Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 кастрычніка 2019, 10:39

Вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі пройдзе ў Астравецкім раёне

11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэманстрацыйнае вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі з задзейнічаннем сістэмы апавяшчэння пройдзе сёння ў Астравецкім раёне, паведамілі БЕЛТА ў МНС.

Беларускія ведамствы маюць намер удасканаліць зладжанасць і аператыўнасць дзеянняў пры ўзнікненні НС, выпрацаваць кіраўніцкія рашэнні і адтрэніраваць інфармацыйнае ўзаемадзеянне. "Каб не ствараць нязручнасцей грамадзянам, адпрацоўка эвакуацыі пройдзе з прыцягненнем статыстаў. Напярэдадні ратавальнікі адрасна праінфармавалі ўсіх жыхароў вёсак - 183 чалавекі ў васьмі населеных пунктах", - расказалі ў МНС.

Персанал АЭС прадэманструе дзеянні па лакалізацыі і ліквідацыі аварый на рэактарным абсталяванні, эвакуацыю і ўкрыцце ў ахоўных збудаваннях, функцыянаванне крызіснага цэнтра і інфармацыйнае ўзаемадзеянне. Падраздзяленні МНС ліквідуюць пажар склада дызельнага паліва ва ўмовах аварыйнай абстаноўкі.

"На выездзе з в.Баброўнікі для рэгістрацыі грамадзян і выдачы адпаведных пасведчанняў будзе арганізаваны зборны эвакуацыйны пункт. У медпункце забяспечаць сродкамі абароны, правядуць ёдную прафілактыку. Для выезду з ўмоўна брудных зон у чыстыя прадугледжаны кантрольна-размеркавальныя пункты. Ахову грамадскага парадку забяспечаць работнікі РАУС. У пункце часовага рассялення на базе мясцовай гімназіі арганізуюць выдачу адзення, харчавання, будуць аказваць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу", - праінфармавалі ў МНС.

Плануецца задзейнічаць звыш 270 чалавек і больш за 40 адзінак тэхнікі, уключаючы сілы і сродкі МНС, МУС, Мінабароны, Дзяржпагранкамітэта, Міністэрства аховы здароўя, а таксама падраздзяленняў дзяржкарпарацыі "Расатам".

Праводзячы вучэнне, Беларусь дзейнічае ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і зыходзіць з безумоўнай прыярытэтнасці гарантавання бяспекі пры рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі