Сцяг Субота, 17 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 красавіка 2025, 10:00

Вы калі-небудзь бачылі яйка з зебрана? Майстар на Вілейшчыне стварае незвычайную велікодную калекцыю

У дрэва, як і ў людзей, свой характар, сцвярджае Сяргей Дубяга. Кожная парода непаўторная і па тэкстуры, і па знешнім выглядзе, і па сваіх якасцях. З ранніх гадоў майстар назіраў, як з гэтым прыродным матэрыялам спрытна спраўляюцца мужчыны ў іх сям'і, і вучыўся ў іх. Дзед мог вырабіць калёсы, бочку і табурэтку, бацька плёў кошыкі, выпальваў па дрэве. Сяргей Анатольевіч лічыць, што гэта самы цікавы і цёплы прыродны матэрыял, які нават упрыгожваць не трэба - аб гэтым паклапацілася прырода.

На гатовы выраб дастаткова нанесці алей - і ён раскрые ўсю сваю сціплую і дзіўную прыгажосць.


Цікавы квіз: угадай пароду

Мы пераканаліся ў гэтым пасля таго, як уважліва азнаёміліся з калекцыяй велікодных яек, створанай Сяргеем Дубягам. Усе яны выраблены з розных парод дрэва, кожнае - суцэльнае, вытачанае на станку і апрацаванае алеем, арыгінальнае сваёй афарбоўкай і тэкстурай. Сабраныя разам, яны дапаўняюць і падкрэсліваюць непаўторнасць кожнага. Проста, лаканічна і вельмі эфектна.

- Гэта ясень, крыху святлейшыя - ліпа, вяз, а гэта - паглядзіце, якая прыгожая тэкстура, - ядловец. Вось з лістоўніцы, ёсць з каштана. А гэта, як думаеце, з якой пароды? - паказвае сваю калекцыю Сяргей Дубяга, нечакана прапануючы вызначыць матэрыял па колеры, тэкстуры. Убачыўшы нашу збянтэжанасць, падказвае: - Можна сказаць, адна з самых цвёрдых парод, што растуць у нас у Беларусі.

- Бяроза?

- Не, бяроза мяккая. А гэта - абляпіха!

Ёсць у калекцыі канадскі дуб чырвоны, сасна, чырвонае дрэва. Усяго - 17 драўляных яек, пакуль не так шмат. Яшчэ менш разоў нам удалося адгадаць, з якой пароды яны выраблены, але імправізаваны квіз атрымаўся цікавым.

А сам майстар на стварэнне калекцыі натхніўся выпадкова - пасля таго, як яму трапіў пад руку незвычайны матэрыял, на які ён як прафесіянал і мастак не мог не звярнуць увагі. Ёсць такое дрэва зебрана, у разрэзе кольцы-палоскі нагадваюць афарбоўку зебры, адсюль і назва. Расце яно ў трапічных лясах Заходняй Афрыкі. Да Сяргея Анатольевіча ў майстэрню экзатычны матэрыял трапіў у выглядзе тары, у якую раней быў упакаваны нейкі імпартны тавар. Невялікага драўлянага брусочка было дастаткова для аднаго яйка. Першае ў калекцыі, яно атрымалася незвычайным, і захацелася прадоўжыць выразаць іх з розных парод дрэў, што растуць у Беларусі.

- Тут пакуль яшчэ не прадстаўлены бук і граб, якія сустракаюцца ў нас у паўднёвых рэгіёнах, - удакладняе Сяргей Анатольевіч.

У планах таксама выразаць яйкі з арэшніка і пладовых парод: яблыні, грушы, слівы, чарэшні і іншых. З дапамогай формы таксама можна зрабіць калекцыю больш разнастайнай, лічыць майстар: вырабіць памерам не толькі з курынае, але і гусінае, перапялінае, страусавае. Але галоўная задума майстра па дрэве - паказаць усё хараство і разнастайнасць нашай прыроды, у тым ліку для таго каб выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да сваіх каранёў, традыцый. Не на словах, а справай. Ён і сам так вучыўся ў дзяцінстве, глядзеў, як яго дзед Пётр Пятровіч Дубяга пляце кошыкі, робіць бочкі, калёсы, старанна выточваючы неабходную форму. Нечаму вучыўся ў свайго бацькі Анатоля Пятровіча, які выпальваў па дрэве, плёў кошыкі. І сёння бацька іх робіць, праўда, у асноўным са штучнага матэрыялу - так прасцей і хутчэй, не трэба нарыхтоўваць карані ці галінкі, ды і кошыкі такія лягчэй насіць.

Малая радзіма Сяргея Анатольевіча - хутар Канаціха на мяжы Вілейскага і Мядзельскага раёнаў. Там прайшло дзяцінства. Пасля 9-га класа паступіў у Вілейскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нумар 48, у якім вучылі разьбе па дрэве. Пасля яго заканчэння прадоўжыў удасканальвацца ў прафесіі ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, сёння гэта дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага. У 1995 годзе ў вучылішчы адкрылі аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Сяргей Анатольевіч быў у ліку першых выпускнікоў гэтага аддзялення. Выкладалі не толькі разьбу па дрэве, але і вучылі мастацкаму жывапісу, малюнку. Пасля заканчэння вучылішча ў 1998 годзе маладога спецыяліста па размеркаванні накіравалі ў Вілейскі раённы Дом культуры ў вёску Ізбіно, дзе ён працаваў вядучым спецыялістам па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. У 1999-м раён адміністрацыйна быў аб'яднаны з горадам, будынак перадалі пад Дом рамёстваў. З 2000 года Сяргей Дубяга быў яго дырэктарам. Пачыналі практычна з нуля, стварылі аматарскае аб'яднанне, запрашаючы да супрацоўніцтва майстроў, арганізоўвалі першыя выставы.

Музей яйка

Паступова з'явілася ідэя стварыць на базе Вілейскага раённага Дома рамёстваў першы ў Беларусі Музей яйка. Сёння ў яго калекцыі больш за 300 экспанатаў, выкананых з дрэва, лазы, гліны, тэкстылю, пап'е-машэ. Ёсць і некалькі каменных, а таксама керамічныя, каваныя, інкруставаныя саломкай, распісаныя па матывах біблейскіх сюжэтаў і ў стылі беларускай выцінанкі, вязаныя кручком, ажурныя і іншыя.
Наведвальнікі Дома рамёстваў могуць не толькі паглядзець калекцыю, але таксама даведацца пра традыцыйныя спосабы роспісу і ўпрыгожвання велікодных яек, якія былі распаўсюджаны ў беларусаў і нашых бліжэйшых суседзяў: гэта пісанка, шкрабанка, крашанка, крапанка і інш. З часам сталі праводзіць і майстар-класы па роспісе велікодных яек, на якіх дарослыя і дзеці з захапленнем асвойвалі асновы народнай творчасці. Іх навучалі некалькім нескладаным элементам, знаёмілі з сімваламі ў арнаментах. Напрыклад, дубовы лісточак увасабляе мужнасць, такую пісанку дарылі ў светлае свята мужчынам, жадаючы ім здароўя, сілы. Пеўнік - сімвал дастатку, яйка, размаляванае зярняткамі, - сімвал пладавітасці, яго дарылі маладым.

Нашы продкі па-асабліваму ставіліся да ўпрыгожвання велікодных пісанак. Гэта было сапраўднае таінства: яйкі бралі ад маладых курачак, варылі іх у крынічнай вадзе ў асобным посудзе, які не выкарыстоўвалі для іншых мэт. У якасці фарбавальнікаў прымянялі шалупінне ад цыбулі, пупышкі вольхі, дубовую кару, бярозавыя галінкі, збожжа. Упрыгожвалі рознымі спосабамі, у тым ліку і з дапамогай разагрэтага воску, які наносілі спецыяльным інструментам - пісачком. Яго выраблялі з тонкага цвіка, замацаванага, як сучасны стрыжань алоўка, у драўлянай аснове. Паспрабаваць гэты і іншыя спосабы вырабу пісанак прапануюць у час майстар-класаў, цікавасць да якіх за гэтыя гады ў наведвальнікаў Дома рамёстваў не стала меншай. Як і да музейнай калекцыі, якая з году ў год папаўняецца новымі экспанатамі.

Сяргей Дубяга паказвае нам свае работы ў калекцыі. Яйкі выкананы з дрэва, а на іх выразаны аб'ёмныя выявы самых буйных насельнікаў беларускіх лясоў - аленя і зубра.

- Была ў свой час задума стварыць серыю такіх яек і прадставіць усіх жывёл, якія сустракаюцца ў нашых пушчах, - гаворыць Сяргей Анатольевіч і падкрэслівае, што трэба было б папоўніць гэту калекцыю, ідэя цікавая. А таксама паказвае работы іншых майстроў, інкруставаныя саломкай і распісаныя ў стылі выцінанкі. Ён рабіў загатоўкі для многіх экспанатаў гэтага музея, а майстры дэкарыравалі і распісвалі іх у розных тэхніках.

Акрамя гэтага напрамку, Дом рамёстваў развіваў актыўна і іншыя, захоўваючы і адраджаючы беларускія народныя традыцыі, промыслы і рамёствы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ствараліся ўмовы для развіцця патэнцыялу майстроў, далучэння моладзі да творчага працэсу і перадачы ім традыцый.

Майстэрня на вуліцы Салаўінай

Сяргей Анатольевіч не без гонару паведамляе, што з часам і жонку Аксану далучыў да гэтай дзейнасці. Працавала разам з мужам у Доме рамёстваў, займалася вышыўкай, ткацтвам і іншымі напрамкамі.
Сяргей Анатольевіч паказвае нам работы жонкі. Спачатку - паясы, якія былі характэрны для жыхароў вёскі Талуць Вілейскага раёна, і майстрыха аднавіла забытую і практычна страчаную традыцыю. Потым мы палюбаваліся жаночым народным строем з традыцыйнай для Вілейшчыны вышыўкай, таксама выкананым Аксанай Дубяга.

Дырэктарам Вілейскага раённага Дома рамёстваў Сяргей Анатольевіч працаваў да 2013 года. А потым вырашыў пайсці на вольныя заработкі.

- У нейкі момант усвядоміў, што хачу больш часу ўдзяляць творчасці, удасканальвацца, спрабаваць нешта новае, - тлумачыць майстар.

Сёння яго рабочы кабінет - майстэрня, уладкаваная ва ўласным двары на вуліцы з назвай Салаўіная. Іх прыватны дом знаходзіцца літаральна за некалькі крокаў ад ранейшага месца работы.

У невялікім утульным памяшканні ўсё пад рукой, ёсць неабходныя станкі для распілоўвання і апрацоўкі драўніны і вырабаў. Дарэчы, свой першы станок Сяргей Анатольевіч сабраў самастойна. Паказвае нам, як выточвалі загатоўкі для велікодных яек - адразу чатыры штукі, потым шліфуе, апрацоўвае, і драўляная паверхня набывае прыемную гладкасць.

Усюды ў майстэрні раскладзены акуратныя стосікі загатовак: пачынаецца сезон фестываляў і рыцарскіх турніраў, на якіх майстар прадае драўляную дзіцячую зброю - арбалеты, шаблі, шчыты і іншыя даспехі воінаў розных эпох. Сыны Мацвей і Цімафей, хоць самі не працуюць з дрэвам, нярэдка ўдзельнічаюць з бацькамі ў такіх мерапрыемствах, дзе пануе дух даўніны і творчая атмасфера.

На кірмашах і выставах Сяргей Анатольевіч прадстаўляе свае вырабы - разьбу па дрэве. Яшчэ адзін напрамак - бондарская справа, якую пераняў ад дзядулі. Вырабляе бочкі розных памераў, ёсць нават сем вялізных ёмістасцей па 500 літраў кожная, якія захоўваюцца ў падвалах Мірскага замка ў якасці музейных экспанатаў. Асвоіў і многія іншыя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Разам з жонкай яны прадаўжаюць захоўваць і прымнажаць народныя традыцыі. У тым ліку і велікодныя.

- Гэта для нас добрае светлае свята, якое правядзём у асяроддзі сям'і, - гаворыць Сяргей Анатольевіч.

Абавязкова на Вялікдзень наведаюць бацькоў, і сыны напэўна прыедуць у госці. Старэйшы Мацвей жыве і працуе ў Мінску, малодшы Цімафей вучыцца ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы. Некалі і яго прадзед Пётр Пятровіч быў лесніком. Магчыма, і ў Цімафея прачнуцца тыя гены, якія адказваюць за спадчынныя захапленні, і ён таксама, як яго прадзед, дзед і бацька, захоча зрабіць што-небудзь сваімі рукамі з дрэва.

Галоўная задума майстра - паказаць хараство і разнастайнасць нашай прыроды, каб выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да сваіх каранёў, традыцый. Не на словах, а справай. Ён і сам так вучыўся ў дзяцінстве, глядзеў, як яго дзед Пётр Пятровіч Дубяга пляце кошыкі, вырабляе драўляныя бочкі, вазы, старанна выточваючы неабходную форму.

У калекцыі Музея яйка больш за 300 экспанатаў, выкананых з дрэва, лазы, гліны, тэкстылю, пап'е-машэ. Ёсць і некалькі каменных, а таксама керамічныя, каваныя, інкруставаныя саломкай, распісаныя па матывах біблейскіх сюжэтаў і ў стылі беларускай выцінанкі, вязаныя кручком і інш.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Ганна МАСЛЯКОВА, фота - Надзея КАСЦЕЦКАЯ.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі