15 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Удзельнікі Медыясаміту БРІКС, які адбыўся 14-15 верасня ў Маскве, пацвердзілі прыхільнасць да аб'ектыўнай журналістыкі, заснаванай на фактах, і выказалі гатоўнасць каардынаваць намаганні па барацьбе з дэзынфармацыяй. Аб гэтым гаворыцца ў падагульняючай дэкларацыі, прынятай удзельнікамі мерапрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзельнікі медыясаміту дамовіліся з дапамогай сваіх інфармацыйных рэсурсаў садзейнічаць пабудове справядлівага і раўнапраўнага шматпалярнага светаўладкавання на аснове норм міжнароднага права і прынцыпаў роўнасці, павагі суверэнітэту, неўмяшання ва ўнутраныя справы і непадзельнай бяспекі. "Удзельнікі з краін БРІКС, усведамляючы ролю сродкаў масавай інфармацыі ў падтрыманні і ўмацаванні міжнароднага дыялогу, будуць садзейнічаць усебаковаму асвятленню на сваіх рэсурсах узаемадзеяння ў рамках механізмаў БРІКС і БРІКС плюс, уключаючы палітычны, эканамічны і гуманітарны напрамкі", - гаворыцца ў дэкларацыі.
Удзельнікі мерапрыемства таксама падкрэслілі неабходнасць захавання правоў журналістаў і забеспячэння іх бяспекі, у тым ліку ў час асвятлення ваенных канфліктаў. Акрамя таго, яны заявілі аб неабходнасці для СМІ ісці ў нагу з часам і ўкараняць перадавыя тэхналогіі, пры гэтым адзначылі, што выкарыстанне штучнага інтэлекту ў медыя патрабуе выпрацоўкі адпаведных стандартаў і этычных норм.
Медыясаміт БРІКС сабраў у Маскве кіраўнікоў вядучых медыйных структур БРІКС, а таксама СМІ краін, якія падалі заяўку на ўступленне ў аб'яднанне і супрацоўнічаюць з ім: больш за 120 прадстаўнікоў 60 медыя з 45 краін свету. У ліку ўдзельнікаў форуму - генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла расійскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС, якое ў бягучым годзе адзначае сваё 120-годдзе, пры падтрымцы кітайскага агенцтва Сіньхуа.-0-
Фота БЕЛТА, ТАСС