Сцяг Чацвер, 17 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 чэрвеня 2025, 12:53

"Усё знята - тут і цяпер". Як відэа з маленькай дзяўчынкай і вялікім даберманам набіраюць мільённыя прагляды

Фота з асабістага архіва герояў
Фота з асабістага архіва герояў
19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трохгадовая Эмілія і яе даберман Рагнар - неразлучныя сябры. Многія лічаць такога вялікага сабаку для маленькай дзяўчынкі не самым лепшым кампаньёнам, але блог у TikTok, які вядуць Вераніка і Павел Трыпуцькі, даказвае адваротнае. "Гэта самы мілы і добры сабака на свеце", - запэўніваюць бацькі дзяўчынкі.

Павел і Вераніка ведалі адзін аднаго яшчэ са школы. Праўда, лёс іх злучыў значна пазней: сустрэліся ў агульных сяброў і пасля гэтага ўжо ніколі не расставаліся. Пра сабаку пароды даберман з самага дзяцінства марыў галава сямейства. Успамінае, як убачыў вялізнага сабаку на прагулцы і вырашыў: калі стане дарослым, абавязкова завядзе сабе такога ж гадаванца-сябра. "Вераніка падарыла мне яго на дзень нараджэння. Не скажу, што гэта быў сюрпрыз: да з'яўлення яшчэ аднаго жыхара ў доме мы грунтоўна рыхтаваліся. Гэта з выгляду ён здаецца вялікім і страшным, а на самай справе даберман - парода хоць і актыўная, але ласкавая", - з усмешкай гаворыць Павел.

Сабака Рагнар пасяліўся ў доме сям'і Трыпуцькаў у 2021 годзе, а ў маі 2022-га ў сямейнай пары нарадзілася дачка Эмілія. Розніца ва ўзросце ў іх год і чатыры месяцы. Паводле слоў Веранікі, у час цяжарнасці яны ўважліва вывучалі інфармацыю аб тым, як выбудоўваць адносіны паміж дзіцем і сабакам.

Вядома, для Рагнара стала поўнай нечаканасцю з'яўленне ў доме немаўляці. Першапачаткова ён сам яе баяўся: ціхенька падыходзіў, нюхаў і хутчэй адыходзіў. Цяпер Эмілія не проста ведае, як даглядаць свайго сябра, але і можа навучыць іншых. Яна разбіраецца ў яго харчаванні, праяўляючы свае лідарскія якасці, з лёгкасцю ім камандуе, а сабака ўсё слухае і падпарадкоўваецца.

З цягам часу Вераніка вырашыла завесці блог у TikTok, назваўшы свой акаўнт "Сям'я на максімалках". Сёння на яго падпісана больш за 53 тыс. карыстальнікаў. Многія відэаролікі, галоўныя героі якіх Эмілія і Рагнар, збіраюць мільёны праглядаў.

"Мне было цікава назіраць, як растуць дзеці побач з жывёламі-гадаванцамі. І я разумела, што гэта будзе цікава і іншым", - гаворыць маці.

Яна прызнаецца, што падпісчыкі пакідаюць шмат добрых каментарыяў, ім падабаецца глядзець кароткія відэагісторыі пра жыццё дзяўчынкі і дабермана. Напрыклад, ёсць відэа, дзе сабака, паклаўшы галаву на дзіцячы столік, міла пазірае на сваю юную гаспадыню, пакуль тая абедае. Колькасць яго праглядаў ужо набліжаецца да 22 млн.

Сям'я Трыпуцькаў - героі нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы распыталі сямейню пару пра вядзенне блога з мнагатысячнай аўдыторыяй і напаўненне эксклюзіўным кантэнтам. Таксама даведаліся, як прывіваць дзецям любоў да жывёл і выбудоўваць узаемаадносіны з гадаванцамі.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Фота з асабістага архіва герояў
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі