Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 верасня 2021, 10:15

Удзельнікі форуму студатрадаў прынялі заяву аб недапушчальнасці санкцыйнага націску на Беларусь

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі рэспубліканскага форуму студэнцкіх атрадаў "Маладосць. Праца. Адзінства" Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прынялі заяву аб недапушчальнасці санкцыйнага націску з боку краін Захаду і ЗША на працоўную моладзь Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы, прадстаўнікі студатрадаўскага руху Беларусі, выказваем сваю салідарнасць з працоўнымі маладой незалежнай дзяржавы аб недапушчальнасці санкцыйнага націску на Рэспубліку Беларусь з боку краін Захаду і ЗША. Штучна надуманая прычына аб увядзенні абмежаванняў у адносінах да нашай краіны датычыцца і ўшчамляе правы ў першую чаргу простых беларусаў, якія сумленна працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах рознага профілю, збіраюць ураджай, выхоўваюць дзяцей і клапоцяцца аб старэйшым пакаленні", - гаворыцца ў дакуменце.

Моладзь таксама адзначае, што санкцыі супраць Беларусі разлічаны на атрыманне дадатковага палітычнага ўплыву і асабістай эканамічнай выгады краін Захаду і ЗША. "З'яўляюцца адкрытай спробай дыктаваць свае ўмовы развіцця рэспублікі: як беларусам жыць і што рабіць, - падкрэсліваецца ў заяве. - Мы выступаем супраць умяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы нашай краіны і настойліва заклікаем Еўрапейскі саюз і Злучаныя Штаты Амерыкі вярнуцца да канструктыўнага дыялогу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў інтарэсах забеспячэння міру і стабільнасці".

Рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў "Маладосць. Праца. Адзінства", прысвечаны Дню народнага адзінства, праходзіць у Мінску 15 і 16 верасня. Ён аб'яднаў больш за 700 удзельнікаў працоўнага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта байцы працоўных праектаў "Горад маладосці", "Атлант 2021", "Талачын 2021", "Арляня", "Кузбас 300", абласных маладзёжных будоўляў, лепшыя юнакі і дзяўчаты, якія праявілі сябе ў час работы атрадаў у раёнах.

У першы дзень удзельнікі форуму азнаёміліся са спецыфікай работы Парка высокіх тэхналогій, а таксама прадпрыемстваў Мінска і вобласці, такіх як "Атлант", БЕЛАЗ, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, "БЕЛДЖЫ" і іншых. Традыцыйна ў праграму форуму ўвайшоў патрыятычны блок. Моладзь усклала кветкі да Памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Беларусі, стэлы "Мінск - горад-герой", высадзіла ў парку Перамогі на месцы закладкі яблыневага саду ў гонар 100-годдзя камсамола 17 маладых яблынь, якія ўвасабляюць мір, яднанне і дружбу, упрыгожыла кожнае дрэва чырвона-зялёнай стужачкай. Акрамя таго, моладзь наведала Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і прыняла ўдзел у адкрытым дыялогу "Маладосць. Праца. Адзінства", дзе ўзнімаліся тэмы захавання пераемнасці, павагі да дзяржаўных сімвалаў, развіцця студатрадаўскага руху.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў форуму "Маладосць. Праца. Адзінства" стаў аднайменны рэспубліканскі марафон студэнцкіх атрадаў. Ён стартаваў у Палацы Рэспублікі ў час гала-канцэрта майстроў мастацтваў і творчых калектываў студэнцкіх атрадаў. Гэта сапраўднае свята студэнцкіх атрадаў з падвядзеннем вынікаў трэцяга працоўнага семестра і ўшаноўваннем лепшых удзельнікаў руху, які аб'яднаў 3 тыс. юнакоў і дзяўчат.

"Упершыню ў гісторыі мы праводзім такі маштабны форум напярэдадні аднаго з важнейшых дзяржаўных свят - Дня народнага адзінства. Сардэчна ўсіх вітаю ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі, - адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў. - Вы наведалі буйнейшыя прадпрыемствы краіны, на якіх працавалі ў студатрадах, пазнаёміліся з дэталямі працэсу вытворчасці. У некага з'явілася жаданне паспрабаваць сябе ў новых галінах і новых рабочых спецыяльнасцях. Сустрэліся з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, расказалі аб сваіх спадзяваннях і выніках работы, падзяліліся планамі. І знайшлі падтрымку. Мы прыкладзём усе намаганні, Цэнтральны камітэт у прыватнасці, для таго, каб вашы надзеі і энергія былі рэалізаваны і накіраваны ў тое рэчышча, якое прынясе вам самарэалізацыю. Мы з вамі ўшанавалі памяць нашых продкаў, усклалі кветкі да стэлы "Мінск - горад-герой", заклалі сімвалічную алею адзінства. Правялі адну з вялікіх дыялогавых пляцовак, дзе разам з вамі выпрацавалі пэўныя шляхі і рашэнні, абмеркавалі тыя праблемы, якія нас хвалююць. І мне вельмі прыемна, што менавіта вы, байцы нашых студатрадаў, выйшлі з ініцыятывай і прынялі заяву аб недапушчальнасці санкцыйнага націску на нашу краіну. Гэта вельмі важна. Паколькі гэты націск накіраваны на буйныя прадпрыемствы, на якіх у тым ліку працуе і моладзь".

Першы сакратар ЦК БРСМ дадаў, што праведзены тэматычны круглы стол, прысвечаны Дню народнага адзінства ў Нацыянальным гістарычным музеі. Яго ўдзельнікамі сталі члены Савета Рэспублікі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, прадстаўнікі ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, кіраўнікі цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі, моладзь і іншыя. "І скажу вам, што заканадаўчая і выканаўчая ўлада назіраюць за вашай актыўнасцю. У нас вераць і мы не падвядзём. Адзінства моладзі - сіла Беларусі", - падкрэсліў ён.

Завяршыў першы дзень форуму ўдзел байцоў студэнцкіх атрадаў у інсталяцыі "Адзінства моладзі - сіла Беларусі" і выкананне моладдзю дзяржаўнага гімна на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

У другі дзень форуму адбудзецца адкрыты чэмпіянат "Ведаю Беларусь" сярод удзельнікаў студэнцкіх атрадаў па скораснай зборцы спілс-карт краіны.

Арганізатарам форуму выступае БРСМ. Студатрадаўскі рух - адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У гэтым годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў рэалізаваў пяць рэспубліканскіх і міжнародных працоўных праектаў. У складзе студэнцкіх атрадаў працаўладкаваны больш за 28 тыс. юнакоў і дзяўчат. Працоўны семестр прадаўжае актыўная фаза работы студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі