ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 снежня 2021
Мінск Малавоблачна -13°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лістапада 2021, 11:16

Вальфовіч: міжнародная архітэктура бяспекі разбураецца на вачах

Аляксандр Вальфовіч
Аляксандр Вальфовіч

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная архітэктура бяспекі разбураецца на вачах, заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Ён прымае ўдзел у IX Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах забеспячэння нацыянальнай бяспекі "Бяспека ва ўмовах трансфармацыі пагроз: актуальныя праблемы і рашэнні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы сутыкаемся з новымі рызыкамі і выклікамі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Рэаліі цяперашняга часу такія: першае, што прыходзіць, - гэта гібрыдныя войны, кіберпагрозы, пытанні, звязаныя з біялагічнай небяспекай, ваенныя канфлікты, міжнародны тэрарызм, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў злачынных мэтах. Гэтыя і іншыя пагрозы ўздзейнічаюць на ўсе дзяржавы і з імі даводзіцца змагацца, выпрацоўваць эфектыўныя рашэнні. Гэтым пытанням прысвечана навукова-практычная канферэнцыя. Акрамя таго, міжнародная архітэктура бяспекі сёння разбураецца на вачах. У арсенал сродкаў націску ўваходзяць такія метады, як палітычныя, эканамічныя санкцыі, ваенная актыўнасць на тэрыторыях сумежных дзяржаў. Беларусь, на жаль, таксама зведвае на сабе ўвесь арсенал гэтых сродкаў націску. Тое, што адбываецца на сумежных тэрыторыях, не можа не выклікаць неспакой. Гэта нарошчванне актыўнасці блока НАТА, павелічэнне колькасці вучэнняў", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.

На думку дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, гэтыя і іншыя ўзнятыя на канферэнцыі праблемы патрабуюць актыўнага абмеркавання з прыцягненнем вядучых вучоных і экспертаў, выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў для іх выкарыстання пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

За мінулы год больш за 50 значных вучэнняў прайшлі на тэрыторыі сумежных дзяржаў, у тым ліку каля граніц Рэспублікі Беларусь. "Сёння праходзяць 5 вучэнняў на тэрыторыях Польшчы і Латвіі, групоўка войскаў, якая ў іх задзейнічана, перавышае 14 тыс. чалавек. Многа гэта ці мала? Напэўна, дастаткова для таго, каб развязаць нейкі пагранічны канфлікт або справакаваць сумежную краіну для прыняцця адэкватных мер рэагавання. Зыходзячы з гэтага ўтрыманне ў пастаяннай баявой гатоўнасці не толькі Узброеных Сіл, а наогул усіх сіл і сродкаў сістэмы нацыянальнай бяспекі з'яўляецца важнейшым фактарам. Напэўна, таму гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі Прэзідэнта краіны, галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі. Удзяляецца вялікая ўвага будаўніцтву і развіццю Узброеных Сіл як ядру ваеннай арганізацыі дзяржавы. Ажыццяўляецца набыццё новых самалётаў, верталётаў, браніраваных аўтамабіляў, рэактыўных сістэм залпавага агню, сродкаў назірання, прыцэльвання, аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі. На кантролі ў Прэзідэнта знаходзяцца і пытанні падрыхтоўкі асабовага складу, праводзім адпаведныя камандна-штабныя вучэнні, - адзначыў дзяржсакратар. - Іншы важны вектар, які будзе разглядацца, у тым ліку на канферэнцыі - гэта ваенна-палітычны. Для нас гэта СНД, АДКБ, узаемадзеянне і супрацоўніцтва з нашымі стратэгічнымі партнёрамі, акрамя Расійскай Федэрацыі гэта Кітайская Народная Рэспубліка. Толькі разам можна выпрацаваць комплекс мер, якія дадуць магчымасць рэагаваць на пералічаныя пагрозы".

Важнае пытанне - ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. "Гэта аснова забеспячэння нацыянальнай бяспекі, захавання духоўна-маральных каштоўнасцей, адна з важнейшых задач любой дзяржавы. Пытанні заканадаўчай базы, унясення адпаведных паправак у законы, указы і іншыя нарматыўна-прававыя дакументы - таксама важны складнік", - дадаў Аляксандр Вальфовіч.

Інстытут нацыянальнай бяспекі сумесна з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі праводзяць 25-26 лістапада IX Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю па праблемах забеспячэння нацыянальнай бяспекі "Бяспека ва ўмовах трансфармацыі пагроз: актуальныя праблемы і рашэнні", прымеркаваную да 75-годдзя інстытута.

Канферэнцыя з'яўляецца штогадовым форумам для абмену думкамі, вынікамі навуковых даследаванняў і практычнымі дасягненнямі прызнаных экспертаў з ліку прадстаўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў, акадэмічнай супольнасці, дзяржаўных структур, устаноў вышэйшай адукацыі, партнёраў Беларусі з краін блізкага і далёкага замежжа.

У гэтым годзе арганізацыйным камітэтам атрыманы больш за 300 заявак на ўдзел ад прадстаўнікоў 10 краін (Азербайджан, Беларусь, В'етнам, Егіпет, Казахстан, Кыргызстан, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Пакістан, Расія, Узбекістан) і 5 міжнародных арганізацый (Антытэрарыстычны цэнтр дзяржаў - удзельніц СНД, Выканаўчы камітэт СНД, Выканаўчы камітэт Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы і Парламенцкая асамблея АДКБ).

Работа канферэнцыі арганізавана на 5 секцыйных пляцоўках. Будуць абмеркаваны тэарэтыка-метадалагічныя падыходы і праблемы забеспячэння міжнароднай, нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі (гістарычная памяць і гістарычная палітыка, праблемы тэорыі і практыкі забеспячэння міжнароднай, рэгіянальнай і нацыянальнай бяспекі, процідзеянне тэрарыстычным праяўленням, падрыхтоўка кадраў у сферы забеспячэння бяспекі), права як інструмент забеспячэння бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы (прававое забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі і палітыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі, пытанні прававога рэгулявання і рэалізацыі прававых мер па забеспячэнні бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы), псіхалагічныя аспекты забеспячэння нацыянальнай бяспекі (дэструктыўнае інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне на асобу, грамадства, дзяржаву; сацыяльна-псіхалагічныя аспекты і праблемы прымянення дасягненняў псіхалагічнай навукі ў практычнай дзейнасці органаў бяспекі і спецслужбаў, псіхалогія тэрарызму).

Таксама будуць разгледжаны інфармацыйныя тэхналогіі ў кантэксце забеспячэння бяспекі (лічбавізацыя як глабальны выклік і рэзерв забеспячэння бяспекі, абарона інфармацыі і забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, інфармацыйныя тэхналогіі ў дзейнасці па забеспячэнні бяспекі, актуальныя пытанні інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці: аўтаматызацыя пошуку і аналізу інфармацыі, рэзервы штучнага інтэлекту), а таксама дзейнасць спецслужбаў і органаў бяспекі па забеспячэнні бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы.

Аляксандр Вальфовіч прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі і звярнуўся да ўдзельнікаў форуму з прывітальным словам ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі