Сцяг Нядзеля, 16 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 лютага 2025, 17:41

Удзельнікі праекта "Поезд Памяці" наведаюць у 2025 годзе 15 гарадоў Беларусі і Расіі

Фота з архіва
Фота з архіва
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі праекта "Поезд Памяці" наведаюць 15 гарадоў Беларусі і Расіі, паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2025 годзе сумеснага беларуска-расійскага патрыятычнага культурна-асветнага праекта "Поезд Памяці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Поезд Памяці" будзе праходзіць з 21 чэрвеня па 5 ліпеня. Моладзь наведае 15 гарадоў Беларусі і Расіі. Старт традыцыйна мы будзем даваць у Брэсцкай крэпасці, - расказала Наталля Качанава. - Водзывы аб гэтым праекце проста цудоўныя. Яго ўдзельнікі сябруюць, падтрымліваюць стасункі. У час сустрэчы ва Уфе ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі яны прапанавалі праводзіць сустрэчы ўсіх, хто ўдзельнічаў у папярэдніх праектах".

Паводле слоў спікера, моладзь аб'ядноўвае наша слаўная гісторыя. "Мы бачым, як сёння некаторыя палітыканы імкнуцца перапісаць нашу гісторыю: хто перамог, хто адстаяў свабоду і незалежнасць, - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. - Вядома, мы павінны зрабіць усё для таго, каб памяць, сапраўдная праўда пра Вялікую Перамогу захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Гэта наш абавязак, наш святы абавязак перад загінулымі".

Знакавы і ўпадабаны ўсімі ўдзельнікамі і арганізатарамі міжнародны беларуска-расійскі патрыятычны культурна-адукацыйны праект "Поезд Памяці" ініцыяваны ў снежні 2021 года Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Праект накіраваны на аб'яднанне моладзі краін СНД, фарміраванне паважлівага стаўлення да гістарычнай памяці братэрскіх народаў, знаёмства з гісторыяй і мясцінамі баявой славы, культурай і традыцыямі суседніх дзяржаў.

У рамках праекта старшакласнікі з Беларусі, Расіі і краін СНД штогод ажыццяўляюць двухтыднёвае падарожжа на спецыяльным поездзе па гарадах і мясцінах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Маршрут і праграма мерапрыемства штогод мяняюцца. У 2022 годзе ў праекце прынялі ўдзел па 100 школьнікаў з Беларусі і Расіі, у 2023 годзе - 70 удзельнікаў з Беларусі, 90 - з Расіі, па 20 - з Арменіі і Кыргызстана. У 2024 годзе "Поезд Памяці" аб'яднаў 200 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Хлопцы і дзяўчаты наведалі 13 гарадоў, правялі 14 дзён у дарозе, пераадолелі 9316 км маршруту.

У 2025 годзе праект "Поезд Памяці" будзе прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі