Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 красавіка 2021, 16:14

Выхаваўчая работа патрабуе пастаяннага ўдасканалення - Карпенка

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выхаваўчая работа - творчая сфера, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення. Такое меркаванне выказаў сёння міністр адукацыі Ігар Карпенка на ўрачыстым адкрыцці XIX Рэспубліканскай выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выхаваўчая работа - творчая сфера, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення. У ёй закладзены велізарны сацыяльны патэнцыял пачынаючы аб выкладання кожнага асобнага прадмета, заканчваючы дзейнасцю самакіравання, мерапрыемствамі па правядзенні вольнага часу і праектнай работай навучэнцаў. Яе навуковае і метадычнае суправаджэнне ажыццяўляюць таленавітыя педагогі, - адзначыў Ігар Карпенка. - Нягледзячы на адзінства метадычных, арганізацыйных, тэхнічных падыходаў у сістэме адукацыі, ніхто не выключае творчасці, якую ўкладвае любы педагог у кожным класе, студэнцкай аўдыторыі, працуючы ў інтэрнаце альбо займаючыся арганізацыяй дадатковай адукацыі дзяцей і дарослых. Мы невыпадкова гаворым, што выкладчык, як артыст, рэжысёр, творца новых ідэй, якія ён укараняе ў штодзённую практыку адукацыйнага працэсу".

Паводле яго слоў, гэта выстаўка адлюстроўвае набыты вопыт і дасягненні педагагічных калектываў. "Гэта дае магчымасць абмяняцца думкамі, прадэманстраваць вопыт тым, хто толькі прыйшоў у сістэму адукацыі, пазнаёміцца з сацыяльна значнымі праектамі навучэнцаў і студэнтаў, якія з'яўляюцца актыўнымі суб'ектамі адукацыйнага працэсу. Думаю, усё лепшае, што ёсць, будзе ўзята на заметку. Упэўнены, што знаёмства з матэрыяламі, прадстаўленымі тут, дасць магчымасць кожнаму ўдзельніку і наведвальніку атрымаць найкаштоўнейшую інфармацыю аб рознабаковых формах і метадах арганізацыі такой работы", - сказаў міністр.

Так, на выстаўцы прадстаўлены праект "Бацькоўскі ўніверсітэт", які рэалізуецца з гэтага года ў Інстытуце псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яго асноўная задача - азнаёміць бацькоў з практычнымі і тэарэтычнымі аспектамі розных галін псіхалогіі, якія дапамогуць ствараць шчаслівыя сем'і і канструктыўна вырашаць праблемы, якія ў іх узнікаюць. Формы заняткаў разнастайныя: лекцыі, кінафестывалі, фотаконкурсы, трэнінгі, семінары, вэбінары. Іх праводзяць высокакваліфікаваныя спецыялісты і практычныя псіхолагі ўстаноў адукацыі.

"Гэта своеасаблівая дыскусійная пляцоўка для бацькоў, законных прадстаўнікоў дзяцей для абмеркавання надзённых праблем пры выхаванні моладзі. Тэма ўзаемаразумення пакаленняў спрадвечная, і гэта пляцоўка, на мой погляд, дасць адказы, як рэагаваць у тых ці іншых сітуацыях, калі ўзнікаюць канфлікты, недастатковае разуменне або ёсць непаінфармаванасць аб праблемах, якія могуць быць у моладзі, падлеткаў, якія хацелі б падзяліцца сваімі думкамі і рэалізаваць свае ідэі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу", - дадаў Ігар Карпенка.

Акрамя таго, дадзены старт рэспубліканскай акцыі "Дзеці Беларусі - ветэранам і будучым пакаленням", якая ініцыявана дабрачынным фондам Аляксея Талая і атрымала падтрымку Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яна праводзіцца з мэтай фарміравання ў дзяцей і моладзі пачуцця гонару і павагі да Радзімы, грамадзянскасці і патрыятызму, захавання памяці аб подзвігах беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел прадстаўнікі сферы адукацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, члены розных маладзёжных аб'яднанняў, школьнікі і студэнты.

XIX Рэспубліканская выстаўка навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі прысвечана Году народнага адзінства. Знакавае грамадска-палітычнае мерапрыемства праводзіцца з 14 па 16 красавіка з мэтай абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту, пошуку новых рашэнняў па фарміраванні ў дзяцей і моладзі грамадзянскай адказнасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскай ідэнтычнасці.

Па выніках выстаўкі будзе створаны электронны каталог матэрыялаў з вопыту работы ўстаноў адукацыі па пытаннях арганізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, які будзе размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале https://adu.by ў раздзеле "Актуальныя тэхналогіі і практыкі выхавання".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі