Сцяг Субота, 20 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 ліпеня 2024, 14:47

Узаемнае прызнанне віз і перасячэнне граніцы дзецьмі. МУС Беларусі і РФ узгаднілі падыходы ў міграцыйнай палітыцы

10 ліпеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы рэкамендацый па правядзенні ўзгодненай міграцыйнай палітыкі адбылося ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі Аляксандр Гаравой, гаворачы аб падпісаным пагадненні аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у рамках вектараў, вызначаных кіраўнікамі дзяржаў дзвюх краін, падтрымліваюцца ўсе рашэнні, у тым ліку і рашэнні па стварэнні адзінай міграцыйнай прасторы Беларусі і Расіі. "Мы сёння падпісалі пагадненне аб устанаўленні норм і правіл перасячэння граніц непаўналетнімі дзецьмі, аб узаемным прызнанні віз на тэрыторыі нашых краін, аб свабодным перамяшчэнні грамадзян, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ствараючы ўмовы як для грамадзян нашых дзяржаў, так і трэціх краін, мы ў першую чаргу абавязаны думаць пра бяспеку на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Для гэтага прыняты шэраг пагадненняў, якія дазволяць акумуляваць базы даных дактыласкапічнай інфармацыі, аператыўнай інфармацыі па спецыяльных каналах сувязі, што дасць рычагі праваахоўным структурам нашых краін мінімізаваць, па-першае, і выключыць у наступным усе негатыўныя тэндэнцыі", - сказаў Аляксандр Гаравой.

Першы намеснік міністра МУС РФ дадаў, што вопыт узаемадзеяння, у тым ліку і з Рэспублікай Беларусь, дазволіў на працягу паўтара года фіксаваць зніжэнне злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі замежнымі грамадзянамі, і колькасць грамадзян замежных дзяржаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы. "Гэта патрабаванні нашых прэзідэнтаў і насельніцтва нашых краін", - сказаў ён.

Як адзначыў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка, міжведамаснае пасяджэнне па міграцыйных пытаннях было створана ў 2003 годзе. "І кожны год мы праводзім гэта пасяджэнне, у час якога вырашаюцца пытанні міграцыйнай палітыкі. На сённяшні дзень колькасць злачынстваў сярод замежных грамадзян зніжаецца і ў Рэспубліцы Беларусь. З расійскім бокам вырашаюцца пытанні па перасячэнні замежнымі грамадзянамі граніц Саюзнай дзяржавы. На пасяджэнні адбыўся абмен вопытам заканадаўства як з расійскага боку, так і з беларускага. Мы прынялі вельмі шмат цікавых момантаў, на якія неабходна будзе звярнуць увагу. Усё гэта прадумваем, прапрацуем і ў бліжэйшым будучым, хутчэй за ўсё, будзем выносіць на разгляд ва ўрад і ў парламент Рэспублікі Беларусь", - сказаў Юрый Назаранка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі