Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 ліпеня 2024, 12:58

Вальфовіч: парад у Дзень Незалежнасці дэманструе гатоўнасць Беларусі абараніць народ і свае інтарэсы

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парад у Дзень Незалежнасці ў Мінску дэманструе гатоўнасць Беларусі абараніць народ і нацыянальныя інтарэсы. Аб гэтым заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Некаторыя эксперты на Захадзе лічаць правядзенне парада ў Мінску ў Дзень Незалежнасці сігналам сілы ў адносінах да іх краін - маўляў, Беларусь не мае намеру больш праводзіць чырвоныя лініі і гатова адказаць на любую пагрозу. У сувязі з гэтым Аляксандра Вальфовіча спыталі, як ён расцэньвае правядзенне парада з пункту гледжання геапалітыкі.

"Гэта вельмі важная гістарычная падзея, якой беларускі народ вельмі даражыць. Бо Дзень Незалежнасці 3 ліпеня прымеркаваны да гістарычных фактаў - роўна 80 гадоў таму быў вызвалены Мінск і завершаны першы этап аперацыі "Баграціён". Большая частка тэрыторыі Беларусі была вызвалена", - нагадаў ён. Завяршылася гэта важнейшая стратэгічная аперацыя з вызваленнем Польшчы, краін Балтыі, прадэманстраваўшы моц Чырвонай Арміі, патрыятызм савецкага народа. "Таму значэнне парада і гэтай даты (3 ліпеня, Дня Незалежнасці. - Заўвага БЕЛТА) для беларускага народа вельмі вялікае. Мы цэнім, памятаем сваю гісторыю, ганарымся ёй", - падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Наконт нейкіх чырвоных ліній ён сказаў: "Парад не нацэлены на дэманстрацыю пагрозы Захаду. Ні ў якім разе. Мы нікому ніколі не пагражалі і не пагражаем. Але мы прадэманстравалі тое, што ёсць на ўзбраенні УС Беларусі і на ўзбраенні нашага стратэгічнага партнёра - Расійскай Федэрацыі. І гэта не ўсё, што мы маглі б паказаць. Сучасных узораў тэхнікі, сродкаў узбраення значна больш. А прадэманстраваны лепшыя ўзоры, якія ёсць на ўзбраенні".

"Парад дэманструе гатоўнасць абараніць наш народ і нацыянальныя інтарэсы, гатоўнасць забяспечыць мір і бяспеку на тэрыторыі нашай краіны і заходніх граніц Саюзнай дзяржавы. Ён нацэлены на дэманстрацыю мірных ініцыятыў і добразычлівага стаўлення нашай краіны да ўсіх - суседзяў у першую чаргу і ўсіх краін, якія хочуць жыць у міры і супрацоўнічаць з намі. Толькі гэта", - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Ён звярнуў увагу, што ў парадзе прымалі ўдзел прадстаўнікі дружалюбных для Беларусі краін, што сведчыць аб адзінстве інтарэсаў па забеспячэнні агульнай бяспекі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі