
26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад вызначыў парадак правядзення маніторынгу дарожнага руху. Гэта рэгламентавана пастановай Савета Міністраў нумар 637 "Аб парадку вызначэння, уліку асноўных параметраў і маніторынгу дарожнага руху", апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Прававы акт зацвярджае палажэнне, згодна з якім устанаўліваецца парадак вызначэння асноўных параметраў дарожнага руху, вядзення іх уліку, а таксама ажыццяўлення маніторынгу дарожнага руху ў мэтах арганізацыі дарожнага руху (АДР).
Маніторынг дарожнага руху накіраваны на фарміраванне і рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне дарожнага руху, абгрунтаванне выбару мерапрыемстваў па АДР, а таксама фарміраванне комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху і эфектыўнасці АДР.
Маніторынг прызначаны вырашаць задачы па вызначэнні і ўліку асноўных параметраў дарожнага руху, ацэнцы стану бяспекі дарожнага руху і эфектыўнасці АДР, выяўленні і прагназаванні фактараў, якія ўплываюць на бяспеку дарожнага руху і эфектыўнасць АДР, маніторынгу змяненняў арганізацыі, каардынацыі дзеянняў дзяржорганаў і іншых арганізацый у сферы дарожнага руху, інфармаванні дзяржорганаў, юрыдычных асоб і ўдзельнікаў дарожнага руху аб стане дарожнага руху.
Міністэрству ўнутраных спраў даручана на пастаяннай аснове забяспечваць распрацоўку і актуалізацыю норм АДР. Арганізоўваць улік асноўных параметраў дарожнага руху ўпаўнаважаны МУС, Міністэрства транспарту і камунікацый, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Пастанова ўступіла ў сілу 22 верасня 2022 года.-0-