Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 лютага 2023, 14:51

"Вельмі сучасны інстытут". Чупрыс назвала паказальныя напрамкі дзейнасці натарыята

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа натарыята ў пытаннях лічбавізацыі і ўзаемадзеянне гэтага інстытута з дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі з'яўляюцца паказальнымі. Аб гэтым заявіла журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Вольга Чупрыс перад пашыраным пасяджэннем праўлення Беларускай натарыяльнай палаты, на якім падводзяць вынікі работы за 2022 год і вызначаюць задачы на 2023-і, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Натарыят, з аднаго боку, кансерватыўная юрыдычная прафесія, з іншага - належыць да вельмі сучаснага інстытута, адзначыла Вольга Чупрыс. "Дзеянні, якія ажыццяўляюць натарыусы, афармляюцца ў выглядзе натарыяльных дакументаў, і многія захоўваюцца вечна. Адпаведна неабходна іх асучасніваць, каб яны былі даступныя, у тым ліку для будучых пакаленняў. Натарыят, усведамляючы ступень гэтай адказнасці, алічбоўвае гэтыя дакументы, ствараючы лічбавы архіў. У гэтым сэнсе ні адзін орган не можа зраўнавацца з натарыятам, хіба што гістарычныя музеі або бібліятэкі", - заўважыла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Паводле яе слоў, паказальная і работа з дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі. "Таксама і ў пытаннях узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі натарыят наперадзе ўсіх, забяспечваючы анлайн-суправаджэнне сваёй дзейнасці. Таму я сказала б, што натарыят вельмі сучасны", - адзначыла Вольга Чупрыс.

Гаворачы аб лічбавізацыі, яна заўважыла, што гэта даволі працяглы працэс, і адразу ён не вырашаецца. Кансерватызм натарыусаў добры ў тым плане, што яны ўмеюць сфарміраваць план і кіравацца ім, выбудоўваючы сваю стратэгію і тактыку. "Усё, вядома, не трэба алічбоўваць, у тым ліку адназначна не трэба пераходзіць толькі на анлайн-фармат стасункаў з грамадзянамі: няма нічога лепшага, чым жывыя стасункі паміж натарыусам і грамадзянінам. Хоць сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць такія стасункі забяспечыць, лепш наладзіць непасрэдны псіхалагічны кантакт", - упэўнена намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Паводле яе слоў, натарыусы як высакакласныя спецыялісты ў галіне цывілістыкі могуць якасна данесці сутнасць нарматыўных прававых актаў, і жывыя стасункі ў гэтым выпадку, несумненна, у прыярытэце. "Таму я не сказала б, што трэба пераводзіць усё ў лічбавы фармат стасункаў", - сказала яна.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама растлумачыла прычыну свайго ўдзелу ў пасяджэнні. "Што датычыцца маіх стасункаў з натарыусамі, то яны будуць у рэчышчы ацэнкі тых падзей, якія адбываюцца ў краіне і свеце цяпер. Акрамя агульных эканамічных і палітычных трэндаў, неабходна закрануць яшчэ і момант, які датычыцца асаблівасцей гэтага года, паколькі мы да канца года ўваходзім у актыўны электаральны цыкл", - заўважыла яна.

Так, у пачатку наступнага года беларусаў чакае адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, далей - членаў Савета Рэспублікі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. "Адпаведна трэба чакаць росту актыўнасці дэструктыўных сіл, каб расхістаць абстаноўку ў краіне. Вядома, натарыусы, як і любыя грамадзяне нашай краіны, павінны быць узброены ведамі. Аб гэтым мы таксама будзем з імі гаварыць", - дадала Вольга Чупрыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі