ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 23 кастрычніка 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 кастрычніка 2020, 15:21

Вучэнне АДКБ стала крокам да павышэння рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі - Хрэнін

Віктар Хрэнін
Віктар Хрэнін

16 кастрычніка, Віцебскі раён /Кар. БЕЛТА/. Камандна-штабное вучэнне з міратворчымі сіламі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы "Непарушнае братэрства - 2020" стала адным з крокаў на шляху павышэння рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, заявіў журналістам міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ацэньваючы маштабнае вучэнне на палігоне Лосвіда Віцебскага раёна, Віктар Хрэнін адзначыў, што пастаўленыя мэты былі дасягнуты, задачы выкананы. Камандзіры і штабы атрымалі магчымасць на практыцы кіраваць войскамі і адтачыць свае навыкі. "З упэўненасцю магу сказаць, што "Непарушнае братэрства - 2020" стала не толькі пляцоўкай для адпрацоўкі пытанняў абмену вопытам, павышэння вывучкі войскаў. Яно таксама стала месцам для паляпшэння з'яднанасці паміж войскамі краін - удзельніц АДКБ, нашымі народамі. Вучэнне - адзін з крокаў на шляху павышэння рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі", - адзначыў міністр абароны Беларусі.

У гэтым годзе "Непарушнае братэрства-2020" упершыню праходзіла ў фармаце камандна-штабнога вучэння. Адна з галоўных асаблівасцей - уключэнне міратворчай місіі АДКБ у склад удзельнікаў. "У час вучэння яна адпрацавала ўвесь комплекс мер уздзеяння ваенна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага характару па стабілізацыі абстаноўкі ў крызісным раёне. Мы бачым, што вучэнне праходзіць на фоне складанай абстаноўкі ў некаторых краінах і рэгіёнах. На жаль, становімся сведкамі з'яўлення новых выклікаў і рызык міру і бяспецы. У гэтых умовах важна кансалідацыя ўсіх намаганняў саюзнікаў, рэгіянальных і міжнародных арганізацый. Беларусь, праводзячы міралюбівую палітыку, станавілася пляцоўкай для перагавораў па вырашэнні канфліктных сітуацый. На гэтым фоне задачы, якія вырашаліся ў час вучэння "Непарушнае братэрства-2020", для нас вельмі важныя", - дадаў Віктар Хрэнін.

Сёння ў Віцебскім раёне завяршылася камандна-штабное вучэнне з міратворчымі сіламі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы "Непарушнае братэрства - 2020". У манеўрах удзельнічалі кантынгенты дзяржаў - членаў АДКБ, аператыўныя групы Аб'яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ, паліцэйскія (міліцэйскія) сілы і выратавальныя падраздзяленні. Агульная колькасць удзельнікаў склала больш за 900 чалавек, было задзейнічана звыш 120 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку беспілотныя лятальныя апараты і верталёты. Вучэнне праводзілася ў два этапы.

На мерапрыемства прыбылі афіцыйныя дэлегацыі дзяржаў - членаў АДКБ, Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа і іншых міжнародных арганізацый. У якасці наглядальнікаў на фінальным этапе вучэння ўдзельнічалі ваенныя аташэ, акрэдытаваныя пры Міністэрстве абароны Беларусі, якія прадстаўляюць 14 краін: Балгарыю, Венесуэлу, В'етнам, Казахстан, Літву, Польшчу, Расію, Сербію, Сірыю, Туркменістан, Турцыю, Германію, Чэхію і Таджыкістан. Для замежных ваенных аташэ быў праведзены спецыяльны брыфінг.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі