30 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. ВНУ Беларусі і Расіі падпішуць на палях Форуму рэгіёнаў больш за 40 дагавораў, паведаміла першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава ў час секцыйнага пасяджэння "Інтэграцыя сістэмы вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі: рэгіянальны аспект" на палях ІX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з расійскімі рэгіёнамі належыць да прыярытэтных напрамкаў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і служыць фундаментам гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і сацыяльна-культурных адносін. Адзначу, што ўзаемадзеянне ў адукацыйнай сферы ажыццяўляецца з 73 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі абмяркоўваліся ў ходзе 12 сумесных пасяджэнняў рабочых груп па ўзаемадзеянні Рэспублікі Беларусь з рэгіёнамі Расіі. Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва ў сферы адукацыі застаюцца: рэалізацыя маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы і стварэнне сумесных праграм маладзёжных абменаў, павышэнне акадэмічнай мабільнасці навучэнцаў, навуковых і педагагічных работнікаў, далейшае ўдасканаленне і збліжэнне сістэм адукацыі Саюзнай дзяржавы, стварэнне механізма сумеснай акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі", - расказала Ірына Старавойтава.
Паводле яе слоў, адным з напрамкаў міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва з'яўляецца рэалізацыя прамых дагавораў. "Цяпер дзейнічае больш за 1800 прамых дагавораў. Адзначу, што на палях толькі гэтага форуму будзе падпісана больш за 40 дагавораў. Павялічылася колькасць сумесных адукацыйных праграм, сеткавае ўзаемадзеянне, акадэмічная мабільнасць, узаемныя стажыроўкі і курсы павышэння кваліфікацыі, - адзначыла першы намеснік міністра. - Вырашэнне пытання аб стварэнні праграмы Саюзнай дзяржавы для развіцця ўзаемнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў нашых ВНУ, падтрымкі стажыровак выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў садзейнічала б умацаванню гэтага напрамку супрацоўніцтва. Прадаўжаецца работа па прапрацоўцы пытанняў аб сумеснай экспертызе адукацыйнай дзейнасці арганізацый і незалежнай ацэнкі якасці адукацыі пры рэалізацыі праграм вышэйшай адукацыі. Гэтаму будзе садзейнічаць выпрацоўка адзіных крытэрыяў да ацэнкі дзейнасці беларускіх і расійскіх ВНУ, у частцы ўдасканалення навуковай дзейнасці, якасці адукацыйнага працэсу, прасоўванне навуковых даследаванняў работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі".
IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі "Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы" адкрыўся сёння ў Гродне. У першай палавіне дня працуюць 6 секцыйных пасяджэнняў: "Заканадаўства Саюзнай дзяржавы: сучасны стан і асноўныя напрамкі далейшага збліжэння", "Супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ва ўмовах новага міжнароднага кліматычнага парадку дня", "Беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў сферы АПК як важнейшая ўмова забеспячэння харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы", "Адзіная навукова-тэхналагічная прастора Расіі і Беларусі як фактар забеспячэння глабальнай канкурэнтаздольнасці і бяспекі Саюзнай дзяржавы", "Інтэграцыя сістэмы вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі: рэгіянальны аспект", "Эфектыўнае імпартазамяшчэнне ў Саюзнай дзяржаве: праекты, стымулы, каардынацыя".
У другой палавіне дня адбудзецца сумеснае пасяджэнне Прэзідыума Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і Савета Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Феэдрацыі, пасяджэнне Беларуска-Расійскага дзелавога савета, дзявятае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.-0-