Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лютага 2024, 17:40

Выбаршчык са сваім стылем. Мадэльер Сяргей Курохцін пра выбар, развіццё і магчымасці

23 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Нават адзін голас можа стаць вырашальным. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі выкладчык Гомельскага каледжа гандлю і паслуг, пераможца міжнародных конкурсаў, мадэльер Сяргей Курохцін на выбарчым участку ў абласным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дызайнер, кравец, тэхнолаг, інжынер, выкладчык і нават навыкі цырульніка атрымаў: Сяргей Курохцін - асоба ўніверсальная, творчая і шматгранная. Ён як вечны рухавік у сваёй справе, пастаянна развіваецца сам і асяроддзе на гэта нацэльвае, пры гэтым шчыры знаток свайго роднага, беларускага.

Сяргей Курохцін працуе ў Гомельскім каледжы гандлю і паслуг. Таксама вядомы як дызайнер арыгінальных калекцый адзення з фірменным почыркам. Яго імя часта гучыць на модных нацыянальных і міжнародных конкурсах, адкуль аўтар калекцый вяртаецца з перамогай.

"Прагаласаваў датэрмінова, паколькі ў асноўны дзень задзейнічаны ў рабоце выбарчай камісіі. А зрабіць выбар лічу сваім абавязкам. І моладзь нашу заўсёды настройваю гэтак жа. Часам можна пачуць ад маладых людзей такую фразу: "Мой голас нічога не вырашае, ці абавязкова ісці?". У такіх выпадках тлумачу, што нават адзін голас можа стаць вырашальным", - падзяліўся Сяргей Курохцін.

Робячы выбар сярод кандыдатаў, абапіраўся на вопыт чалавека, а не на ўзрост. "Узрост - далёка не галоўны паказчык. Важней вялікі вопыт работы з людзьмі, разуменне і прафесіяналізм у розных сферах - такі кандыдат больш унікне ў праблемы людзей", - акрэсліў свой пункт гледжання выбаршчык.

Дарэчы, для дэпутатаў, якія пачнуць работу, у выбаршчыка ўжо ёсць прапанова. Як веласіпедыст Сяргей знаходзіцца ў грамадскім аб'яднанні "ВелаГомель". "Вядома, у Гомелі ёсць планы па развіцці велаінфраструктуры, але ёсць яшчэ месцы, якія патрабуюць увагі. Так, у мікрараёнах новых забудоў усё ствараецца па сучасных стандартах, але хацелася б большага ва ўсіх раёнах. Езджу на веласіпедзе ўсюды і заўсёды, як толькі снег сыходзіць. Ведаю, такіх людзей нямала", - з усмешкай адзначыў Сяргей Курохцін.

Таленавітаму дызайнеру ўжо не раз паступалі цікавыя прапановы наконт работы, супрацоўніцтва, стажыровак на міжнародным узроўні. Але мяняць краіну жыхарства ён не мае намеру. "Заўсёды ўспамінаю словы сваёй бабулі, якая гаварыла: "Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся". Мне падабаецца мая краіна, магчымасці, якія тут створаны. Ёсць у нас нешта асаблівае. Напрыклад, з "Млыном моды" мы ездзілі ў Швецыю, па дарозе пабывалі ў Даніі і Германіі - усюды добра і прыгожа. Але вяртацца ў родную Беларусь намнога прыемней, узнімаецца настрой, узнікае асаблівае пачуццё. Хочацца быць тут, для нашых людзей нешта зрабіць у той жа сферы моды.Так, цікава атрымаць вопыт у іншых краінах, але прывезці потым гэтыя веды сюды, на радзіму. Хочацца працаваць з нашымі людзьмі, развіваць нашу прамысловасць", - падкрэсліў ён.

"Працуем, імкнёмся да лепшага, да дасягнення больш высокіх вяршынь. Я заўсёды гавару: развіццё павінна быць на першым месцы ў кожнага. Усім раю ніколі не спыняцца на дасягнутым. Немагчыма ведаць усё, увесь час з'яўляецца нешта новае, таму нават самаадукацыя вельмі важна", - падзяліўся адным са сваіх жыццёвых прынцыпаў Сяргей Курохцін.

На ўчастку ў Гомельскім каледжы гандлю і паслуг зарэгістравана больш за 1,8 тыс. выбаршчыкаў, для 144 з якіх гэта электаральная кампанія стане першай у жыцці. Для тых, хто ўпершыню галасуе, тут падрыхтавалі практычныя і памятныя сувеніры: канстытуцыю, брэндзіраваныя ручкі, паштоўкі з подпісам мэра.

"Усе ідуць вельмі актыўна, дружна. Некалькі чалавек падышлі ўжо да самога адкрыцця ўчастка. І моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту, і пенсіянеры. Найбольш запатрабаваны час - з 17.00 да 19.00, людзі прыходзяць да нас пасля заканчэння рабочага дня. Створаны ўсе неабходныя ўмовы, наглядальнікі таксама прымаюць удзел - усё ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам", - расказала дырэктар каледжа Таццяна Гусак.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі