Сцяг Серада, 16 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 мая 2025, 13:37

Вальфовіч: ЕС "дэманструе прыхільнасць да эскалацыі" абстаноўкі ва Усходняй Еўропе

Фота з архіва
Фота з архіва
28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрасаюз "дэманструе прыхільнасць да эскалацыі" абстаноўкі ва Усходняй Еўропе. Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч на праводзімай у Маскве XIII Міжнароднай сустрэчы высокіх прадстаўнікоў, якія курыруюць пытанні бяспекі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"На Блізкім Усходзе і ва Усходняй Еўропе не сціхаюць буйнейшыя ў свеце канфлікты, эскалацыя якіх можа прывесці да непапраўных наступстваў глабальнага маштабу. Выклікае занепакоенасць абвастрэнне рызык уцягвання ў адкрытую канфрантацыю дзяржаў, якія маюць ядзерную зброю", - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Нягледзячы на агучаныя негатыўныя фактары, да пазітыўных тэндэнцый дзяржсакратар Савета бяспекі аднёс пачаты працэс па пошуку шляхоў разрадкі міжнароднай напружанасці і зніжэння стратэгічных рызык. Беларускі бок вітае меры па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.

"Разам з тым рызыкі новых правакацый і пашырэння ваенных канфліктаў захоўваюцца. Ва Усходнееўрапейскім рэгіёне на гэта адкрыта ўказвае нястрымны рост мілітарысцкіх настрояў і абвастрэнне абстаноўкі на нашых заходніх граніцах, - сказаў Аляксандр Вальфовіч. - Яшчэ два-тры гады таму для нас пікам абсурду было будаўніцтва Польшчай і краінамі Балтыі ўздоўж граніц з Беларуссю і Расіяй усялякіх загараджальных збудаванняў. Дарэчы, супраць якіх Захад змагаўся дзесяцігоддзямі. У горшых традыцыях халоднай вайны Варшава, Вільнюс і Рыга ў прамым сэнсе ўжо адгарадзіліся ад нас металічнай загародай і цалкам разбурылі ўсе формы цывілізаванай камунікацыі".

У бягучым годзе, падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі, нашы заходнія суседзі пайшлі яшчэ далей. Імі было прынята рашэнне аб выхадзе з Атаўскай канвенцыі аб забароне проціпяхотных мін. Пад выглядам умацавання ўсходняга фланга НАТА прапрацоўваюцца планы ўстаноўкі мінных загарод уздоўж граніц Беларусі і Расіі.

"Такая палітыка, якая падахвочваецца Еўрапейскім саюзам, указвае на яго нежаданне вяртаць сітуацыю ў палітыка-дэмакратычнае рэчышча. Наадварот, дэманструе прыхільнасць да эскалацыі сітуацыі", - лічыць ён.

Асабліва трывожыць пашырэнне асобнымі еўрапейскімі сталіцамі тэзіса аб непазбежнай вайне з Масквой, канстатаваў Аляксандр Вальфовіч. Пад гэтай маркай абаронная стратэгія Еўрасаюза сфакусіравана выключна на павышэнні свайго баявога патэнцыялу і ўмацаванні ўсходняга фланга. Тым самым Еўрасаюз пацвярджае сваю нацэленасць на захаванне агрэсіўнай палітыкі на ўсходнім напрамку.

"Гэта пацвярджаюць і канкрэтныя лічбы. Толькі за год на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў праводзіцца звыш 400 вучэнняў з прыцягненнем каля паўмільёна ваеннаслужачых. Мерапрыемствы і характар вырашаемых задач сведчаць, што Захад фактычна адкрыта рыхтуецца да ваенных дзеянняў супраць Расіі і Беларусі. Усё гэта яшчэ раз пераконвае нас у неабходнасці запуску глабальнага дыялогу па фарміраванні новай архітэктуры бяспекі на рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Архітэктуры, якая будзе заснавана на прынцыпах яе непадзельнасці, шматпалярнасці, узаемнай павагі, раўнапраўя суверэнных дзяржаў, вяршэнства міжнароднага права", - заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Адным з важных элементаў забеспячэння гэтага працэсу ў ліку іншага ён назваў запушчаную ў 2023 годзе беларускую ініцыятыву распрацоўкі Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Асноўныя палажэнні хартыі цалкам падкрэсліваюць актуальнасць парадку дня XIII Міжнароднай сустрэчы высокіх прадстаўнікоў, якія курыруюць пытанні бяспекі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі