
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пік захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі прыпадае на люты. Аб гэтым паведаміў журналістам загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уздым рэспіраторных інфекцый на гэты эпідсезон прагназуецца ў студзені - сакавіку 2024 года". Паводле статыстыкі, пік захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі прыпадае на люты. Аднак больш высокая захваральнасць, чым у летні перыяд, пачынае рэгістравацца ў нашай краіне з пачатаку вучэбнага сезона і ў цэлым з надыходам асенняга надвор'я", - сказаў Кірыл Ігнатаў.
Паводле яго слоў, у Беларусі штогод больш за 4 млн чалавек захворваюць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, уключаючы грып і COVID-19. Дзеці хварэюць у больш як 50 працэнтаў выпадкаў.
Урач-эпідэміёлаг звярнуў увагу, што ва ўмовах адначасовай цыркуляцыі грыпу і COVID-19 ёсць высокая рызыка інфіцыравання адразу двума інфекцыйнымі агентамі, што можа пагоршыць цяжкасць ходу хваробы.
Вакцынацыя супраць грыпу ў гэтым годзе будзе прадаўжацца на фоне прышчэпачнай кампаніі супраць COVID-19. Уводзіць вакцыны супраць грыпу і COVID-19 дапускаецца ў адзін дзень. Таксама гэтыя прышчэпкі могуць праводзіцца ў адзін дзень з усімі іншымі, прадугледжанымі Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак Беларусі, а таксама пералікам прафілактычных прышчэпак па эпідэмічных паказаннях. Аднак жывыя вакцыны ва ўсіх выпадках з'яўляюцца выключэннем. Пры немагчымасці зрабіць прышчэпкі ў адзін дзень павінен быць вытрыманы мінімальны інтэрвал два тыдні.
Вакцынаваць супраць грыпу ў гэтым сезоне будуць трохвалентнай вакцынай расійскай вытворчасці, вакцынамі "Ваксігрып Тэтра" (Францыя) і чатырохвалентнай "Інфлювак Тэтра" (Швейцарыя).-0-