Сцяг Субота, 31 жніўня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 сакавіка 2021, 13:59

Вальфовіч: арганізатары пратэстаў, якія ўцяклі за мяжу, выкарыстоўваюць беларусаў як гарматнае мяса

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізатары пратэстаў, якія ўцяклі за мяжу, выкарыстоўваюць беларусаў як гарматнае мяса. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі па пытанні стану грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час нарады кіраўніку дзяржавы было даложана аб сітуацыі на знешнім контуры, правядзенні ў суседніх краінах ваенных вучэнняў. "На жаль, мы бачым, што тэматыка гэтых вучэнняў не мае абарончай накіраванасці: разглядаюцца пытанні агульнакрызіснага рэагавання, адпрацоўваецца наступальная тэматыка", - адзначыў Аляксандр Вальфовіч.

Удзельнікі сустрэчы таксама падрабязна абмеркавалі развіццё грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне, работу праваахоўных органаў па стабілізацыі сітуацыі і падтрыманні грамадскага парадку. "Рознымі дэструктыўнымі сіламі былі зроблены спробы па дэстабілізацыі абстаноўкі на тэрыторыі Беларусі, правакаванні народа Беларусі і ўзняцці пратэснай масы, - звярнуў увагу дзяржсакратар Савета бяспекі. - Кіраванне гэтымі мерапрыемствамі ажыццяўлялі дзеячы, якія знаходзяцца за мяжой, так званыя лідары, якія "перажываюць" за тое, што робіцца на тэрыторыі краіны, здраднікі (інакш не назаву), якія ўваходзяць у BYPOL".

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што гэтыя асобы абсалютна не думаюць аб тым, што можа адбыцца з грамадзянамі, якія па іх закліках прымаюць удзел у процізаконных мерапрыемствах. "Яны іх разглядаюць як гарматнае мяса. Ім абсалютна ўсё роўна, што з імі будзе і якія меры адказнасці потым будуць прыменены да гэтых людзей", - заявіў ён.

Дзяржсакратар Савета бяспекі выказаў удзячнасць беларусам за правільную ацэнку сітуацыі і правільныя высновы. "Бо мірная, спакойная Беларусь дарагая сапраўднаму беларусу", - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Каменціруючы нядаўняе прадухіленне тэрактаў у Беларусі, ён адзначыў, што створаная ў краіне сістэма нацыянальнай бяспекі выконвае пастаўленыя перад ёю задачы.

"Ёсць яшчэ пэўная інфармацыя. Але аператыўныя рэчы раней часу гаварыць нельга. Усе гэтыя нягоднікі ў нас перапісаны, і, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час мы гэтыя спісы апублікуем, каб яны ведалі, што мы іх ведаем, - дадаў Аляксандр Вальфовіч. - Гэта людзі, якія кінулі сваю краіну, уцяклі і з-за мяжы спрабуюць сутыкнуць людзей адзін з адным. Беларусы заўсёды жылі мірна, і я ўпэўнены, што тая сістэма, якая сёння створана, забяспечыць правапарадак на тэрыторыі нашай краіны".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі