Сцяг Чацвер, 13 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 мая 2024, 10:41

"Уся справа ў спачуванні". Блогер дапамагае ўладкавацца ў Беларусі тым, хто хоча сюды на ПМЖ

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мазыранін Сяргей Цярэшчанка - неабыякавы да чужога гора працаголік. Паспявае працаваць у двух інтэрнэт-магазінах і актыўна весці свой блог, дзе развенчвае фэйкі аб нашай краіне, расказвае аб яе прыроднай красе і дзеліцца праверанымі рэцэптамі. Асобным артыкулам - гісторыі асоб, якія пераехалі ў Беларусь на ПМЖ. Самыя частыя героі там - украінцы.

Першай сям'ёй, якой дапамог Сяргей, стала менавіта ўкраінская. Людміла з двума дзецьмі цэлы месяц жыла ў доме блогера. "Цяпер яна нам як родная, - усміхаецца наш герой. - Часта прыязджае ў госці, і мы ў яе бываем. Бачым, як паціху абжываецца ў доме з усімі выгодамі, якія ёй прадаставіў саўгас-камбінат "Зара". Людміла там атрымлівае нядрэнную зарплату. Па магчымасці абстаўляе жыллё: то кухню купіла, то яшчэ штосьці. А спачатку вельмі дапамаглі беларусы, якія ўбачылі маё відэа пра яе: хтосьці дыван прыслаў, хтосьці люстру. Дзеці Людмілы сталі такімі ружовашчокімі! Ходзяць у школу, дзе іх вучаць і кормяць бясплатна. Ды і іх маці пахарашэла. Вельмі ўсім задаволена".

Сяргей Цярэшчанка падкрэслівае: у асноўным да яго звяртаюцца выхадцы з трох краін - Беларусі, Расіі і Украіны, але кансультацыю аб пераездзе просяць і жыхары многіх іншых дзяржаў - ЗША, Канады, Ізраіля, членаў ЕС, Расіі, Партугаліі і нават Мексікі. "Усе гэтыя людзі - рускамоўныя. Яны па розных прычынах пакінулі свае краіны. Некаторыя гэта зрабілі яшчэ ў ліхія 90-я, а цяпер хочуць вярнуцца. Хоць, вядома, па дапамогу да мяне часцей за ўсё звяртаюцца тыя, хто пасля пачатку СВА пераехаў з Украіны ў Заходнюю Еўропу. Яны там хвалёнай дэмакратыі наеліся і цяпер хочуць у Беларусь, каб проста працаваць, нараджаць і выхоўваць дзяцей. Калі падлічыць, колькі ў нашай краіне з маёй дапамогай прыбавілася жыхароў, то атрымаем чалавек пяцьдзясят", - падлічвае блогер.

Яго дапамога заключаецца ў суправаджэнні: можна сказаць, ён бярэ кожнага за руку, вядзе спачатку ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі, потым абзвоньвае арганізацыі і прадпрыемствы, дзе могуць акрамя работы прапанаваць жыллё, часам разам ездзяць на размову са старшынямі сельсаветаў, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў.

Сяргей Цярэшчанка адзначае, што заўсёды даводзіць пачатае да канца. Магчыма, у тым ліку і таму нумарам тэлефона блогера з тымі, хто плануюць пераезд у Беларусь, дзеляцца тыя, хто гэта ўжо зрабіў. "Сарафаннае радыё" працуе без збояў. Хоць у такой славы, як аказалася, ёсць адваротны бок.

"Нядаўна даведаўся, што маім імем пачалі карыстацца маргіналы. Яны прыязджаюць у аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі, учыняюць скандал, сцвярджаючы, што ў краіну ледзь не я асабіста іх запрасіў, хоць гэтых людзей ведаць не ведаю. Некаторыя пачыналі рабіцца нахабнымі - звоняць з розных еўрапейскіх краін і ставяць умову: прыеду ў Беларусь, але вы да гэтага часу знайдзіце мне работу і жыллё. Тлумачу, што толькі дапамагаю, а шукаюць неабходнае людзі самі. У адказ чую: "Вы абавязаны мне дапамагчы, я бежанец!". Былі і тыя, каго цікавіла толькі тое, ці плацяць тут дапамогу бежанцам. Калі даведваліся, што давядзецца працаваць, перадумвалі прыязджаць. З-за такіх выпадкаў я нават збіраўся спыніць дапамогу. А калі крыху супакоіўся, вырашыў: проста пачну рабіць на больш сур'ёзным узроўні і выбарачна. Не хачу, каб у нашу краіну траплялі маргіналы і людзі з "завернутымі" мазгамі", - тлумачыць Сяргей.

Цяпер сярод тых, каму блогер дапамагае, такіх няма. У Беларусь па яго парадзе пераязджаюць людзі, якія цэняць простыя, але важныя, радасці: упэўненасць у заўтрашнім дні, добрае і паважлівае стаўленне да сябе, якасныя прадукты, камфортныя ўмовы жыцця. Адзін з тых, хто прыехаў да нас на ПМЖ пасля прагляду відэа пра Беларусь на YouTube-канале Сяргея Цярэшчанкі, - мужчына, які 20 гадоў пражываў у Партугаліі. Чалавек дзелавы, дасведчаны, ведае шэсць моў. "Першае, што я пачуў пры сустрэчы, - "я ў шоку", і толькі потым ён паздароваўся. Аказалася, чалавек не чакаў, што так шмат пабочных асоб прыме ўдзел у яго лёсе, прапануе дапамогу. У справу ўключана мноства людзей, паколькі сюды часцей за ўсё прыязджаюць ледзь не з адным пакетам, дзе толькі самае неабходнае. Беларусы пасылаюць тым, хто прыехалі, адзенне, яшчэ нейкія рэчы", - тлумачыць Сяргей Цярэшчанка.

Калі ў яго пытаюцца, навошта траціць столькі свайго часу на чужых, па сутнасці, людзей, ён тлумачыць: уся справа ў звычайным чалавечым спачуванні.

Сяргей Цярэшчанка - герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы даведаліся, чаму ўсе, хто звярнуліся да яго па дапамогу, выбралі для пераезду менавіта нашу краіну, што іх тут шакіруе і якія гісторыі бежанцаў з Украіны ён называе "фільмам жахаў - без жывых мерцвякоў, але з чартаўшчынай".

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі