Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 снежня 2022, 13:32

Выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць два абавязковыя цэнтралізаваныя экзамены

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля заканчэння 11 класаў выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены: адзін, абавязковы, - па рускай або беларускай мове, другі - на выбар з ліку прадметаў, па якіх цяпер прадугледжана ЦТ. Для тых, хто будзе паступаць у ВНУ, прапануюць здаваць адзін дадатковы экзамен у форме ЦТ. Такое рашэнне прынята 2 снежня па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў на нарадзе міністр адукацыі Андрэй Іванец, залічэнне ва ўніверсітэты будзе праводзіцца па выніках двух ЦЭ, аднаго дадатковага экзамену ў выглядзе ЦТ і сярэдняга бала атэстата.

"Шырокае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі, якое было праведзена па вашым даручэнні, паказала, што ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу: навучэнцы, настаўнікі, бацькі - падтрымліваюць увядзенне цэнтралізаванага экзамену як формы выпускной атэстацыі з агульнаадукацыйных школ. Больш глыбокае, дэталёвае вывучэнне пытання паказала, што здаваць мэтазгодна рускую або беларускую мову - абавязковы прадмет, а другі прадмет - на выбар. І гэта будзе справядліва", - заявіў Андрэй Іванец.

Міністэрства адукацыі праводзіла выбарачныя ЦЭ ў шэрагу рэгіёнаў, у іх прынялі ўдзел 2,5 тыс. навучэнцаў. Амаль 30 працэнтаў з іх выбралі матэматыку, па 15-16 працэнтаў - англійскую мову і біялогію, па 10-11 працэнтаў - гісторыю Беларусі і грамадазнаўства. У сувязі з гэтым прынята рашэнне прадаставіць навучэнцам выбар таго прадмета, які яны хочуць здаваць за курс школы.

Дарэчы, праходзіць экзамены будуць у форме тэсціравання і па-за будынкамі школы. Будуць вызначаны пункты для іх правядзення. Падрыхтоўкай заданняў і праверкай работ будзе займацца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Для тых, хто будзе паступаць ва ўніверсітэты, прапануюць здачу дадатковага экзамену ў выглядзе аднаго ЦТ. "Тут мы бачым вырашэнне задачы спыніць беганіну паміж ВНУ. Калі раней была прадугледжана магчымасць здачы чатырох ЦТ, і, умоўна кажучы, малады чалавек мог выбраць спецыяльнасць ад лірыка да фізіка. Сёння, калі мы пакідаем фармат здачы двух ЦЭ і аднаго ЦТ, мы дакладна упэўнены, што малады чалавек выбірае той напрамак, з якім хоча звязаць сваё далейшае жыццё", - падкрэсліў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі