Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 жніўня 2024, 15:56

Варановіч: Беларусь зацікаўлена ў росце турыстычнага патоку з Кітая

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў росце турыстычнага патоку з Кітая. Аб гэтым заявіла ў Мінску на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага развіццю турызму паміж Беларуссю і Кітаем, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Дэпартамента па турызме, Нацыянальнага агенцтва па турызме, беларускія тураператары і дэлегацыя тураператараў Кітайскай Народнай Рэспублікі, якая знаходзіцца ў краіне. "На працягу некалькіх дзён вы маглі ўбачыць не толькі Мінск, але і рэгіёны. Нам цікава даведацца ваша меркаванне, уражанні, зразумець перспектывы ўзаемадзеяння, прыезду турыстычных груп у краіну, - сказала Ірына Варановіч. - Адзначым асноўныя праблемныя пытанні, што неабходна зрабіць, каб узаемныя патокі павялічваліся".

Дырэктар дэпартамента звярнула ўвагу на інтарэс грамадзян Кітая да Беларусі, што адлюстроўваюць лічбы статыстыкі. Разам з тым патэнцыял намнога вышэйшы. Прымаюцца меры для развіцця супрацоўніцтва ў сферы турызму, падпісаны адпаведныя мемарандумы і дагаворы. Вызначаны кампаніі, якія могуць працаваць з турыстамі з Паднябеснай. Гасцям даступны прамыя авіярэйсы. Развіваецца інфраструктура: размяшчаюцца паказальнікі на кітайскай мове, падрыхтаваны інфармацыйныя матэрыялы. У буйных гарадах краіны прадстаўлена кітайская кухня, у многіх рэстаранах на кітайскую мову перакладзена меню.

"Вядзецца работа аб узаемным прызнанні віз з Расійскай Федэрацыяй, што адкрые гарызонты наведвання не толькі Беларусі, але гарадоў краіны-суседкі, - адзначыла Ірына Варановіч. - Наша сустрэча стане знакавай, зыходнай кропкай для новага этапу супрацоўніцтва. На працягу многіх гадоў бачым цеснае ўзаемадзеянне на розных узроўнях. Сёння шмат гаворым, чым можа быць цікава Беларусь, але і беларусы таксама з задавальненнем наведваюць Кітай. Нягледзячы на розныя культуры, каштоўнасці, звычаі, нас звязвае шмат агульнага, душэўнае і паважлівае стаўленне да нашай гісторыі".

Прадстаўнікі буйнейшых тураператараў Кітая наведваюць Беларусь у рамках азнаямленчага туру. У цэнтры ўвагі - культурны патэнцыял краіны, варыянты аздараўлення, адпачынку, падарожжаў і дэгустацыі беларускай кухні. Усё больш жыхароў Паднябеснай даведваюцца аб краіне, чаму садзейнічае развіццё адносін паміж Беларуссю і Кітаем. У бакоў узаемны турыстычны інтарэс, прапрацоўваюцца варыянты камбінаваных тураў па Саюзнай дзяржаве. Мерапрыемства нацэлена на інфармаванне прадстаўнікоў КНР аб перспектыўных напрамках, прыцягненне вялікай колькасці турыстаў з Кітая ў нашу краіну, умацаванне дружалюбных сувязей і пошук новых дзелавых партнёраў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі