Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 кастрычніка 2021, 15:03

Улады Мінска вызначылі 5 ключавых напрамкаў бяспекі ў навучальных установах

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Задача стварэння бяспечных умоў для дзяцей і падлеткаў у навучальных установах вельмі шматгранная. Каб яе выканаць, патрэбны комплексны падыход. Аб гэтым заявіў сёння мэр Мінска Уладзімір Кухараў на пасяджэнні Мінгарвыканкама па адпаведнай тэме з удзелам прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў кіраўнік сталіцы, ва ўсім свеце ў апошнія гады было нямала прыкладаў пагроз бяспецы дзяцей, навучэнцаў навучальных устаноў. Мінгарвыканкамам была ў бягучым годзе праведзена маштабная работа, каб пазбягаць такіх фактаў. "Але мы бачым, што неабходна выпрацаваць комплексныя падыходы", - сказаў ён. Таму што крыніц небяспекі сапраўды шмат - як звонку, так і ўнутры самога мікрасоцыуму навучэнцаў (што залежыць ад паводзін дзяцей і падлеткаў, тэхнічнага стану базы ўстановы і камфортных умоў), а таксама ў анлайне.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран пералічыў пяць асноўных фактараў бяспекі і прынятыя па гэтых напрамках сталічнымі ўладамі меры.

Перш за ўсё, гэта кантроль доступу, прадухіленне пранікнення старонніх людзей на тэрыторыю ўстаноў. За гэты год ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўжо ўстаноўлена 359 сістэм кантролю - аўтаматычныя турнікеты. Гэта работа (уключаючы ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі) павінна быць завершана да 1 студзеня 2022 года. Вядзецца перавод школ пад ахову Дэпартамента аховы МУС. Сярод каледжаў і ВНУ 16 працэнтаў не карыстаецца паслугамі ведамства. Частка з іх мае сваю службу бяспекі. Іншым рэкамендуецца заключыць дагаворы з дэпартаментам.

У цэлым установы адукацыі Мінска ўжо абсталяваны сістэмамі відэанагляду. Але многія камеры ўстарэлі, іх будуць абнаўляць. Частка камер (сучасныя відэафіксуючыя сістэмы) будзе інтэгравана ў Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі (з адзінай базай захоўвання даных). А ў перспектыве - дааснасціць відэакамерамі дзіцячыя сады, ліцэі, каледжы і іх інтэрнаты.

Далей - забеспячэнне належнага санітарна-тэхнічнага стану, абнаўленне тэхнічнай базы садоў, школ, каледжаў і г.д.; мінімізацыя траўматызму; стварэнне бяспечнага інфармацыйнага асяроддзя.

Так, за апошнія тры гады капітальныя рамонты праведзены ў 21 школе, 8 дзіцячых садах і 4 каледжах і ліцэях. Увага адміністрацый раёнаў сталіцы звернута на мадэрнізацыю школ і гімназій да 1980 года пабудовы (такіх 121, у 67 з іх капрамонт яшчэ не праводзіўся), а асабліва 27 будынкаў з дэфектамі. З бюджэту горада, паводле слоў Арцёма Цурана, рэгулярна выдзяляюцца сродкі на бягучы рамонт: у 2020 годзе - Br33 млн 780 тыс., у бягучым - на 15 працэнтаў больш.

Спраўнасць сістэм пажарнай аўтаматыкі нядаўна правяралася, аказалася, што сёння 349 з іх - з тэрмінам службы большым за 15 гадоў. Хоць яны ўсё яшчэ спраўныя, пара задумацца аб мадэрнізацыі, адзначыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

У цэлым жа гарадскія ўлады бачаць неабходнасць у фарміраванні нейкага стандарту бяспекі для ўстаноў адукацыі розных тыпаў - мінімальных абавязковых да выканання патрабаванняў. Са свайго боку Мінск гатовы ўдзельнічаць у падрыхтоўцы такога нарматыву.

У арганізацыі школьнага харчавання гарадскія ўлады бачаць для сябе дзве важныя мэты: забяспечыць уваходны кантроль сыравіны, стварыць адзіны цэнтралізаваны складскі комплекс з лагістыкай дастаўкі, выключыць парушэнні тэхналагічнага ланцужка і пасрэдніцкія схемы, а таксама ўрэгуляваць неадпаведнасць устаноўленых грашовых норм расходаў на школьнае харчаванне з нормамі натуральнымі (рацыёнам). Гэта пытанне на кантролі Міністэрства адукацыі.

У пытаннях інфармбяспекі прапановы Мінгарвыканкама наступныя: забяспечыць планавы перавод электроннай пошты, сайтаў устаноў і іншых электронных сэрвісаў на бяспечныя каналы электроннай сувязі з выкарыстаннем сервераў беларускіх правайдараў; устанавіць ПЗ, якое фільтруе інтэрнэт-трафік, каб заблакіраваць пранікненне дэструктыўнага кантэнту і доступ да яго навучэнцаў.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка пацікавіўся, ці дастаткова абмежавання фізічнага доступу ва ўстановы, каб папярэдзіць факты тэрарыстычных, экстрэмісцкіх дзеянняў на іх тэрыторыі. На яго думку, патрэбны дубліруючыя меры, каб не толькі турнікеты і вахцёры перагароджвалі шлях староннім людзям. Акрамя таго, не выключаецца фактар унутранай пагрозы - з боку саміх навучэнцаў, калі нехта з іх па тых ці іншых прычынах можа павесці сябе неадэкватна і агрэсіўна.

Арцём Цуран акцэнтаваў увагу на ўзросшых бюджэтных асігнаваннях у сувязі з карыстаннем паслугамі Дэпартамента аховы. Але якраз гэта і дапамагае падвоіць эфектыўнасць уваходнага кантролю. "Таксама мы звяртаем увагу на работу псіхолага-педагагічнага складу. Яны павінны мець мінімальны навык у вызначэнні нестабільных паводзін навучэнца, праяўлення нездаровай псіхікі, каб з такім дзіцем праводзілі работу прафесіяналы", - сказаў намеснік старшыні гарвыканкама. І прадаўжаецца падбор кадраў на пасадзе так званых "ваенрукоў" у школах. Пакуль такія пасады заняты ў 60 працэнтах устаноў.

Уладзімір Кухараў лічыць, што асноўнае праблемнае пытанне - з навучэнцамі і выкладчыкамі. Аб гэтым сведчыць і рост траўматызму. У выпадку надзвычайнай сітуацыі, бывае, яны губляюцца, не ведаюць, што рабіць. Таксама адсутнічае кантроль з боку педагагічнага складу. Для іх неабходна правесці ўжо на працягу бліжэйшага месяца дадатковую вучобу і праверку ведаў па пытаннях патрабаванняў бяспекі. "Мы ўскладаем надзеі на цэнтр бяспекі, праз які правядзём усіх навучэнцаў. І трэба ўкараняць у школах спецкурс, каб выпрацаваць алгарытмы паводзін у надзвычайных сітуацыях", - сказаў мэр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі