Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2017, 19:06

Выпускнікам педкласаў для паступлення на льготных умовах трэба мець не ніжэй за 8 па профільных прадметах

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выпускнікам педкласаў для паступлення на льготных умовах трэба мець не ніжэй за 8 балаў па профільных прадметах, паведаміў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вадзім Богуш адзначыў, што змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі змяшчаюць вельмі значнае для адукацыйнай сферы новаўвядзенне, якое звязана з асаблівымі ўмовамі залічэння выпускнікоў педагагічных класаў. "Для выпускнікоў профільных педагагічных класаў прадугледжваецца льгота пры іх паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Зразумелая рэч, што ёсць пэўныя патрабаванні. Выпускнікі педкласаў асвойваюць адпаведную праграму ў профільным педагагічным класе, пры гэтым яны павінны мець высокую паспяховасць: ацэнкі па профільных прадметах не ніжэй за 8 і не ніжэй за 7 - па ўсіх астатніх прадметах", - сказаў першы намеснік міністра.

Для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікі павінны мець рэкамендацыю савета ўстановы адукацыі. Пры залічэнні гэта катэгорыя абітурыентаў будзе праходзіць прафесійную гутарку.

"Хлопцы і дзяўчаты, якія прыйдуць у педагагічныя ўніверсітэты атрымаць педадукацыю, будуць цалкам усвядомлена разумець, што яны хочуць і могуць зрабіць у прафесіі. Адпаведна, мы разлічваем, што гэта норма дасць нам магчымасць падрыхтаваць добрых педагогаў", - лічыць першы намеснік міністра. Пры гэтым прадугледжана дадатковая абарона такіх выпускнікоў. Прадугледжваецца, што пры такой форме набору абітурыентаў на працягу пяцігадовага тэрміну пасля заканчэння ВНУ за імі будзе замацоўвацца рабочае месца.

Яшчэ да ўвядзення новых правіл існавала практыка, калі асобы, якія атрымалі дыплом з адзнакай пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы або скончылі сярэднюю школу з медалём, пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці маглі прымацца без уступных іспытаў. Паводле слоў Вадзіма Богуша, гэта практыка сябе даволі нядрэнна паказала. З улікам новых правіл прыёму будуць магчымасці ў тым ліку для карэкціроўкі пераліку гэтых спецыяльнасцей. Адпаведным рашэннем кіраўніка дзяржавы гэтыя паўнамоцтвы Міністэрству адукацыі таксама дадзены.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі