Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 мая 2021, 11:44

УНС плануецца надаць канстытуцыйны статус вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларускаму народнаму сходу прапануецца надаць канстытуцыйны статус вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Беларусі, паведаміў сёння падчас пасяджэння Канстытуцыйнай камісіі яе старшыня, старшыня КС Пётр Міклашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Устанаўленне ў Канстытуцыі статусу Усебеларускага народнага сходу як канстытуцыйнай формы народаўладдзя накіравана на ўмацаванне ўстойлівасці сістэмы прадстаўнічай дэмакратыі Беларусі. Прапануецца ўстанавіць у Канстытуцыі наступны статус Усебеларускага народнага сходу: Усебеларускі народны сход - вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь", - сказаў Пётр Міклашэвіч.

Старшыня КС падкрэсліў, што Усебеларускі народны сход складаецца з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, прадстаўнікоў мясцовых органаў самакіравання з усіх рэгіёнаў краіны, прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Колькасць членаў Усебеларускага народнага сходу складае 2500 чалавек.

"Пастаянна дзеючым органам Усебеларускага народнага сходу з'яўляецца прэзідыум. Старшыня прэзідыума выбіраецца членамі Усебеларускага народнага сходу. УНС склікаецца прэзідыумам не радзей за адзін раз у пяць гадоў. Па ініцыятыве Прэзідэнта або Нацыянальнага сходу, а таксама не менш як 150 тыс. грамадзян можа быць скліканы пазачарговы Усебеларускі народны сход. Рашэнні УНС з'яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і грамадзянамі", - адзначыў Пётр Міклашэвіч.

Усебеларускі народны сход як вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі павінен быць надзелены важнейшымі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі. У сувязі з гэтым прапануецца замацаваць у Канстытуцыі наступныя яго паўнамоцтвы. Усебеларускі народны сход вызначае стратэгію развіцця грамадства і дзяржавы, уключаючы важнейшыя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, зацвярджае праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, вызначае меры, накіраваныя на забеспячэнне грамадзянскай згоды, сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве. Пры неабходнасці - заслухоўвае справаздачы Прэзідэнта, прэм'ер-міністра і іншых органаў дзяржаўнай улады, гарантуе пераемнасць і ўстойлівасць сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Таксама прапануецца надзяліць яго правам вырашаць пытанне аб легітымнасці выбараў Прэзідэнта і імпічменце Прэзідэнта.

"Такім чынам устанаўленне ў Канстытуцыі статусу, паўнамоцтваў і парадку фарміравання УНС будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню дэмакратычных асноў дзяржавы, развіццю народнага прадстаўніцтва, рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу народаўладдзя", - дадаў Пётр Міклашэвіч.

Сёння праходзіць пятае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. Разглядаюцца пытанні аб канстытуцыйным статусе Усебеларускага народнага сходу і канстытуцыйныя палажэнні аб сістэме мясцовага кіравання і самакіравання. -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі