Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2020, 11:37

У РНПЦ трансфузіялогіі плануюць даследаваць рэгулярных донараў на антыцелы для лячэння COVID-19

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій плануюць даследаваць 2 тыс. рэгулярных донараў плазмы і крыві на наяўнасць антыцел, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хворых на COVID-19. Аб гэтым паведаміў 17 мая ў эфіры тэлеканала СТБ дырэктар цэнтра Фёдар Карпенка.

Паводле слоў Фёдара Карпенкі, амаль 70 працэнтаў насельніцтва як у Беларусі, так і ў свеце пераносяць COVID-19 у бессімптомнай форме. "І мы чакаем, што, магчыма, антыцелы ёсць у тых людзей, якія аб гэтым нават не падазраюць. Таму так званыя даследаванні папуляцыйнага імунітэту, калі ў пэўнай групы асоб даследуецца наяўнасць антыцел, даволі эфектыўныя з пункту гледжання прагназавання далейшага праходжання інфекцыі COVID-19. А для нас, для службы крыві, вельмі важна яшчэ і знайсці патэнцыяльных донараў", - растлумачыў кіраўнік РНПЦ. Ён расказаў, што Міністэрства аховы здароўя ўзгадняе даследаванне больш як 2 тыс. рэгулярных донараў плазмы і крыві з базы цэнтра, якія ўжо гатовы да данацый пасля абследаванняў. Эксперымент могуць пачаць у бліжэйшы час.

"Даследаваць у іх (зразумела, з іх згоды) будуць магчымую выпрацоўку і наяўнасць антыцел імунаглабулінаў G, якія могуць у далейшым выкарыстоўвацца для нарыхтоўкі імуннай плазмы. Заадно мы можам вырашыць дзве задачы: паглядзець, магчыма, нехта перахварэў у бессімптомных формах, і для нас гэта магчымасць знайсці новых донараў і павялічыць аб'ёмы нарыхтоўкі плазмы", - адзначыў дырэктар цэнтра.

Усяго ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій налічваецца амаль 2 тыс. донараў плазмы і трамбацытаў і амаль 15 тыс. донараў крыві.

Першую данацыю плазмы правялі ў Беларусі 11 красавіка. На сёння больш за 120 чалавек сталі донарамі плазмы, пры гэтым было зарэгістравана больш за 200 жадаючых запісацца на пераліванне. Аднак не ўсе падышлі з-за проціпаказанняў або адсутнасці антыцел у арганізме. Каб здаць плазму, донар павінен прайсці дастаткова паглыблены медыцынскі агляд. Сама працэдура пералівання працягваецца ад 30 да 50 мінут. 99 працэнтаў донараў пераносяць забор плазмы без якіх-небудзь пабочных эфектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі