Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 сакавіка 2018, 14:33

У выхадныя ў Беларусі пацяплее - па паўднёвым усходзе будзе да плюс 16

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выхадныя ў Беларусі пацяплее, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У сярэдзіне тыдня дзякуючы антыцыклону надвор'е парадавала нас сонцам, але тэмпературны фон быў ніжэйшы за кліматычную норму, па начах істотна падмарожвала. Але надвор'е мяняецца, і ўжо сёння днём, пачынаючы з паўднёва-заходніх раёнаў, тэрыторыя Беларусі апынулася пад уплывам франтальных раздзелаў. Франты прынясуць ападкі і цёплае паветра з паўднёвага захаду Еўропы, таму тэмпературны фон пачне павышацца", - праінфармавалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 30 сакавіка, атмасферныя франты абумовяць на большай частцы тэрыторыі рэспублікі ападкі (мокры снег, дождж). Ноччу і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 1 градуса цяпла па паўднёвым захадзе да 9 марозу па паўночным усходзе краіны. Тэмпература днём будзе ад нуля да плюс 6, па паўднёвым захадзе павысіцца да 7-11 градусаў цяпла.

У суботу, 31 сакавіка, ноччу ў асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Днём пад уплывам атмасфернага фронту, які перамяшчаецца з Карпат, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы. Ноччу і раніцай месцамі чакаецца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2, удзень будзе 3-9 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе краіны паветра прагрэецца да 10-13 градусаў.

У нядзелю, 1 красавіка, тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам атмасферных франтоў ад цыклону з цэнтрам над усходам Польшчы. Чакаецца цёплае сырое надвор'е. На большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень у асобных раёнах чакаюцца моцныя дажджы. Днём па паўднёвым усходзе краіны прагназуецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 3-9 градусаў, толькі па паўночным усходзе краіны будзе ад мінус 2 да плюс 2. Тэмпература днём будзе знаходзіцца ў межах ад 6 градусаў цяпла па поўначы да 16 градусаў па паўднёвым усходзе краіны.

У панядзелак, 2 красавіка, надвор'е будзе фарміраваць цыклон, які перамесціцца з тэрыторыі Польшчы на Беларусь. І днём у тыл цыклону пачне паступаць больш халоднае паветра са Скандынавіі. Чакаецца няўстойлівае з ападкамі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу надвор'е, ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаюцца моцныя ападкі. У многіх раёнах ападкі будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 2-8 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі