Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 лютага 2023, 11:48

Вучоны расказаў аб ацэнцы сейсмічнай небяспекі ў зоне БелАЭС

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якія даследаванні па ацэнцы сейсмічнай небяспекі праводзіліся ў зоне БелАЭС, расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі доктар фізіка-матэматычных навук Аркадзь Аронаў.

"Нарматыўная дакументацыя пры будаўніцтве АЭС прадугледжвае даволі шырокі цыкл работ і даследаванняў па ацэнцы сейсмічнай небяспекі. Катастрафічнае землетрасенне 2011 года ва ўсходняй частцы вострава Хансю ў Японіі, якое прывяло да аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1", вымусіла павысіць патрабаванні да ацэнкі ступені сейсмічнай небяспекі і рызыкі пры будаўніцтве атамных электрастанцый", - сказаў Аркадзь Аронаў.

Паводле яго слоў, Цэнтр геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі ўдзельнічаў практычна ва ўсіх сейсмалагічных даследаваннях.

"Мы праводзілі маніторынг сейсмічнай абстаноўкі, вывучалі сейсматэктанічныя ўмовы, праводзілі работы па дэталёвым сейсмічным раяніраванні з выдзяленнем зон магчымага ўзнікнення ачагоў землетрасенняў. Акрамя таго, намі праводзіліся спецыяльныя работы па сейсмічным мікрараяніраванні - гэта раяніраванне пляцоўкі размяшчэння аб'екта па ступені сейсмічных уздзеянняў з улікам рэальных грунтавых умоў", - адзначыў вучоны.

Лакальны сейсмалагічны маніторынг у зоне БелАЭС праводзіцца ў бесперапынным кругласутачным рэжыме з 2008 года. "Адзначу, што гэты маніторынг будзе ажыццяўляцца на працягу ўсіх этапаў жыццёвага цыкла БелАЭС, уключаючы нават этап вываду яе з эксплуатацыі. Цяпер мы прадаўжаем працаваць у гэтай зоне. Наша лакальная сейсмалагічная сетка складаецца з васьмі пунктаў назіранняў, з дапамогай якіх мы кантралюем сейсмічную абстаноўку і кантралюем узровень параметраў праектных асноў", - рэзюмаваў галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі