Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 чэрвеня 2022, 15:53

Удзельніца "Поезда Памяці" з Дзербічаў: мы не маем права забываць аб героях ВАВ

20 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Маладое пакаленне не мае права забываць пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны. Такой думкай у размове з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася старшакласніца з Дзербічаў Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Дзіяна Гірыловіч, якая ў хуткім часе адправіцца ў гістарычнае падарожжа на "Поездзе Памяці".

Дзіяна прызналася: калі ёй прапанавалі стаць удзельніцай, згадзілася імгненна. "І бязмерна рада магчымасці ўбачыць так шмат новага. Уважліва вывучыла маршрут. Усе пункты знакавыя, з багатай гісторыяй", - расказала яна.

Школьніца падзялілася, што гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ёй вельмі цікавая. "Без слёз немагчыма чытаць, слухаць пра лёс Хатыні. Як і няпроста ўсведамляць, што такі ж лёс напаткаў яшчэ многія і многія беларускія вёскі. Мы не маем права забываць аб гэтых і іншых трагедыях, страшных старонках і героях Вялікай Айчыннай вайны", - пераканана старшакласніца.

"2022-і аб'яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Мы ўсе павінны памятаць, берагчы і перадаваць усю праўду новым пакаленням", - лічыць яна.

Дзіяна Гірыловіч удзельнічае ў лідарскім руху рэгіёна. Яна намеснік старшыні раённага савета старшакласнікаў "Лідар", удзельнік абласнога анлайн-марафону "Ступені росту", прызёр раённага конкурсу лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання "Лідар года" ў 2020 і 2021 гадах. "Дзякуючы лідарскаму руху даведваюся пра шмат новага. Гэта заўсёды добры вопыт, а таксама выдатная магчымасць рэалізаваць свае ідэі", - адзначыла школьніца.

Так, Дзіяну цікавіць тэма экалогіі. І адной з яе прапаноў было высадзіць дрэвы каля школы. Ініцыятыву актыўна падтрымалі ва ўстанове.

Яшчэ адзін праект школьніцы звязаны з утылізацыяй элементаў сілкавання. "Батарэйкі з пультаў, гадзіннікаў, іншых прыбораў і механізмаў, калі няправільна ўтылізаваць, наносяць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю. Мы расказвалі ў Дзербічах, у тым ліку і бабулям, дзядулям, пра тое, як правільна трэба пазбаўляцца ад батарэек, якія адслужылі свой тэрмін. Пазнавальныя, тлумачальныя сустрэчы праводзілі і па ўтылізацыі пластыкавых бутэлек", - прывяла прыклады праектаў дзяўчына.

Аднак сваю будучыню Дзіяна плануе звязаць не з экалогіяй, а з прафесіяй выхавальніка. "Гэта такая душэўная прафесія! Плюс я вельмі люблю дзяцей", - аргументавала выбар школьніца. Яна ўпэўнена, што на прафесійным шляху спатрэбіцца і яе сённяшняе захапленне рукадзеллем: "Умею вышываць крыжыкам, вязаць, майстраваць розныя дробныя вырабы. Цяпер вучуся швейнай справе".

Дзіяна разам яшчэ з дзвюма дзяўчынкамі - Веранікай і Ленай - выхоўваецца ў прыёмнай сям'і Любові Здольнікавай і Аляксандра Аляксеенкі. "Галоўнае ў сям'і - любоў, давер, разуменне, - падзялілася думкай Любоў Здольнікава. - Калі дзяўчынкі вяртаюцца са школы, яшчэ з парога пачынаюць расказваць аб тым, як прайшоў дзень, якія навіны. Гавораць наперабой. Дзеляцца ўсім, і гэта добра. Я магу ім даверыцца, і яны мне".

Навіна аб тым, што Дзіяна стане ўдзельніцай маштабнага праекта "Поезд Памяці", у сям'і сустрэлі з радасцю і гонарам. "Яна ўбачыць шмат цікавых месцаў. Вядома ж, гэта і новыя сябры, яркія эмоцыі і ўражанні", - падкрэсліла Любоў Здольнікава.

Праект "Поезд Памяці" ініцыяваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі - старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка. Удзельнікамі патрыятычнага праекта стануць 200 беларускіх і расійскіх школьнікаў, па 100 ад кожнай краіны, якія наведаюць гарады дзвюх краін. 22 чэрвеня "Поезд Памяці" адправіцца ў дарогу з Брэста і фінішуе 3 ліпеня ў Мінску. Праект прысвечаны Году гістарычнай памяці і стане часткай IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі