Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 красавіка 2014, 17:38

Усе дэпутаты Мінгарсавета 27-га склікання маюць вышэйшую адукацыю

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе 57 дэпутатаў Мінгарсавета маюць вышэйшую адукацыю. Аб гэтым сёння перад пачаткам першай сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Марат Жылінскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выбраны сталічны дэпутацкі корпус прадстаўлены высокаадукаванымі і дасведчанымі жыхарамі Мінска. Усе 57 дэпутатаў маюць вышэйшую адукацыю, 6 народных выбраннікаў маюць вучоныя ступені і званні. Дэпутатамі Мінгарсавета выбраны заслужаныя і паважаныя людзі беларускай сталіцы. Работнікамі прамысловай вытворчасці, транспарту і будаўніцтва з'яўляюцца 22 чалавекі, прадстаўнікамі сферы адукацыі і навукі - 6, аховы здароўя і сацабароны - 11, прадпрымальніцтва прадстаўляюць 2 чалавекі, 6 дэпутатаў - работнікі гандлю і сацабслугоўвання насельніцтва", - сказаў Марат Жылінскі.

Сярод выбраных дэпутатаў 39 чалавек з'яўляюцца кіраўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. З агульнай колькасці народных выбраннікаў 13 маюць вопыт дэпутацкай дзейнасці, 12 з іх працавалі ў папярэднім складзе Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, двой з якіх выбіраюцца больш за тры скліканні запар, а адзін - шосты раз. У складзе Мінгарсавета дэпутатаў 9 прадстаўнікоў палітычных партый.

"На наш погляд спалучэнне мудрасці жыццёвага вопыту і маладой энергіі, навуковых ведаў і глыбокага прафесіяналізму ў розных сферах дзейнасці дадуць магчымасць выбраным дэпутатам ва ўзаемадзеянні з Мінгарвыканкамам і адміністрацыямі раёнаў кваліфікавана вырашаць надзённыя пытанні стабільнага сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і культурнага развіцця сталіцы", - адзначыў Марат Жылінскі.

Выбары дэпутатаў Мінгарсавета адбыліся 23 сакавіка 2014 года. У склад дэпутацкага корпуса сталіцы выбраны 57 чалавек. Тэрмін паўнамоцтваў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў складае 4 гады.

Мінгарсавет з'яўляецца прадстаўнічым дзяржаўным органам мясцовага самакіравання на тэрыторыі Мінска. Да выключнай кампетэнцыі Мінгарсавета адносяцца зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, бюджэту Мінска і справаздач аб іх выкананні; устанаўленні мясцовых падаткаў і збораў; вызначэнне парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; назначэнне мясцовых рэферэндумаў. Мінгарсавет зацвярджае кандыдатуру старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, які назначаецца Прэзідэнтам Беларусі, і выбірае 8 членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ад горада Мінска.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі