Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 студзеня 2021, 09:00

Выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі прайшло ў МДЛУ

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, прысвечанае абмеркаванню пытанняў фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму ў студэнцкай моладзі прайшло 27 студзеня на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выбар тэмы абумоўлены роляй маладога пакалення ў лёсе краіны, вызначэнні яе будучыні. Нас не можа не хваляваць, што разам з ростам адукаванасці, узроўню інтэлектуальнага развіцця і інфармаванасці зніжаецца патрабавальнасць да асобасных якасцей будучых спецыялістаў і абясцэньваецца грамадзянскасць, патрыятызм, любоў да Айчыны. Усе мы ведаем, што патрыятызм адносіцца да ліку ідэалаў, страта якіх робіць грамадства нежыццяздольным. Ён цесна звязаны з пытаннямі забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Таму выхаванне патрыятызму ў падрастаючага пакалення на гэты час з'яўляецца важнейшай мэтай дзяржаўнай палітыкі, якая рэалізуецца ў нашай краіне", - сказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, што кіраўнік дзяржавы не раз звяртаў увагу на патрыятычнае выхаванне моладзі. "Для нашай краіны гэта вельмі важна, таму як у нас ёсць фундамент, аснова - гэта духоўнасць нашага народа, гераічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. А сёння памятная дата - дзень зняцця блакады Ленінграда і дзень памяці ахвяр халакосту. У мінулым годзе мы адзначылі 75-годдзе Вялікай Перамогі. Гэта той фундамент, на якім павінна будавацца патрыятычнае выхаванне нашай моладзі, - адзначыла яна. - Сёння ўстановам вышэйшай адукацыі важна не толькі перадаваць сучасныя веды, фарміраваць прафесійныя ўменні і навыкі, але і звяртаць увагу на асобу маладога чалавека, аказваць яму дапамогу ў самаразвіцці лепшых грамадзянскіх і маральных якасцей, стварэнні асяроддзя для паспяховай сацыялізацыі".

У пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі прынялі ўдзел кіраўнікі рэспубліканскіх дзяржаўных органаў, устаноў вышэйшай і дадатковай адукацыі, Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра, прадстаўнікі студэнцкага актыву.

Абмеркаванне было актыўным, паступіла шмат прапаноў, асабліва ад моладзі. Усе жадаючыя змаглі задаць пытанні і атрымаць на іх адказы. "Вядома, я рада таму, што атрымалася такое жывое абмеркаванне, якое дасць свае вынікі. Паколькі ўсе ВНУ прадставілі свае праекты, па якіх яны працуюць ужо даволі даўно. Але галоўнае, каб усё гэта было эфектыўна, каб ад гэтага быў вынік, каб у гэтай рабоце не было фармалізму. Падрыхтоўка і перападрыхтоўка педагагічных кадраў - гэта яшчэ адзін важны напрамак, на які трэба звярнуць асаблівую ўвагу", - падкрэсліла Наталля Качанава. Больш падрабязна на гэтым пытанні спыніўся рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч.

Спікер упэўнена, што нішто не зможа замяніць сустрэч. "Калі ты сустракаешся з людзьмі ўжывую - гэта вельмі важна. І той напрамак у рабоце з насельніцтвам, які абазначыў Прэзідэнт, - часцей сустракацца, бываць у маладзёжных аўдыторыях, працоўных калектывах, сустракацца з людзьмі. Гэта адзін з важнейшых, прыярытэтных напрамкаў у нашай рабоце. Таму, мы даволі шмат бываем у працоўных калектывах, маладзёжных аўдыторыях і кожны тыдзень падводзім вынікі на нарадах, дзе абменьваемся думкамі аб тых пытаннях, якія мы пачулі ад людзей, наведваючы прадпрыемствы і навучальныя ўстановы", - дадала Наталля Качанава.

Падчас пасяджэння заслуханы даклады міністра адукацыі, рэктараў, прадстаўнікоў студэнцкага актыву аб перспектыўных напрамках, формах і метадах работы са студэнцкай моладдзю па фарміраванні іх грамадзянскасці і патрыятызму.

Як адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка, у сучасным жыцці пытанні выхавання маладога пакалення, яго сацыялізацыі набываюць асаблівае значэнне. "Важна не дапусціць уплыву дэструктыўных сіл на нашу моладзь. Сучасныя маладыя людзі сёння татальна ўключаны ў інтэрнэт-камунікацыі. Амаль 85 працэнтаў юнакоў і дзяўчат з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі сацыяльных сетак і мэсэнджараў. Міністэрствам адукацыі ўжо сёння акцэнтавана ўвага на ўзмацненні інфармацыйнай работы. У гэтым напрамку выкарыстоўваем формы і падыходы, прадыктаваныя самой моладдзю. Сацыяльныя сеткі, мэсэнджары, Telegram-каналы сталі пляцоўкамі для моладзі, правядзення значнай колькасці разнапланавых мерапрыемстваў (квесты, стрымы). З 2019 года развіваем маладзёжны канал на YouTube. Гэта яшчэ адна магчымасць для ўзняцця і абмеркавання праблемных тэм у студэнцкім асяроддзі, - сказаў ён. - Каб процістаяць дэструктыўнай інфармацыі, якая сёння публікуецца ў розных Telegram-каналах і інтэрнэт-крыніцах, мы прадоўжым сустракацца з маладымі людзьмі".

Праграма выязнога пасяджэння таксама ўключала ў сябе інтэрактыўную выставу "Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі". Так, адна з яе ўдзельніц - загадчыца кафедры архітэктуры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Ганна Кароза - расказала, што іх навучальная ўстанова актыўна супрацоўнічае з мемарыяльным комплексам "Брэсцкая крэпасць - герой". "Нашы студэнты і выкладчыкі ў розныя гады выконвалі праекты па вывучэнні гісторыі мемарыяльнага комплексу. А ў мінулым годзе выканалі праект па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі", - адзначыла яна.

Парламентарыі акцэнтавалі ўвагу на актыўным развіцці музейнай справы ва ўстановах вышэйшай адукацыі з улікам інтарэсаў і патрэбнасцей сучаснай моладзі. У гэтай рабоце выкарыстоўваюцца новыя формы - квесты, 3D-экскурсіі, турысцка-краязнаўчыя мерапрыемствы. У прыватнасці, студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзімір Можар прэзентаваў на выставе музей, які функцыянуе на базе іх ВНУ. "Наш музей актыўна збірае новыя экспанаты. Мы ўдзельнічаем у раскопках. Акрамя таго, наш музей ідзе ў нагу з часам. Так, у нас з'явілася магчымасць праводзіць інтэрактыўныя выставы", - падзяліўся малады чалавек.

Удзел у пасяджэнні таксама прынялі студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Ілья Лунеўскі і магістрант Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Павел Лапацінскі. Маладыя людзі закранулі тэмы дзейнасці студэнцкага самакіравання і студэнцкіх атрадаў у фарміраванні грамадзянскасці і патрыятычных якасцей студэнцкай моладзі, расказалі аб праектах, якія рэалізуюць у сваіх універсітэтах, і падзяліліся планамі аб пашырэнні дзейнасці і наступнай рэалізацыі валанцёрскага і студэнцкага руху ў іншых установах адукацыі. Маладыя людзі адзначылі важнасць сённяшняга мерапрыемства і падкрэслілі, што былі рады прыняць у ім удзел. Свае прапановы ўнеслі і паслы Мэт устойлівага развіцця. Так, ад моладзі паступіла прапанова з больш ранняга ўзросту вывучаць гісторыю беларускай дзяржавы.

Па выніках праведзенага абмеркавання праблем грамадзянскага і патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі Прэзідыумам Савета Рэспублікі выпрацаваны комплекс практычных рэкамендацый і прапаноў. У тым ліку больш актыўна праводзіць у фармаце дыялогавых пляцовак сустрэчы са студэнцкай моладдзю па ўсіх пытаннях, якія яе хвалююць; значна пашырыць вывучэнне гісторыі і тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны; звярнуць увагу на павелічэнне колькасці ўдзельнікаў патрыятычных праектаў, у тым ліку такіх, як "Зорныя паходы", "Памятаем - жывём", "Дзеці вайны"; актыўна выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў мэтах грамадзянска-патрыятычнага выхавання; фарміраваць у маладзёжным асяроддзі прававую і гістарычную культуру, навыкі ацэнкі грамадска-палітычных падзей у нашай краіне.

Рашэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі будуць накіраваны зацікаўленым арганізацыям. Верхняя палата парламента ўзяла на кантроль іх рэалізацыю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі