Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 ліпеня 2024, 16:14

"Умерана цёплае надвор'е, але з дажджамі". Сіноптыкі далі прагноз на гэты тыдзень

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да плюс 28 градусаў, дажджы і навальніцы прагназуюцца ў Беларусі на бягучым тыдні. Аб гэтм паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У большасці дзён цэнтральны месяц лета радаваў жыхароў Беларусі па-летняму цёплым, а ў асобныя дні нават гарачым надвор'ем. Але на заключным тыдні ліпень збавіць свой гарачы запал. Віноўнікам стаў паўночнаатлантычны цыклон Кірсці. Прайшоўшы краіны Балтыі, сёння ў ранішні час ён ужо знаходзіўся над поўначчу Віцебскай вобласці і дасягнуў свайго максімальнага развіцця. Атмасферныя франты гэтага віхру хутка закрылі неба шчыльнымі аблокамі і абумовілі ў большасці раёнаў краіны ветранае з дажджамі рознай інтэнсіўнасці і працягласці надвор'е", - падкрэслілі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 30 ліпеня, няўстойлівае і ветранае надвор'е захаваецца ў Беларусі. У начны час пад уплывам цыклону з цэнтрам над Еўрапейскай тэрыторыяй Расіі ў большасці раёнаў краіны дажджы захаваюцца, месцамі ў цэнтральных раёнах чакаюцца моцныя дажджы. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі будзе ўзмацняцца вецер парывамі 15-20 м/с (дзейнічае аранжавы ўзровень небяспекі). Удзень уплыў цыклону аслабее, дажджы стануць менш інтэнсіўнымі і прымуць кароткачасовы характар, але па-ранейшаму прадоўжаць адзначацца на большай частцы тэрыторыі, месцамі пры развіцці кучава-дажджавой воблачнасці дажджы будуць суправаджацца навальніцамі і моцным парывістым ветрам. Пры гэтым начныя мінімумы складуць плюс 12-17 градусаў, а ўдзень пры дажджах і больш шчыльнай воблачнасці тэмпература паветра не перасягне плюс 19-25 градусаў.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у далейшым фон атмасфернага ціску пачне расці і да канца тыдня кароткачасовыя дажджы будуць адзначацца ў асобных раёнах рэспублікі. У дзённы час у няўстойлівым паветры магчымы навальніцы. Пры гэтым надвор'е будзе ўмерана цёплым, але па-ранейшаму не без лакальных кароткачасовых дажджоў.

Так, у сераду і чацвер, 31 ліпеня - 1 жніўня, месцамі, а пераважна па паўночна-ўсходняй палове рэспублікі, пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымы навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы дасягне плюс 8-15 градусаў, а ўдзень - плюс 20-27 градусаў.

У пятніцу, 2 жніўня, месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы, а ўдзень магчымы навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. У начны час слупкі тэрмометраў пакажуць плюс 8-14 градусаў, удзень - плюс 20-26 градусаў, а па поўдні - да плюс 28 градусаў.

У суботу і нядзелю, 3-4 жніўня, месцамі па рэспубліцы прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, удзень магчымы навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 8 да плюс 14 градусаў, а ўдзень - ад плюс 20 да плюс 27 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі