Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 кастрычніка 2024, 20:19

"У спадчыну перадавалася чарга на мэблевую сценку". Акуловіч расказала студэнтам БДУ рэальныя факты з 1990-х

Ірына Акуловіч
Ірына Акуловіч
28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пра рэальныя факты з жыцця беларусаў пачатку 1990-х гадоў, якія адлюстраваны на старонках газет таго часу, расказала на сустрэчы са студэнтамі БДУ генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перад адкрытай размовай студэнтам прэзентавалі выставу БЕЛТА "Паралельныя сусветы", выдадзеную па яе матывах кнігу на рускай мове "Суперпозиция. Параллельные миры" і відэаролік "Як гэта было. Спецвыпуск". Сутнасць праекта ў тым, каб на канкрэтных фактах прадэманстраваць два сусветы: свет дзяржавы - стварэння і развіцця і свет апазіцыі - разбурэння і дэградацыі.

Ірына Акуловіч адзначыла, што пры падрыхтоўцы кнігі аўтар тэкстаў, кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕсооМ Сяргей Мусіенка некалькі месяцаў правёў у Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі, працуючы з падшыўкамі газет таго часу.

Гендырэктар БЕЛТА прывяла прыклад канкрэтных публікацый і фактаў. "Цяпер складана ўявіць, што можна не мець магчымасці купіць сабе нейкую мэблю. У адным з газетных артыкулаў пачатку 1990-х гаварылася аб тым, што чалавек перадаў унуку ў спадчыну чаргу на куплю мэблевай сценкі, якую трэба было чакаць яшчэ 46 гадоў. Прадстаўнік мэблевага прадпрыемства расказвала, што чарга на папулярны спальны гарнітур дасягала 100 гадоў", - расказала Ірына Акуловіч, дадаўшы, што сёння гэта здаецца дзіўным і смешным, але такая была рэчаіснасць. Размова ішла аб мэблі - нават не аб аўтамабілі.

Паводле слоў Ірыны Акуловіч, выстава "Паралельныя сусветы" наглядна паказвае, які складаны шлях пройдзены дзяржавай і наколькі шмат зроблена за 30 гадоў. "Адна справа - расказваць, іншая - паказаць рэальныя факты праз газетныя публікацыі і фатаграфіі", - сказала яна.

Гендырэктар БЕЛТА адзначыла, што выстава, кніга і відэаролік на рэальных матэрыялах дэманструюць два паралельныя сусветы. "Тое, што пісала 30 гадоў таму прэса, часта было вельмі непрыемна чытаць. Абразы, нявер'е… Дзіўна, але як існавала "паралельнае бюро прагнозаў", так яно і засталося, - сказала яна. - Пачытаўшы нашу кнігу, можна пераканацца, што яшчэ ў 1996 годзе на старонках газет нашай эканоміцы прадказвалі крах праз два месяцы. Прагнозы былі жудаснымі".

На фоне гэтага дзяржавай рабіліся канкрэтныя дзеянні па паляпшэнні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, падкрэсліла Ірына Акуловіч. "Калі мы гаворым пра "паралельныя сусветы", мы маем на ўвазе дзеянні дзяржавы і бяздзейнасць апазіцыі або яе дзеянні, накіраваныя на разбурэнне", - удакладніла яна.

У якасці прыкладу гендырэктар БЕЛТА прывяла "Чарнобыльскі шлях". У процівагу мітынгам дзяржава штодзень вырашала канкрэтныя праблемы людзей, звязаныя з чарнобыльскай катастрофай, аднаўляла пацярпелыя землі. Прычым Беларусь спраўлялася з праблемай самастойна.

Ірына Акуловіч заклікала студэнтаў больш думаць, лепш вучыцца і імкнуцца дзейнічаць стваральна.

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая дадала, што такая сустрэча прайшла ўжо ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Студэнтам і выкладчыкам прэзентавалі праект БЕЛТА з удзелам аўтара кнігі Сяргея Мусіенкі. Мерапрыемства паказала сваю важнасць і значнасць. Студэнцкая моладзь праявіла шчырую цікавасць да выставы "Паралельныя сусветы". Таму і ўзнікла ідэя паказаць выставу, а таксама прэзентаваць кнігу і відэаролік у іншых вышэйшых навучальных установах краіны.-0-
Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі