў, як і сам Данііл, меў асаблівасці здароўя, але гэта не перашкодзіла яму падняцца ў неба пасля ампутацыі абедзвюх ступняў.

- Але ўжо канчаткова рашэнне служыць у арміі я прыняў пасля таго, як мне нехта паказаў відэа, на якім 5 верасня 1999 года ў сяле Тухчар баевікі пакаралі смерцю шасцёра салдат. Гэта вельмі страшныя кадры і я катэгарычна не рэкамендую іх глядзець! - папярэджвае артыст. - Але ў той момант яны зрабілі на мяне надзвычайнае ўражанне, і я сказаў сам сабе: калі я магу зрабіць хоць што-небудзь, каб у нас не было вайны, я павінен гэта зрабіць. Хоць так, праз мастацтва.

Цяпер Данііл - частка Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Беларусі.

- Нашы рэпетыцыі - асобны від мастацтва. Жартуем, смяёмся, спяваем, прычым нікому тут не складана чытаць ноты з ліста і імгненна пачынаць партыі. Калі выступаю з ансамблем, адчуваю з ім поўную еднасць, у такія мінуты відаць, наколькі ўважліва кожны тут слухае іншага. У нас лепшы аркестр! - упэўнены спявак.

Ужо ў 9 раніцы ён кожны дзень на службе, прычым пры поўным парадзе - у ваеннай форме. Дабіраецца ў Дом афіцэраў на метро сам, гаворыць, што нічога складанага ў гэтым няма. І ў цэлым, адзначае Данііл, сталіца даволі камфортная для невідушчых.

- Прыпынкі ў грамадскім транспарце агучваюць, перамяшчацца па горадзе можна спакойна з кіем. У магазінах і гандлёвых цэнтрах дапамога таксама асабліва не патрэбна: тое, што я хачу купіць, проста прыношу на касу. Я лятаю ў іншыя краіны. А адна з маіх невідушчых знаёмых падарожнічае па ўсім свеце. Гэта ўсё магчыма дзякуючы сучасным тэхналогіям. Цяпер з дапамогай тэлефона можна "прачытаць" тэкст, даведацца, якая купюра ў цябе ў руках, што перад вамі знаходзіцца, якога колеру тая ці іншая рэч. Такім чынам мабільнік - неад'емная частка жыцця кожнага чалавека з асаблівасцямі здароўя. Новыя тэхналогіі ва ўсім дапамагаюць. З іх дапамогай, напрыклад, мой сябар, не маючы зроку, робіць аранжыроўкі, а я пішу музыку. І, магчыма, вас гэта прызнанне шакіруе, але - мы гуляем у карты і нават выйграём у людзей з добрым зрокам, - усміхаецца Данііл.

З 10 да 13 гадзін ён з ансамблем звычайна рэпеціруе. Але расклад можа змяняцца, калі ідзе падрыхтоўка да канцэрта або ўдзелу ў нейкім мерапрыемстве. Цяпер, напрыклад, рэпеціруюць нумары да 9 Мая.

- Гэта будзе першы Дзень Перамогі, які я сустрэну ў складзе ансамбля. Упэўнены, што нас чакае нешта маштабнае, - адзначае спявак. - Я да гэтага свята адношуся з пашанай, таму што разумею, наколькі важна ўсім нам помніць аб тым, што адбылося ў 1940-я. Тыя, хто ваяваў за гэту Перамогу, яшчэ жывыя, і хаця б дзеля іх, у падзяку ім нельга забываць урокі Вялікай Айчыннай вайны. Усё ж веданне гісторыі дапамагае пазбегнуць былых памылак, і шкада, што еўрапейцы гэтага не разумеюць і ўсё забылі.

"У мяне адна мара, і камусьці яна можа здацца ідэальнай"

Пакуль Данііл нават уявіць не можа, як будзе развівацца яго творчая кар'ера. Ён засяроджаны на рэпетыцыях у ансамблі і напісанні песень. Гаворыць, што хоча стварыць твор пра салдат, які будзе ведаць кожны з іх.

- Не ўпэўнены, што яго выканаюць салдаты, але песня будзе пра іх, пра вернасць адзін аднаму і сваім ідэалам. Упэўнены, што яна атрымаецца шчырай, таму што я бачыў службу знутры і пранікся да ўсіх ваенных вялікай павагай, - тлумачыць артыст.

Але нават не стварэнне такога маштабнага твора цяпер яго галоўная мара. Яна больш прыземленая і ў той жа час, як адзначае сам Данііл, ідэальная.

- Мару аб сям'і. Таму што кар'ера, грошы, музыка нікуды не дзенуцца з майго жыцця. Сям'я для мяне - ключавое. Бо гэта ж шчасце - ісці са службы дадому і ведаць, што цябе там чакаюць, што ты не адзін у кватэры. І нават не важна, што менавіта ты адчуеш, адкрыўшы дзверы, - пах ежы або парфуму каханай жанчыны. Важна тое, што ты зможаш сказаць: "Сонейка, я дома!" - і зразумець, што ты сапраўды побач з патрэбным чалавекам. Усё ж кожнаму неабходна месца, куды ён зможа вярнуцца, - па-філасофску разважае артыст.

З другой палавінкай ён пазнаёміўся ў інтэрнэце. Пра гэту невідушчую дзяўчыну Даніілу расказала сяброўка, вельмі цёпла пра яе гаварыла: адукаваная, цікавая. Вершы сама піша!

- У гэтай дзяўчыны аказаўся свой Telegram-канал. Я напісаў ёй: "Прывітанне, як глядзіш на тое, каб пазнаёміцца?". Яна адказала: "Станоўча гляджу. Давай знаёміцца". Так і пачалі знаёмства. А праз некалькі дзён я раптам зразумеў, што зрабіў дастаткова маштабны для сябе праект - дзякуючы яе матывацыі. Я закончыў яго, нягледзячы на тое што тады стаяла невыносная спёка і ў цэлым ён даваўся складана. Вырашыў для сябе, што з гэтай дзяўчынай абавязкова трэба паспрабаваць пабудаваць адносіны, прычым менавіта сур'ёзныя - іншы фармат не пра мяне, я вельмі пранікаюся імі, шмат у іх укладваю. І праз некаторы час прапанаваў ёй сустракацца, - расказвае Данііл.

Пакуль іх раздзяляюць тысячы кіламетраў - яна жыве ў Санкт-Пецярбургу, ён у Мінску. Паўтара года ўжо лятаюць адзін да аднаго ў госці. Але абодва ўпэўнены: іх будучыня - агульная. Засталося толькі дзяўчыне Данііла закончыць вучобу.

Пераможца шоу "Фактар.by", уладальнік Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні "Маладзечна-2023", стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Данііл Савеня папоўніў рады беларускай арміі, і Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прыняў таленавітага музыканта.

- На рэпетыцыях жартуем, смяёмся, спяваем, прычым нікому тут не складана чытаць ноты з ліста і імгненна пачынаць партыі. Калі выступаю з ансамблем, адчуваю з ім поўнае яднанне, у такія мінуты відаць, наколькі ўважліва кожны тут слухае іншага. У нас самы лепшы аркестр! - упэўнены спявак.

Алена ІВАШКА,
фота БЕЛТА, ВАЯР і з адкрытых інтэрнэт-крыніц,
газета "7 дней".-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі