Уладзімір Кухараў
6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея плануюць завяршыць у 2026 годзе. Аб гэтым па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Плануецца, што Нацыянальны гістарычны музей размесціцца ў Цэнтральным раёне Мінска на ўчастку паміж пр. Пераможцаў - вул. Арлоўскай і ракой Свіслач. Тут жа створаць парк Народнага адзінства, які стане часткай водна-зялёнага дыяметра горада. Здаць аб'ект разлічваюць у 2026 годзе да Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня.
Планіровачнае рашэнне будынка Нацыянальнага гістарычнага музея паўтарае контур карты Беларусі. Экспазіцыя музея будзе змяшчаць экспанаты і інфармацыю аб гісторыі беларускіх зямель, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў важнасць сумленна і аб'ектыўна паказаць гісторыю Беларусі і зрабіць так, каб экспазіцыя музея выклікала гонар за краіну. Канчатковае аблічча музея, парку і асабліва экспазіцыі яшчэ будзе дапрацоўвацца і дашліфоўвацца спецыялістамі, таксама з улікам абмеркавання ў кіраўніка дзяржавы. Адно з галоўных патрабаванняў у тым, што перагружаць праект нельга - усё павінна несці ў сабе сэнс. Больш таго, Прэзідэнт даручыў, каб пры будаўніцтве максімальна выкарыстоўваліся менавіта беларускія вырабы і матэрыялы.
"Работы будуць прадаўжацца. Атрымана падтрымка. Заслуханы меркаванні ўсіх прысутных (на нарадзе. - Заўвага БЕЛТА). І мы плануем ужо ў самы бліжэйшы час заняцца праектаваннем музея, каб у пачатку наступнага года пачаць яго будаўніцтва. Для гэтага будуць выкарыстаны будаўнічыя арганізацыі горада Мінска, праектныя арганізацыі, якія зробяць усё для таго, каб у самыя кароткія тэрміны быў створаны музей, які стане ўпрыгажэннем нашай краіны. Мы плануем, што ў 2026 годзе работы будуць завершаны і музей будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Таксама будзе праведзена рэканструкцыя парку. Разам яны створаць паўнацэнны комплексны ансамбль", - сказаў журналістам старшыня Мінгарвыканкама.
Стварэнне гэтага ансамбля сфарміруе завершанае аблічча квартала беларускай дзяржаўнасці, які таксама ўключае ў сябе комплекс Палаца Незалежнасці, будынак Вярхоўнага Суда, плошчу Дзяржаўнага сцяга.
"Гэта будзе адзіны завершаны комплекс, які будзе ўвасабляць сімвал беларускай незалежнасці. Думаю, што сам музей, які таксама стане адметнасцю на гэтай тэрыторыі, будзе арганічна ўпісаны ў існуючы ансамбль. Мы зрабілі ўсё для таго, каб ён сапраўды быў падрыхтаваны па самых сучасных нормах. Для гэтага спецыялісты наведвалі розныя музеі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Азербайджане, Казахстане. Мы на сённяшні дзень можам зрабіць сур'ёзны музей, адзін з лепшых у свеце, таму што ў нас вельмі багатая гісторыя", - адзначыў Уладзімір Кухараў.-0-