Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 снежня 2018, 18:46

Усе законапраекты ў Беларусі з 1 лютага 2019 года пачнуць ацэньваць на адпаведнасць МУР

17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 лютага 2019 года ўступае ў сілу абноўлены закон аб нарматыўных прававых актах, у якім, акрамя іншага, устаноўлена патрабаванне аб адпаведнасці прымаемых нарматыўных прававых актаў Мэтам устойлівага развіцця. Аб гэтым сёння журналістам паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па дасягненні МУР Ала Бодак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Такім чынам, у Беларусі створана сістэма мер, якія даюць магчымасць пры падрыхтоўцы любога законапраекта ацэньваць яго на адпаведнасць МУР. Ала Бодак звярнула ўвагу, што такі закон - першы на постсавецкай прасторы. Сенатар назвала яго распрацоўку і прыняцце адным са значных дасягненняў, якіх удалося дабіцца ў Беларусі за год, што мінуў з моманту правядзення ў Савеце Рэспублікі парламенцкіх слуханняў па МУР.

У гэтым годзе ў парламенце прыняты яшчэ шэраг законапраектаў, накіраваных на дасягненне канкрэтных Мэт устойлівага развіцця. Напрыклад, аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (Мэта нумар 15: захаванне экасістэм сушы), аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі (Мэты нумар 3, нумар 12: добрае здароўе і дабрабыт, адказнае спажыванне і вытворчасць). Рыхтуюцца папраўкі ў закон аб абыходжанні з адходамі. Ала Бодак адзначыла важнасць таго, што ў Беларусі прымаюцца комплексныя праграмныя дакументы, накіраваныя на дасягненне МУР. Цяпер, напрыклад, ідзе падрыхтоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года.

Сёння ў Мінску адбылося пашыранае пасяджэнне парламенцкай рабочай групы па МУР. У ім прынялі ўдзел дэпутаты, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі Мінадукацыі, Мінпрыроды, Мінінфарма. На пасяджэнні абмяркоўвалася дзейнасць СМІ па інфармацыйным суправаджэнні дасягнення МУР, прыярытэтныя напрамкі трансфармацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі. Акрамя таго, падведзены вынікі работы ў галіне збору і перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў і забяспечанасці насельніцтва вадой пітной якасці. У цэнтры ўвагі былі таксама заканадаўчае забеспячэнне дасягнення Мэт устойлівага развіцця і роля парламента ў гэтай справе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі