Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 верасня 2025, 10:49

Вярхоўны Суд растлумачыў, калі дзеянні ў інтэрнэце будуць лічыцца хуліганствам

Фота з архіва
Фота з архіва
30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ці сустракаюцца ў судовай практыцы крымінальныя справы аб хуліганстве, учыненым з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, расказаў у інтэрв'ю БЕЛТА суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі.

У новай рэдакцыі пастановы Пленума Вярхоўнага Суда аб судовай практыцы па справах аб хуліганстве ёсць растлумачэнні, якія датычацца праяўлення відавочнай непавагі да грамадства ў сродках масавай інфармацыі альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі.

Ігар Любавіцкі растлумачыў, што пры актуалізацыі пастановы пленума распрацоўшчыкі ўлічвалі развіццё грамадства ў інфармацыйным плане.

"Актуалізацыя пастановы пленума ў гэтай частцы выклікана ў тым ліку абмеркаваннем (не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах) пытання, што рабіць з людзьмі, якія размяшчаюць у інтэрнэце інфармацыю з прыкметамі відавочнай непавагі да грамадства. Перад намі таксама было пастаўлена гэта пытанне. Неабходна было паспрабаваць упарадкаваць паводзіны асоб у сетцы Інтэрнэт і, магчыма, прадугледзець іх адказнасць", - адзначыў суддзя.

Даўшы адпаведнае растлумачэнне, Пленум Вярхоўнага Суда прадугледзеў сітуацыі, якія могуць узнікаць, каб у выпадку праяўлення такіх дзеянняў адэкватна і правільна прыцягваць да адказнасці асоб, якія іх учынілі. У судовай практыцы такіх пакуль не было. Гэта растлумачэнне пленума з'яўляецца новым.

"Аднак такое ўказанне не значыць, што любая інфармацыя, якая размешчана ў інтэрнэце і ў якой выказана відавочная непавага да грамадства, будзе крымінальна каральным хуліганствам, - заўважыў Ігар Любавіцкі. - Маецца на ўвазе, што толькі тая інфармацыя можа быць прызнана злачынствам, якая вызначаецца па сваім змесце выключным цынізмам і ў выніку яе размяшчэння ў нашым, неінфармацыйным, свеце груба парушаны грамадскі парадак, і гэтыя дзеянні ўчынены з хуліганскім матывам".

Відавочна, што хуліганства ў інфармацыйным полі павінна падпадаць пад прыкметы крымінальна каральнага дзеяння. Напрыклад, размешчаная ў сетцы інфармацыя павінна быць спалучана з відавочнай непавагай да грамадства, павінна быць выключна цынічнай, а ў выніку яе размяшчэння ў рэальным жыцці груба парушаны грамадскі парадак (сарвана масавае мерапрыемства, парушана работа ўстаноў, арганізацый і інш.).-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі