Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 жніўня 2020, 16:32

Важна захаваць мір і спакой у краіне - меркаванні

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларусаў не павінна быць агрэсіі і злосці з абодвух бакоў нават на вулічных акцыях. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА заслужаны настаўнік БССР, адказны сакратар Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын Надзея Лось, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была малалетняй вязніцай фашысцкага канцлагера "Азарычы".

"Як маці і жанчына я абурана тым, што адбываецца на вуліцах і тым, што беларусы ідуць супраць беларусаў, - сказала Надзея Лось. - Мы талерантны і спакойны народ, заўсёды ўмеем выслухоўваць меркаванні іншых. Мы дружалюбны народ і такім павінны заставацца заўсёды".

"Я ўспамінаю страшны час Вялікай Айчыннай вайны, калі гінулі бязвінныя людзі, і не дай Бог, каб такое калі-небудзь давялося ўбачыць нашым дзецям і ўнукам", - падкрэсліла яна.

"Тады быў ваенны час, і людзі паміралі кожны дзень. Але цяпер спакойны, мірны час. І не трэба яго разбураць уласнымі рукамі, дарагія беларусы! Цяпер - час дыялогу і мірных абмеркаванняў. Мы, старэйшае пакаленне, выступаем за тое, каб краіна развівалася, рухалася далей, але ўсё гэта павінна адбывацца мірным шляхам, як і рабілася ўсе гэтыя гады", - пераканана адказны сакратар Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Чытаць далей

Раінчык: хачу і далей жыць у мірнай і спакойнай краіне

Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў кампазітар і піяніст, народны артыст Беларусі Васіль Раінчык.

"Я дастаткова пажыў, мне пайшоў ужо восьмы дзясятак, таму я магу параўнаць, як мы жылі раней і цяпер. Я наогул не разумею, што перашкаджае людзям спакойна жыць і працаваць. Ніякіх забарон для гэтага няма", - сказаў Васіль Раінчык.

Паводле яго слоў, плошча - гэта не месца для выказвання свайго меркавання. "Я чалавек з іншай эпохі, і ў мяне ўсё гэта выклікае здзіўленне. Я хачу і далей жыць у мірнай і спакойнай краіне, гуляць па вуліцах любімага горада і не баяцца за жыццё сваіх блізкіх", - адзначыў народны артыст.

Фінберг: музыкант павінен займацца музыкай, а не палітыкай

Аб гэтым мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі народны артыст, прафесар Міхаіл Фінберг, каменціруючы рашэнне народнага артыста СССР, скрыпача і дырыжора Уладзіміра Співакова адмовіцца ад ордэна Францыска Скарыны, уручанага яму Аляксандрам Лукашэнкам у 2014 годзе.

"Уладзімір Співакоў - гэта выдатны расійскі музыкант. Але музыкант павінен займацца музыкай, а не палітыкай", - сказаў Міхаіл Фінберг.

Маэстра адзначыў, што кіраўніцтва краіны шчыра на дзяржаўным узроўні ацаніла яго заслугі ў мастацтве. "Уладзіміра Співакова столькі разоў прымалі ў Беларусі ў навучальных установах і ў лепшых залах. Ён аб'ездзіў шмат краін свету і бачыў, дзе дрэнна, а дзе добра. У нашай краіне ўсё добра", - дадаў ён.

Беларусам неабходна быць разам і не паддавацца на правакацыі - Пракапцоў

Такі зварот на сайце Нацыянальнага мастацкага музея размясціў генеральны дырэктар установы старшыня Асацыяцыі грамадскіх аб'яднанняў "Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў" Уладзімір Пракапцоў.

"За гады незалежнасці зроблена шмат: краіна стала вядомай у свеце сваім таленавітым і працавітым народам, у тым ліку дасягненнямі ў сферы культуры і мастацтва. Але трэба зрабіць яшчэ больш. Значных вынікаў мы дасягнём толькі ў мірнай і стабільнай дзяржаве. Мы розныя, а Беларусь у нас адна, таму неабходна быць разам, не паддавацца на правакацыі, каб захаваць сваю радзіму", - сказаў Уладзімір Пракапцоў.

Паводле яго слоў, беларусы заўсёды былі талерантнымі і мудрымі людзьмі. "Нягледзячы на розныя знешнія выклікі, мы дэманстравалі з'яднанасць перад гістарычным выбарам. Разам выстаім і цяпер", - дадаў ён.

Балюча і страшна бачыць, што адбываецца ў нас у краіне

Балюча і страшна бачыць, што адбываецца ў нас у краіне, заявіла ў эфіры "Беларусь 1" старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў" Таццяна Краўчанка.

"Балюча бачыць, што адбываецца ў нас у краіне, вельмі крыўдна за ўсіх і нават страшна. Асабліва за дзяцей, якія трапляюць у такую сітуацыю. Хоць мы вельмі прасілі, каб бацькі нейкім чынам пасадзейнічалі, каб іх дзеці не выходзілі ў гэты час на вуліцу, каб не трапляць у гэты кругаварот. Беспарадкі ўчыняюць тыя, каму абсалютна абыякава, што ў нас будзе ў краіне, і ўцягваюць у гэты вір усіх тых, хто нават не хацеў выйсці на плошчу і трапіць у гэту сітуацыю", - сказала Таццяна Краўчанка.

Старшыня аб'яднання заклікала людзей да разважлівасці. "Усё гэта робіцца наўмысна, каб прывесці нашу краіну ў незразумелы стан. Гэта нават не ўкладваецца ў галаве, як у нас у Беларусі магло такое здарыцца", - дадала яна.

Давайце зробім усё магчымае, каб мір запанаваў на беларускай зямлі

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі заклікаў беларусаў да стрыманасці і мудрасці.

"Давайце зробім усё магчымае, каб мір запанаваў на нашай благаславёнай беларускай зямлі. Я заклікаю ўсіх да стрыманасці і мудрасці, - сказаў Мітрапаліт Павел. - Я звяртаюся сёння і да нашых свяшчэннаслужыцеляў, таму што чую, як некаторыя з іх, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы, сацыяльныя сеткі, спрабуюць увайсці са сваім асабістым меркаваннем, разважаючы аб цяперашніх падзеях. Але ж у кожнага - сваё меркаванне. Госпадам мы прызваны не ўмешвацца ў палітычныя пытанні і справы. Палітыкай павінны займацца палітыкі, а мы, свяшчэннаслужыцелі, павінны супакойваць сэрцы людзей".

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі таксама падкрэсліў, што хрэсны ход не павінен выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах. "Сёння, на жаль, падбухторшчыкі спрабуюць выкарыстоўваць нашы царкоўныя традыцыі, заклікаюць нас выходзіць на хрэсны ход. Але калі яны дарэчы, калі яны традыцыйныя, тады яны прынясуць карысць. А калі нас спрабуюць выкарыстоўваць у сваіх нейкіх палітычных мэтах, то гэты хрэсны ход не на карысць паслужыць. Таму хто хоча памаліцца, я ўсіх заклікаю прыходзіць у храмы і маліцца. Я веру і спадзяюся, што мір благаславёны запануе на нашай зямлі", - адзначыў ён.

Мітрапаліт Павел прыняў удзел у закладцы капсулы на будаўніцтве храма ў гонар святога прападобнага Серафіма Сароўскага ў Мінску.

Прашу беларусаў не дапускаць вайны - перасяленка з Луганска

У мірнай Беларусі стала страшна амаль як у Луганску. Такім меркаваннем з журналістамі падзялілася інструктар-метадыст фізічнай рэабілітацыі Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра дзяцей-інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Дутчак, якая прыехала ў Беларусь з-за ваенных дзеянняў на тэрыторыі роднага Луганска. Яна заклікала беларусаў да міру і заканчэння пратэстаў.

"Я прыехала ў мірную краіну. Тое, што цяпер адбываецца, - гэта кашмар. Я прашу ўсіх, асабліва маці, каб не пускалі туды дзяцей, бераглі мір і не дапускалі вайны. У нас усё пачыналася так: мірныя акцыі, а потым паляцела ўсё. Пачатак быў у Кіеве, мы толькі па тэлевізары глядзелі. Проста працавалі, у нас у Луганску ўсё было спакойна. І мы не разумелі, што адбываецца. У шоку былі, калі глядзелі тэлевізар. А потым бомбы паляцелі на Луганск, - эмацыянальна выказалася Вікторыя Дутчак. - Гэта быў жах. Я ратавала свайго сына, везла сюды".

Жанчына папрасіла беларусаў не выходзіць ні на якія акцыі. "Калі ты незадаволены, ну, напішы, чым ты незадаволены", - лічыць перасяленка з зоны канфлікту.

Разам з сынам Вікторыя Дутчак пераехала з Луганска ў Беларусь у 2015 годзе, на радзіме ж засталіся маці, іншыя сваякі. Выбар краіны яна растлумачыла проста: спакой і незалежнасць. Жыла ў далёкіх сваякоў, шукала работу ў паліклініках, але там прапаноўвалі толькі месца медсястры. А ў Вікторыі Дутчак быў за плячамі вопыт работы ў рэабілітацыйным цэнтры інструктарам-метадыстам. Выпадкова яна даведалася пра рэспубліканскі цэнтр, дзе спецыяліст яе кваліфікацыі якраз быў патрэбны. "Мяне адразу ўзялі на работу па спецыяльнасці, прынялі ў сваю сям'ю, - з удзячнасцю адзначыла яна. - Спецдазвол быў бясплатны. І сына майго ўзялі вучыцца бясплатна ў каледж, далі інтэрнат яму. А я здымала кватэру. У 2018 годзе выйшла замуж. І ў нас усё добра".

ФПБ заклікае ўсіх спыніць насілле і прыйсці да мірнага дыялогу дзеля будучыні Беларусі

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заклікае ўсіх спыніць насілле і прыйсці да мірнага дыялогу дзеля будучыні Беларусі, адзначаецца ў звароце ФПБ.

"Людзей, якія выходзяць і збіраюцца на пляцоўках заводаў і фабрык, хвалюе напружаная, неспакойная атмасфера і бяспека на вуліцах нашых гарадоў. У Федэрацыю прафсаюзаў паступаюць шматлікія звароты ад працоўных калектываў з просьбай заклікаць усіх як мага хутчэй спыніць насілле, не правакаваць канфлікты, захаваць мір у нашай краіне. Сёння людзей хвалюе пытанне хутчэйшага вызвалення іх дзяцей, родных, калег, якія былі затрыманы. Размова ідзе пра тых, хто апынуўся ў месцах правядзення вулічных акцый і не парушаў грамадскі парадак. Мы падзяляем гэтыя заклікі і настойваем, каб органы правапарадку як мага хутчэй вызвалілі гэтых людзей і правялі адкрытае і аб'ектыўнае расследаванне па кожным выпадку", - расказалі ў ФПБ.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі акажа любую неабходную дапамогу: юрыдычную, псіхалагічную, матэрыяльную тым, хто апынуўся ў складанай сітуацыі. "Мы заклікаем усіх спыніць насілле і прыйсці да мірнага дыялогу дзеля будучыні кожнага з нас і нашай Беларусі", - гаворыцца ў звароце.

Работнікі лясной галіны Беларусі выступаюць за парадак і спакой у краінеРаботнікі лясной галіны Беларусі выступаюць за парадак і спакой у краіне
"Мы не павінны ісці на повадзе ў тых, хто сее разлад і смуту ў нашай краіне, дзеліць грамадства. Мы хочам спакойна жыць і працаваць у роднай Беларусі", - гаворыцца ў сумеснай заяве.

Сівак аб падзеях у Мінску: "Эмоцыі б'юць цераз край"Сівак аб падзеях у Мінску: "Эмоцыі б
"Падумайце: можна застацца дома - застануцца дома і работнікі праваахоўных органаў", - рэзюмаваў мэр Мінска.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі