
7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч расказаў журналістам аб нарошчванні ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў сферы бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Мінску ў рамках правядзення штогадовых кансультацый апаратаў саветаў бяспекі Беларусі і Расіі 7 чэрвеня праходзіць сустрэча Аляксандра Вальфовіча з сакратаром Савета бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым.
"Сёння была праведзена чарговая двухбаковая сустрэча з маім расійскім калегам Мікалаем Патрушавым. Былі таксама праведзены кансультацыі апаратаў саветаў бяспекі, на якіх разглядаліся пытанні стратэгічнага партнёрства ў сферы забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, разглядаліся пытанні, звязаныя з інфармацыйнай бяспекай у развязанай гібрыднай вайне супраць Саюзнай дзяржавы", - паведаміў журналістам Аляксандр Вальфовіч.

Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, разгледжаны пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. "Быў праведзены глыбокі аналіз ваенна-тэхнічнай сферы. Акрамя таго, было прынята рашэнне, што трэба актуалізаваць і праводзіць работу па развіцці стратэгічных дакументаў. У прыватнасці, дакументаў, якія дадуць магчымасць працаваць над забеспячэннем бяспекі Беларусі і Расіі, што будзе садзейнічаць абароне нашых нацыянальных інтарэсаў", - лічыць Аляксандр Вальфовіч.
Таксама адзначана, што план асноўных напрамкаў інфармацыйнай бяспекі, разлічаны на перыяд з 2019 па 2020 год і прадоўжаны да 2022 года, быў рэалізаваны па ўсіх напрамках. "Прынята рашэнне, што трэба пачаць работу па распрацоўцы новага плана асноўных напрамкаў расійска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Гэта адзін з асноўных напрамкаў. Гэты план стане асновай для практычнай рэалізацыі канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, якая была зацверджана ў пачатку 2023 года", - сказаў ён.
Дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што на кансультацыі разгледжаны ўсе запланаваныя пытанні. "Неразгледжаных пытанняў няма, за дужкамі нічога не засталося. Інакш у стратэгічных партнёраў быць і не можа. Сённяшняя работа паслужыць далейшым крокам ва ўмацаванні стратэгічнага партнёрства і развіцці нашых інтэграцыйных сувязей. Гэта будзе садзейнічаць абароне ад пагроз, якія сёння ўяўляюць небяспеку для нашых народаў", - рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.-0-
Фота Таццяны Матусевіч