Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 жніўня 2022, 16:10

Урач: калі аднагадовае дзіця глядзіць мультфільмы на тэлефоне, то да школы ў яго разаўецца блізарукасць

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калі аднагадовае дзіця кормяць кашай і перад ім мультфільм на тэлефоне, то да школы ў яго разаўецца блізарукасць. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі выказала галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчыца кафедры афтальмалогіі БелМАПА Таццяна Імшанецкая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хочацца перасцерагчы ўсіх бацькоў: не давайце гаджэты дзецям дашкольнага ўзросту. Таму што анатомія вока не церпіць такога насілля над сабой. Калі аднагадовае дзіця кормяць кашай і перад ім мультфільм на тэлефоне, то да школы гэта будзе ўжо блізарукасць", - сказала Таццяна Імшанецкая.

Загадчык аддзялення лазернай мікрахірургіі вока 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Ігар Забароўскі ў сваю чаргу адзначыў, што вока чалавека першапачаткова пабудавана такім чынам, каб бачыць прадметы здалёку. "З дзіцячага ўзросту нагрузка на вока ўзрастае з кожным годам. Адпаведна, адаптуючыся пад гэту нагрузку, вока праходзіць мікраэвалюцыю - яно становіцца блізарукім. На сённяшні момант у 18 гадоў у нашым рэгіёне не менш за 50 працэнтаў маладых людзей маюць адхіленні па зроку, большай часткай звязаныя з нагрузкай зблізку. І гэта лічба кожны год узрастае. Для параўнання: у Азіяцкім рэгіёне гэты паказчык складае ўжо 90 працэнтаў. Такім чынам, работы тут хопіць усім, як дзіцячым спецыялістам, так і дарослым, калі гэтыя пацыенты пераходзяць 18-гадовы рубеж", - канстатаваў ён.

Афтальмолаг дадаў, што ўніверсальнай рэкамендацыяй у гэтым выпадку з'яўляецца захаванне рэжыму нагрузак на вочы. "Дзяцей перш за ўсё трэба кантраляваць, трэба бачыць, чым яны займаюцца, колькі і калі. Таму што большую частку часу цэлая катэгорыя юных грамадзян праводзіць менавіта анлайн. І гэта нават не маніторы, гэта тэлефоны, значыць памер экрана ўсё змяншаецца, а колькасць інфармацыі праз гэты невялікі экран павышаецца. Гэта не можа не ўплываць на зрок", - сказаў на заканчэнне ўрач.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі