Аляксандр Бастрыкін
11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін падзяліўся з журналістамі некаторымі падрабязнасцямі сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Бастрыкіна, ён разам са старшынёй Следчага камітэта Беларусі Дзмітрыем Гарой далажылі кіраўніку беларускай дзяржавы ў тым ліку аб выніках работы следчых ведамстваў у гэтым годзе.
"Мы праінфармавалі Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку аб нашых выніках работы са Следчым камітэтам Беларусі. Я сказаў аб некаторых перспектывах на 2026 год. Сцісла і дакладна", - адзначыў Аляксандр Бастрыкін.
Адным з важных напрамкаў сумеснай работы Следчага камітэта Расіі са Следчым камітэтам і Генеральнай пракуратурай Беларусі ён назваў расследаванне генацыду савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Гэта галоўная перспектыва на 2026 год. Многія лічбы, якія мы ведалі па выніках вайны, шматразова павялічыліся", - падкрэсліў кіраўнік Следчага камітэта Расіі.
Аляксандр Бастрыкін прывёў прыклад блакаднага Ленінграда. Былыя даныя сведчылі аб тым, што там загінула 800 тыс. чалавек. Згодна з новымі данымі, атрыманымі па выніках расследаванняў, лічба павялічылася да 1 млн 250 тыс. "Мы выяўляем новыя пахаванні, якія былі невядомы. Мы выкарыстоўваем матэрыялы, якія нам прадастаўляюць Генеральная пракуратура і Следчы камітэт Беларусі", - адзначыў ён.
Кіраўнік расійскага следчага ведамства таксама звярнуў увагу на асобныя выпадкі, калі небяспечныя злачынцы з Расіі накіроўваюцца ў Беларусь, намагаючыся ўцячы. І ў гэтым выпадку праваахоўныя органы дзвюх краін вядуць цесную сумесную работу па іх затрыманні.
"Увогуле, работы дастаткова. Мы ўсё гэта падрабязна абмяркуем са Следчым камітэтам Беларусі", - рэзюмаваў Аляксандр Бастрыкін.-0-
