Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 сакавіка 2025, 10:24

"У СССР добры веласіпед каштаваў, як дзве машыны". Беларус збірае ўнікальную калекцыю "ровараў"

Аляксей Клім
Аляксей Клім
Калекцыяніраванне можна назваць адным з самых распаўсюджаных хобі ў свеце. Адны збіраюць маркі, другія - манеты, а ў трэціх велізарная колькасць унікальных лялек або фігурак катоў. Часта людзі стараюцца выбраць такія прадметы, якія лёгка захоўваць. Але толькі не Аляксей Клім. Ён стварыў самую вялікую ў нашай краіне калекцыю рэтравеласіпедаў, у якой больш за 70 экспанатаў з розных краін і эпох на хаду і амаль столькі ж у стадыі рэстаўрацыі. Самы стары датуецца 1934 годам, а навамодны - 2024-м. Наш герой расказаў, у чым ідэя яго вінтажнага праекта і колькі тысяч кіламетраў мае намер пераадолець у гэтым годзе на двухмесным тандэме.

"Веласіпед з часоў вынаходства амаль не змяніўся"


Гісторыя ваджэння ў многіх пачынаецца прыкладна аднолькава - з веласіпеда. Нас вучаць круціць педалі на маленькім трохколавіку, затым мы імчымся па вёсцы з нагой пад рамай на старэнькім дзедаўскім веліку. У школьным узросце за добрыя адзнакі атрымліваем на дзень нараджэння тую самую доўгачаканую "раскладушку"... Прыкладна так у Аляксея Кліма і пачалося захапленне гэтым відам транспарту.
- Веласіпед - адзін са сродкаў перамяшчэння, які з часоў вынаходства амаль не змяніўся. Напрыклад, калі ўзяць самалёты, то яны з планёраў ператварыліся ў скорасныя паветраныя судны. Павозка, атрымаўшы матор, стала аўтамабілем, а веласіпед застаўся амаль такім жа, як і быў, - з усмешкай гаворыць Аляксей.

Дарэчы, больш, чым ён, у нашай краіне пра двухколавыя не ведае ніхто. Прынамсі, пра тыя экзэмпляры, якія ёсць у яго маштабнай калекцыі. Прычым малады чалавек іх не проста збірае, а самастойна аднаўляе, адшукваючы арыгінальныя дэталі па ўсім свеце.

Незвычайнае захапленне ў жыцці Аляксея Кліма з'явілася больш як 5 гадоў таму. Пачалося ўсё з куплі залацістага тандэма - двухмеснага веласіпеда, дзе абодва седакі круцяць педалі. Тэхніка, якая прыкметна вылучаецца на фоне астатніх рарытэтаў, на хаду і цяпер.
- Знайшоў аб'яву аб яго продажы ў інтэрнэце. Самаробны, у старадаўнім стылі, ён належаў фатографу, які арганізоўваў на ім фотасесіі. Мадэль здалася вельмі цікавай, захацеў такі сабе, - успамінае субяседнік. - Веласіпед быў няспраўны. Давялося рамантаваць літаральна на хаду. Да дому было кіламетраў 25, але я паспяхова на ім дабраўся. Гэты набытак і паклаў пачатак майму хобі.

Прычым з часам калекцыяніраваннем рэтравеласіпедаў заразіліся, у добрым сэнсе гэтага слова, і астатнія дамачадцы Аляксея: бацькі і сястра. Яны самыя першыя і галоўныя памочнікі ў пошуку незвычайных экзэмпляраў і іх рамонце, а таксама ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў розных выстаўках.

- Прадстаўляем сваю калекцыю, якая называецца "Ровары нашых продкаў", у тым ліку на фестывалях "Залатая міля", "Александрыя збірае сяброў" і на многіх іншых папулярных пляцоўках. Цікавасць у наведвальнікаў вялікая. Разам з гісторыяй таго ці іншага экспаната людзі цікавяцца і тым, як папаўняецца калекцыя, - адзначае Аляксей і ўдакладняе, што купляюць тэхніку за свой кошт. - Пра калекцыю сям'і Клімаў у краіне ведаюць многія. Здараецца, што дораць веласіпед у памяць аб сваіх родных і блізкіх. Так, адна жанчына перадала нам "двухколавік" свайго мужа, якога да таго часу не стала. Мы раздрукавалі фота мужчыны і размясцілі на нашым банеры, каб памяць жыла вечна.
"Дзеля шасці экзэмпляраў давялося купіць больш за 60 мадэлей"

Часта Аляксей і яго родныя ездзяць па вёсках, размаўляюць з мясцовымі жыхарамі, расклейваюць аб'явы аб пошуку ўнікальных экспанатаў і запчастак. У адну з такіх паездак ён пазнаёміўся з былым ваенным. Той расказаў, што ў гаражы захоўвае пару цікавых мадэлей, і запрасіў у госці.

- Прыязджаю, а там 14 веласіпедаў, з якіх мне патрэбны ўсяго адзін. Але гаспадар тэхнікі стаяў на сваім: бяры ўсе або нічога. Давялося скупіць увесь камплект. Затым едзем у другі гараж, дзе, паводле яго слоў, ёсць яшчэ пара-тройка велікаў... А іх там было больш за 50, - усміхаецца ён. - Умова ўсё тая ж: забірай оптам. Вядома ж, я ўсё павёз, хоць у другой партыі нагледзеў для сябе толькі пяць мадэлей.
Сам Аляксей свае рэтравеласіпеды прадаваць не спяшаецца. Хоць і не раз наведвальнікі выставак звярталіся да яго з такімі прапановамі.

- Сумы прапануюць розныя, але мы заўсёды адмаўляем, таму што разумеем, што другі такі наўрад ці атрымаецца знайсці, - гаворыць ён. - Некаторыя былі выпушчаны ў адным экзэмпляры, іншыя - з абмежаванай партыі, у якой было ўсяго 10 штук. Для нашай сям'і рэдкі веласіпед падобна біткоіну, уяўляе вялікую каштоўнасць. Сустрэць іх у рэальным жыцці, напэўна, можна толькі раз.

Пры гэтым наш герой звяртае ўвагу на значны рост колькасці велааматараў у краіне. Людзі ўсё часцей карыстаюцца двухколавым транспартам, прычым не дзеля паўгадзіннай прагулкі, а як сродкам перамяшчэння на работу ці вучобу. Жывучы прыкладна за 40-50 км ад Мінска, Аляксей і сам не раз дабіраўся да сталіцы, круцячы педалі.

"Калі бачу веласіпед нават здалёку, разумею, патрэбны ён мне ці не"

У калекцыі сям'і Клімаў больш за ўсё мадэлей Мінскага велазавода. Аляксей і сам працуе на гэтым прадпрыемстве спецыялістам па новай тэхніцы: удзельнічае ў выпрабаванні распрацаваных мадэлей. У будучым марыць адкрыць на тэрыторыі завода музей, прысвечаны рэтравеласіпедам.
- Абмежаванняў у эпосе або краіне ў нас няма. У калекцыі можа аказацца любы экспанат, які мае рэтравыгляд і сваю гісторыю. Шмат ведаю пра мадэлі розных заводаў-вытворцаў: як яны павінны выглядаць, у чым іх асаблівасць, якія характарыстыкі. Таму, калі бачу веласіпед, нават здалёку разумею, патрэбны ён мне ці не. Зачапіць можа ўсё што хочаце: нязвычная форма руля, незвычайная расфарбоўка, год выпуску... - тлумачыць Аляксей Клім і ўдакладняе, што рэстаўрацыю звычайна праходзіць кожная мадэль: - Часам трапляецца проста кусок іржавага металу, але я ж ведаю, што гэта ўнікальная рэч. І калі чыстка і рамонт займаюць недзе два-тры дні, то камплектаванне ўсімі дэталямі можа расцягнуцца на гады, таму што спачатку іх трэба недзе знайсці.

Экспазіцыя займае амаль усе пабудовы на ўчастку. На заднім двары - горка з рам, колаў, педалей і іншых складнікаў "жалезнага каня". Усяму гэтаму багаццю Аляксей умела знаходзіць прымяненне. Ёсць у наяўнасці веласіпеды, якія не ўваходзяць у калекцыю. Гэта  звычайныя мадэлі, якія пасля рамонту прадаюць, каб у далейшым на атрыманыя грошы прадоўжыць паляванне за рэдкімі відамі. Напрыклад, такімі, як адзіны лігерад - ляжачы веласіпед на рычажным кіраванні са штурхальным механізмам. Гэта эксперыментальная гоначная мадэль, якую ў пачатку 60-х выпускалі на Мінскім велазаводзе.
- Сапраўдны рарытэт, прычым купіў я яго больш за два гады таму ў горшым стане, чым цяпер. Прайшоў не адзін этап рэканструкцыі, да ідэалу пакуль далёка, буду прадаўжаць над ім працаваць, - тлумачыць Аляксей. - На сённяшні дзень я ацаніў бы яго кошт не менш як $2 тыс.

"Кажуць, харкаўскі велік каштаваў, як два "жыгулі"

Яшчэ адзін цікавы экзэмпляр - дакладная копія італьянскага веласіпеда канца 50-х. Канструкцыя незвычайная: рычагі кіравання рулём знаходзяцца ззаду па баках ад ездака, а педалі наперадзе. Знаходзім і нямецкі велатрэнажор, які выпускалі ў 70-я гады. Ён даволі просты і лёгкі, а пры неабходнасці хутка збіраецца, не займаючы шмат месца. Заслугоўвае ўвагі польскі веласіпед "Метро", які быў выпушчаны яшчэ ў 1934 годзе.

- Гэта мадэль значна даўжэйшая за любы савецкі экзэмпляр. На ім шырачэзныя шчоткі, руль выгнутай формы. Купіў гэты рарытэт у старэйшага калегі, які 40 гадоў прапрацаваў на велазаводзе, - знаёміць Аляксей з адным з каштоўных прадметаў сваёй калекцыі. - Цяпер на рэстаўрацыі. Праўда, мне прапаноўвалі ўжо за яго Br2 тыс., хоць ён яшчэ не ў належным стане.
Яшчэ адна гордасць калекцыі сям'і Клімаў - веласіпед Мінскага мотавелазавода першай мадэлі В-16 1949 года выпуску. Сярод цяпер існуючых сталічных узораў ён - найстарэйшы. Паводле слоў Аляксея, мадэль больш ранняй вытворчасці ў нашай краіне не сустракаў.

Вядома, ёсць у калекцыянера мара. Прычым не адна. Так, хацелася б папоўніць фонд двухколавай вынаходкай Гродзенскай фабрыкі - даваенным "Нёманам". Яшчэ дастаць замежны ўзор - рэдкі гоначны веласіпед "ЦКТБ Тахіён", які выпускаў завод у Харкаве.

- Ходзяць легенды, што харкаўскі велік у савецкі час каштаваў, як два "жыгулі", - смяецца Аляксей Клім і дзеліцца планамі на бліжэйшую будучыню: - На горным тандэме хачу праехаць вакол Беларусі. Усяго за месяц наматаць 2200 км, пабываўшы ў 36 гарадах краіны. Думаю, у гэтым годзе ўдасца задуму рэалізаваць.
Марына ВАЛАХ,
фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ,
газета "7 дней".-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі