Сцяг Субота, 12 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 чэрвеня 2025, 12:44

Валодзін: не прымаем скажэнне гісторыі і пастараемся зрабіць усё для абароны памяці

Вячаслаў Валодзін
Вячаслаў Валодзін
16 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Саюзнай дзяржаве не прымаюць скажэнне гісторыі і паспрабуюць зрабіць усё для абароны памяці. Аб гэтым старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Валодзін заявіў 16 чэрвеня ў Брэсце на сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вячаслаў Валодзін адзначыў, што правядзенне сесіі ў Брэсце ў дату 80-годдзя Вялікай Перамогі вельмі сімвалічна. "Беларуская зямля першай прыняла на сябе ўдар фашыстаў. Абарона Брэсцкай крэпасці назаўсёды ўвайшла ў гісторыю як сімвал мужнасці, гераізму савецкіх салдат і афіцэраў, адвагі і стойкасці. Каля сцен Брэсцкай крэпасці пачалася адна з самых цяжкіх старонак нашай агульнай гісторыі", - сказаў ён.

Напярэдадні дэпутаты Парламенцкага сходу наведалі мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" і ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў памяць аб абаронцах Айчыны, а таксама азнаёміліся з работай Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі. "Патрыятычны маладзёжны цэнтр размяшчаецца непасрэдна ў Брэсцкай крэпасці. Калі паглядзець на гэта ўсебакова, убачым, наколькі гэта рашэнне эфектыўна і дазваляе не толькі дзяцей аздараўляць, але і рабіць усё для таго, каб яны раслі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці яны змогуць, далучаючыся да жывой гісторыі, фактычна падзей тых гадоў, многае для сябе зразумець, зрабіць правільныя высновы", - лічыць старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Плануецца прапрацаваць пытанне, каб у патрыятычным цэнтры ў Брэсце разам з дзецьмі з Беларусі аздараўляліся і іх расійскія равеснікі.

"Пры разглядзе бюджэту мы розныя праграмы рэалізуем. Але нам трэба ў першую чаргу для сябе вызначыць прыярытэт - гэта абарона гістарычнай памяці і, вядома, падтрымка маладзёжных арганізацый, рухаў, дзе мы разам можам ствараць умовы для моладзі для таго, каб яны раслі сапраўднымі грамадзянамі нашых дзяржаў, Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў Вячаслаў Валодзін. Ён акцэнтаваў увагу, што Савецкі Саюз панёс вялікія страты, у тым ліку ў Беларусі загінуў кожны трэці. Шматнацыянальны савецкі народ панёс шматлікія ахвяры, каб магла развівацца Еўропа і іншыя дзяржавы.

"Мы не прымаем скажэнне гісторыі і перапісванне, прымяншэнне фактаў і пастараемся зрабіць усё для таго, каб была абаронена памяць пра нашых дзядоў, прадзедаў. Вядома, лічым недапушчальным, калі пачынаюць таптацца на магілах, апаганьваць помнікі нашым салдатам, афіцэрам. Наш абавязак - зрабіць усё, каб абараніць праўду аб Другой сусветнай вайне, Вялікай Айчыннай вайне, перадаючы памяць з пакалення ў пакаленне", - запэўніў старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Дэпутаты Парламенцкага сходу разглядаюць пытанні, звязаныя з рэалізацыяй даручэнняў, дадзеных кіраўнікамі дзяржаў у ходзе правядзення Міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы "Вялікая спадчына - агульная будучыня" ў цяперашнім красавіку ў Валгаградзе. Прынята рашэнне зрабіць яго традыцыйным. Адобрана стварэнне камісіі Парламенцкага сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці. Для яе работы плануецца прыцягнуць вядучых экспертаў і гісторыкаў. На сесіі прынята заява па пытаннях абароны гістарычнай праўды, захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. На парадак дня таксама вынесена абмеркаванне бюджэтных пытанняў.

Да ўдзелу ў рабоце сесіі запрошаны прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі, Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі