Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 кастрычніка 2021, 15:48

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны: Аб чым мару ў 100 гадоў? Аб жыцці!

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Пятру Сяргеевічу Іванову сёння споўнілася 100 гадоў, з юбілеем яго прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі кіраўніцтва адміністрацыі і ваеннага камісарыята Савецкага раёна Мінска і іншыя госці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы думалі сямейна адзначыць, каб толькі я і сястра былі. Але як тут ад гасцей "выратавацца", сто гадоў жа!" - вітаў першых віншавальнікаў унук юбіляра Аляксандр Іваноў. У іх ліку кіраўніка музея СШ нумар 122 Людмілу Сцяпанаву і двух вучняў - 6 і 11 класаў. Дзеці ўжо шмат ведаюць пра баявы шлях і пасляваеннае жыццё Пятра Іванова, які раней быў частым госцем у школе. Пра яго ўстанова нават зняла відэафільм з успамінамі ад першай асобы.

Пётр Сяргеевіч прайшоў дзве вайны. Спачатку была фінская, у якой ён удзельнічаў у складзе 49-га знішчальнага авіяцыйнага палка са снежня 1939 па сакавік 1940 года. У Вялікую Айчынную на пасадзе авіямеханіка дапамагаў змагацца з ворагам спачатку на Заходнім фронце: да снежня 1942 года - у складзе 627-га знішчальнага авіяцыйнага палка ВПС 43-й арміі, потым у складзе Авіяцыйнага атрада кіравання 1 ПА. І да Дня Перамогі ўжо ў складзе 3-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у вызваленчых баях, дайшоўшы да Кёнігсберга. Цікавы факт: нейкі час Пётр Іваноў быў у адной авіяцыйнай дывізіі з Васілём Сталіным, размаўляў з яго аднапалчанамі.

На грудзях ветэрана сярод узнагароднай броні самыя пачэсныя месцы займаюць два ордэны "Чырвонай Зоркі", медалі "За абарону Масквы", "За ўзяцце Кёнігсберга", "За перамогу над Германіяй". Але галоўная ўзнагарода для яго - заваяванае мірнае жыццё. Адзін з памятных эпізодаў вайны - калі ў час частых бамбёжак нямецкіх знішчальнікаў Пётр Сяргеевіч цудам застаўся жывы. У аблюбаванае ім сховішча - ямку пад дрэвам - трапіў снарад якраз тады, калі воін пайшоў пераначаваць у суседнюю вёску, паколькі прыхварэў. Страшна, вядома, было і ў небе. "Ляціш ноччу, вакол агонь стральбы. Ззаду па нас бамбяць - нават пяткі гараць!" - успамінае ветэран.

З самалётамі ён не расставаўся і доўгі час пасля вайны, служыў у паветрана-дэсантных войсках у Віцебску. Агульны стаж ваеннай службы - 40 гадоў, потым яшчэ больш за 30 гадоў на грамадзянскай службе, з якіх самы доўгі і цікавы перыяд быў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР, дзе былы ваенны дапамагаў як тэхнік-лабарант на розных устаноўках.

На рахунку Пятра Сяргеевіча - парад Перамогі і потым яшчэ чатыры парады ў Маскве. Таму нядзіўна, што віншаванні ў гэты дзень да яго ляцяць нават з Крамля. Чакаюцца ў госці і прадстаўнікі пасольства Расіі. А наш візіт перапыняе званок з Луганска: хоць вельмі няпроста дазваніцца, але юбіляра павіншаваць хочуць блізкія людзі і адтуль.

"Баявых таварышаў ужо нікога не засталося", - з сумам адзначае Пётр Іваноў. А на пытанне, аб чым можна марыць у 100 гадоў, адказвае: "Аб чым я мару? Аб жыцці! Пражыць яшчэ крыху, хоць сэрца пачало ўжо здаваць". "На колькі, па-вашаму, я выглядаю? Калі на 85, то астатак да ста яшчэ накінуць бы", - разважае юбіляр.

"Можна пазайздросціць яго бадзёрасці духу. Думаю, доўгажыхарства менавіта з-за яго асаблівай загартоўкі: калі фізічнаму здароўю садзейнічае моцны дух. Ён жыве і натхняе нас сваім энтузіязмам і імкненнем жыць", - сказаў кіраўнік Савецкага раёна Сяргей Хільман.

Разам з ваенным камісарам, палкоўнікам Дзмітрыем Пташнікам яны прыйшлі ў госці не з пустымі рукамі: уручылі падарунак, кветкі і прывітальны адрас. "Служу Радзіме!" - бадзёра аддаў чэсць юбіляр. І не схітраваў, таму што для яго Радзіма - гэта ўсе тыя землі, якія ён з іншымі воінамі вызваляў ад фашыстаў. Да таго ж нарадзіўся Пётр Сяргеевіч у Благавешчанску Хабараўскага края, а Мінск стаў для яго ў мірны час другім домам, для якога ён таксама зрабіў нямала.

"Такія ветэраны - вялікі здабытак нашай краіны. Яны памятаюць і расказваюць моладзі аб тых ліхіх гадах, калі трэба было адстойваць свабоду і незалежнасць, а пасля вайны аднаўляць краіну, - адзначыў кіраўнік Савецкага раёна, віншуючы юбіляра. - Ветэранаў застаецца ўсё менш і менш, таму нам трэба ўсе сілы прыкладаць, каб захаваць такіх людзей. Для гэтага шмат робіцца і ў горадзе, і ў краіне".

У Савецкім раёне сталіцы, акрамя Пятра Іванова, пражывае яшчэ 101-гадовы ветэран - Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер двух ордэнаў баявога Чырвонага Сцяга Слабада Аляксандр Іванавіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі